Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Зайздрошчу Тваім падарожжам, сустрэчам. У нядзелю і да нас набілася поўна людзей – сваякі с.п. Яначкі пераважна. Ці не бачыла Ты ў Менску бел. навагодніх паштовак? У нас тут няма абсалютна. І што сабе думаюць нашыя мастакі? Як маецца Валерка? Хто іх карміў без Цябе? У які бок расце Твой філосаф? Можа, напішы Ты нашым, што за маўчанне? Галоўнае, ці яны ўсе здаровыя? Сваякі хочуць, каб была ў іх на свята, а я зачынюся ў хаце і буду думаць, што я не адна… С.п. Яначка будзе з гэтага рады.
Учора калолі паршука ў Ліды, дык сабраўся за сталом цэлы род. Дружныя – маладцы. Ліда мяне абманула, што ёй трэба на працу, але работы мне не далі ніякое. Хапала памочнікаў.
Сяння Іра і Эмілія Паўлаўна будуць пытацца ў тае Дабрыян, скуль узяла гэту вестку на маю бяду? Дзякуй Богу, што хоць усё добра! Цалую Вас усіх сардэчна. Вітаю са святамі!
Твая Ларыса Геніюш.
Зэльва, 20 снежня 1979 г.
Дануся!
Вельмі чакаю ад Цябе ліста. Спадзяюся, што ў Цябе ўсё ў парадку. Думаю, што мой ліст на трох картках з 18 снежня да Цябе дайшоў. Я незразумела моцна хварэю. Баліць моцна галава. Як нейкае “аблучэнне” (так сказаў мне адзін чалавек), але гэтага не можа быць, бо і скуль? Акрамя хаты нідзе не бываю. Хачу схадзіць у амбулаторыю. Почырк раўнейшы.
Той хлопец казаў праўду. Знаёмыя выяснялі гэта ў настаўніцы. Тая (выкладае бел. мову) казала, што была на семінары ў Гродне, і там ім гэта казалі. Выступаў там і Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. Яны пастанавілі запытаць у яго, але ён болей не прыйшоў да іх. Адным словам, усе тыя настаўніцы, як і гэтая, вучаць дзяцей, што Цябе ўжо няма. Урок быў такі: колькі ёсць пісьменнікаў паходжаннем з Гродзеншчыны? Дзеці назвалі Цябе. І вось тады яна ім сказала тое, што страшна мне паўтарыць… Якая тупасць, абмежаванасць, абыякавасць гэтых настаўнікаў да народу, да культуры, да жыцця пісьменнікаў, калі яны нават не заплакалі, не папыталіся, дзе і калі, а пачалі выкладаць дзецям, што цябе ўжо няма… Жудасна…
Успамінаецца леташні час, калі прыходзілі ў хату, сустракалі мяне на вуліцы і складалі “спагаданні” пры жывым мужу! “Дабівалі” памаленьку… Спачатку быў той суд з сабакаю. Вось паўтарылі гэты “трюк” зноў. Так пачалі мне складаць спачуванні людзі з рэдакцыі, з міліцыі, з гарсавета. Цяпер, у Тваім выпадку, занялася гэтым школа. Як крыўдна, але кожны некалі адчуе на сабе тое, што чыніць іншым… Гэта ёсць кімсці добра прадуманы садызм. Бачыш, што ён паўтараецца! Умерці не страшна, гэта нікога не абміне, а вось расплачвацца некалі за падобнае давядзецца злыдням. Час не крочыць назад, а ідзе насустрач ідэям гуманнасці і чалавечнасці. Іначай сяння быць не можа, бо садызм – гэта Пол Пот і Кампучыя. Маральны садызм – гэта тое ж!
Што да маёй бабусі Марфы, дык яны былі лесуны, г. зн. аховай дзяржаўнага лесу. Па скасаванні паншчыны ім дала дзяржава па 40 дзесяцін зямлі. Бралі ўдзел ў паўстанні. З нашых сваякоў там Чамяры і Шараметы. А скуль бабуся родам – не ведаю. Яна не з Крынак. З Крынак (Польшча) мой дзед Павел. Адрабляў яшчэ некалькі дзён прыгону. Быў вельмі разумны і чэсны, але зусім без асветы. Распісацца ўмеў, але каравенька.
Жаль, што “выпатрашылі” Твой апошні ліст. Ліст мастака я лепш перадам Табе ў рукі, хоць крыху баюся Твайго прыезду да нас. Ты жыві, Ты яшчэ маладая, а я? Мне ўсё роўна! Страху ніякага! Баліць толькі нізасць людзей, але чаго і чакаць ад тых, што не здольныя на чалавечнасць? А заданне сянняшняга пакалення – гэта “быць людзьмі, не толькі імі звацца”!
Кунега, кунежыць – гэта як “нега” па-расейску! Брыла – гэта кусок нечага, напрыклад, брыла лёду, брыла мёду. Такі няспраўны, нягладкі, натуральны, але большы кусок.
Буду, пэўна, зноў звяртацца да Машэрава, бо калі пачнуць сапраўды нас хаваць, дык будзе запозна. Муж гэтай настаўніцы Дабрыян працуе ў міліцыі. Зваць яго, здаецца, Сянкевіч. Толькі ён робіць уражанне саліднага і талковага працаўніка міліцыі. Ён падобнага, здаецца, не падтрымоўваў бы, хоць хто іх ведае…
Яшчэ адна прыкрасць – дэфінітыўна выключылі з медінстытута сына др. Караля. Кароль – наш сябра, і таму шкада мне гэтых хворых бацькоў…
Ад дзяцей лістоў няма. Юрка часам моцна злуецца і лаецца. Во тады ліст ідзе вельмі хутка! Пару дзён! А можа, што і сталася, можа, напаілі, адурылі хлопца, як ужо разбурвалі яго дзіцячую чыстую натуру ўжо з дзяцінства. Штучна.