Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
“Роднае слова” па тэлебачанні стараюся глядзець заўсёды. Даюць часамі вельмі добрыя рэчы. Безумоўна, мне не ўсё падабаецца. Часамі, паказваючы даярку і падкрэсліваючы яе заслугі, дазваляюць ёй выказацца наконт роднай мовы. Не заўсёды дасканала гэта атрымоўваецца. Калі часамі паказваюць “Вячоркі”, то там болей дыфірамбаў розным асобам, чым увагі народнай песні ці танцу. Часамі, ды і пераважна, даюць рэчы зусім не беларускія (кракавякі, “какеткі” і т.п.). Патрэбная і прапаганда, і падзяка працоўным, але не за кошт народных, культурных мерапрыемстваў, якіх да болі мала. Такія пахвалы розным адзінкам нарушаюць гармонію мастацкага дзеяння, як дысананс, псуюць настрой, выкліканы старымі песнямі.
“Песняроў” і “Харошкаў” мы не бачылі нават на Новы год. Наагул, гэтыя мастацкія ансамблі ў нас – як найлепшы дэфіцыт. Вось і паштовак беларускіх няма зусім. Шлю Вам нейкую ранейшую. Варушыць сапраўдную, спрадвечную, святую беларускасць нельга. Мне баліць гэта вельмі, бо гінуць вялікія вартасці народнай культуры, дух не той… Працавітыя, памяркоўныя, спагадлівыя, добрыя (людзі) цяпер пераважна абыякавыя да ўсяго, акрамя золата, крышталю, “ковров”. Пройдзе гэты перыяд у народу, але будзе ўжо позна адшукваць яго загубленую душу…
Калі б ведалі, колькі мне даводзіцца (перажыць) – і толькі за тое, што я ёсць я… Як бачыце, дык наплакалася я Вам у лісце. 16 лютага былі мае вершы ў “Гродненской правде”. Усім спадабаліся. Учора быў ліст ад сябра Зыгмунта Абрамовіча. Бядуе, што даўно яму не піша Люда віленская. Непакоіцца за Вас, бядуе, што Вам самотна й цяжка па смерці с.п. Сына… Збіраецца яшчэ на Беларусь і па дарозе – у Зэльву. Даў бы Бог толькі яму здароўя.
Я нейк крыху ачуняла з усіх хваробаў. Цяпер сапраўды стараюся глядзець сябе, хоць па-ранейшаму есці сябе прымушаю. Надта ўдзячна сваім сябрам з Баранавіч, што прыехалі на гадаўшчыну смерці с.п. Яначкі. Гэта было вельмі ўзварушліва. Людзей было многа. Сын пісаў, што і яны паміналі с.п. Бацьку… 8 сакавіка спраўлялі мы заўсёды дзень яго народзінаў. Адзін сябра віншуе мяне з днём яго народзінаў, піша: “Он для нас живой. Не умер в душе и в сердце и в памяти”. Кажу сваякам: “Прыходзце на гэты дзень, я Вам і чарку пастаўлю.” Памяць аб ім заўсёды дарагая.
Надта мне смех, калі бяруцца сватаць мяне. Стараюся заўсёды далікатна ануляваць падобныя прапановы. Людзі робяць гэта ад шчырага сэрца, беручы пад увагу маю адзіноту. Найболей мне падабаецца, калі прыязджае Дануся, ды шкадую, што я далёка ад Вас. А “ключыца” і па-беларуску будзе “ключыца”. І ў слоўніку так, і так у народзе гавораць. Як тая ключыца ў Веры Андрэеўны?
Цалую Вас усіх і яе і жадаю Вам усяго найлепшага.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 18 сакавіка 1980 г.
Шчыра паважаны і дарагі мне заўсёды Аляксей Міхайлавіч!
Мне крыху ўжо замерзла душа ад гэтых, ужо вясняных марозаў. Ды яшчэ я пабіла моцна калена (расцяжэнне звязак). Не, не на склізкай вуліцы, а спяшаючыся ў хаце. Нейкая іронія, у выніку якой сяджу з забінтаваным каленам і ледзь не плачу са злосці. Спагадаю вельмі, што няма ў Вас зацішша ўласнага кабінету, так Вам патрэбнага для працы і роздуму.
Але, гледзячы з іншага боку, дык я з радасцю памяняла б свае “кабінеты”, дзе бывае так адзінока, горка і сумна, хоць на парачку ўнукаў ці праўнукаў, якія б выкрутасамі і шчэбетам сваім вярнулі б мяне да жыцця…
Не ведаю, як Вам дзякаваць за такую высокую ацэнку і, галоўнае, за разуменне мяне ў маіх вершах. Я з дзяцінства прасякнутая нашай беларускай народнай культурай. Гэта і нашая сям’я, і сяляне, і нейкая святасць у адносінах да працы ў полі ды ў міжлюдскіх адносінах. Пазнаўчы іншыя культуры, я болей ацаніла якраз сваю. Адарваная ад яе, я сумавала. Але я была прадуктам гэтай культуры, і чэхі, напрыклад, паважалі, любілі мяне як сваю, і даючы сваё грамадзянсва нам, ужо пасля вайны, сказалі: “Гэта гонар для нас –даць Вам грамадзянства”.
Ёсць цяпер розныя ўплывы на гэтую культуру, але я адшукваю, люблю тую – шліфаваную нялёгкім жыццём, вякамі, чыстую, вельмі чалавечую. Я была зусім малым дзецям, калі адвозілі нас у бежанства. На вакзале было многа людзей, і мне асабліва запамятавалася маладая, добрая цётка. З оспалаху, калі іх выганялі, яна амаль нічога не ўзяла з хаты, але выгарнула грушы, якія ў печ кінула сушыць. Нічога больш не маючы, яна ўсіх гэтымі грушамі частавала з такой ласкай, крыху з жалем. Я не зразумела гэтага, я, мусіць, адчула, як гэта велічна. Шмат такога я прыкмеціла ў малым сяле. Было там і паганае, але часамі было такое далікатна-добрае, бескарыснае ці бясконца смелае і альтруістычнае.