Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Гавядзіну Тваю замарынавала. Пабіла на біточкі, пакрапіла ледзь-ледзь воцатам, пасаліла, паперчыла – і ў халадзільнік. Абсмажу ў муцэ, дам многа цыбулі (калянкамі) і ўтушу. Выходзіць смачна. Часнык і цыбуля – гэта санітары для нашага арганізма. Надта люблю лісты ад Цябе, толькі хустачкаў не ўспамінай! Яны яшчэ будуць, напэўна. Зайздрошчу Твайму падарожжу ў Менск, дзе будуць цікавыя сустрэчы з сябрамі. Купіла Рагойшу. Найбольш усё праз М. Танка. Падзякуй Ю. Хадыцы за харошую перадачу. Гэта, думаю, яго твар.
Я часамі люблю ў паэзіі гуляць словамі, так крыху, каб былі яны – як бліскавіцы. Я вельмі люблю музыку словаў, хоць часамі кульгае вобраз ці думка. Наагул, я ўжо старая, і мяняцца мне цяжка, і не хачу. А можа, мы назавем кніжку “З душы маёй жаночай”? А можа – “Нам сняцца высокія травы”? Не, гэта не. “А я, здаецца, чула голас матчын…” Не, таксама не! “З вятрамі наперагонкі”? – Не, не салідна! “З зямлі сваёй вытокаў”? “У непагадзь”?.. Цяпер Ты выдумвай! Рабі так, як Ты ўважаеш за лепшае. “Беларус мая ў хустачцы белай” – не, архаічна.
Вонку падае дождж. Крыху ломіць мне косці. Баюся зноў сумнай ночы і Богу дзякую, што Вы ўсе разам, нават “філосаф”. Пішы мне яшчэ, пакуль паедзеш у Менск. І. не кажы пра кніжку, бо пашкодзіць. Няхай усё ў Вас будзе добра! Трымайся, Данусенька! Цалую Вашу сямейку.
Ваша Ларыса Геніюш.
Эрычак, не хварэй…
Зэльва, 12 снежня 1979 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Дзіўлюся яшчэ і памяці Вашай, і мудрым разважанням, і талковаму падыходу да актуальных нашых справаў. Сапраўды – вельмі сумны лёс нашых хворых, адзінокіх людзей сярод суродзічаў, сярод усяго вялікага горада! У зняволенні мне расказвалі літоўкі, як яны даглядалі аднаго з беларускіх ксяндзоў. Свае былі абыякавыя да яго хваробы і адзіноцтва.
Брак у нас культуры. Яна захавалася яшчэ крыху ў простага люду. А новаспечаная інтэлігенцыя часта эгацэнтрычная і мяшчанская. На болей узнёслыя пачуцці не здольная. Наглядаю і тут: “ковры, золото, хрусталь”. Кніжкі – не для інтэлектуальнай патрэбы, а для калекцыі. Усё завяршае гарэлка. Моцна запэўненыя становішчы не вымагаюць ад іх этыкі, чалавечнасці ды інш. Вымагаюць паслухмянасці. У нас дык нічога без блату не дастанеш. Бутэлька і пудэлка цукеркаў (куплена па блату і пераплачана) сталі неабходнымі пры ўладжанні ўсіх спраў. Сяння адзін малады, хворы, чэсны чалавек страшна абураўся – як гэта жыць далей? У людзей бываюць і вялікія зарплаты, а яны спакойна і бессаромна чакаюць і бяруць узяткі ад найбяднейшых. Сама гэта ведаю, даводзіцца даваць і з сваіх 33 руб. 75 кап. Не ўсе, безумоўна, такія, але ёсць людзі, што здаецца, не нап’юцца і не наядуцца…
Зразумела, што кожны хоча жыць лепей, але ці гэтае “лепей” азначае большую колькасць мёртва стаячых на полках “хрусталяў” у хаце? А іншым бывае вельмі цяжка на малой зарплаце. Расказвалі, што нядаўна аднаму прадсядацелю калгаса ўначы каменьмі разбілі і вакно, і шафу, дзе было на 2 тысячы руб. адных “хрусталяў”! Праз пэвен час яго сцерагла па начах міліцыя. Трэба ж сабе, але трэба і людзям, і дзяржаве, і трэба крыху было яму думаць аб храме ў Сынковічах (абарончым!), а не абстаўляць яго хлевушкамі і свінушнікамі і спакойна глядзець, як развальваецца, асыпаецца нерамантаваны гэты наш скарб!
Мала культуры, а яе не надыктуеш. Яе трэба выхоўваць у чалавеку з любові і павагі да людзей, да працы і да зямлі сваёй. З нечага трэба выходзіць, а найлепш – з натуральных, шляхотных пачуццяў.
Распісалася і не падзякавала яшчэ Вам за мілы здымак з дня Вашых народзінаў. Дзякуй вялікае! Вы не змяніліся, пані Галя – таксама, Лёдзя паправілася, а Кастусь памаладзеў. Слаўка – радасны, пэўны сваёй вартасці, зраўнаважаны, як і належыць быць чалавеку. Прытым, вельмі прыстойны. Сэрца і розум у яго – у поўнай гармоніі. Адным словам, харошы ў Вас унук.
Мае зноў не пішуць. Аднойчы нейк напісаў Міхась аб сваёй вучобе. Болей як тыдзень хварэю. Пару дзён не выходжу з хаты. Уся сіняя ад банак, абкладзеная пластырамі. Здаецца, ужо крыху лепей, а было дрэнна. Дагледзелі чужыя людзі. Яны бываюць узварушліва мілыя. Прыходзілі нават нанач, “падкормліваюць” мяне, але пачалі і “падпойваць”. Я то не п’ю, дык хахатала з іх “лекаў” – гарэлкі, настоенае на дубовай кары.
З кніжкаю, здаецца, мілая Дануся ўжо справілася. Я, праўда, не з усяго задаволеная, але гэта – між намі. У нас з Данусяю розны стыль… Няхай ужо будзе, як будзе. За вестку аб З. П. вельмі дзякую. Нечаму ён не напісаў мне ні разу, а не ўсё дагаворана паміж намі. Можа, яно так і трэба. Вас ён успамінаў з вялікай павагаю. Толькі б быў здаровы. Ніколі не забудуся іх увагі ў часы найчорныя, у апошнія дні жыцця с.п. Мужа. Прыбылі таксама на пахаванне, а калі мне было, бадай, найгорай, дык я была толькі са сваім болем. Змагалася і з болем, і з іншым, злосная, як воўк. Ці перамагла – не ведаю, але пакуль што вось жыву. У хату пускаю толькі пару асоб: сваіх суседак і сваякоў с.п. Яначкі. Сяння марозік. Яшчэ раз запаліла ў печцы. Зося (суседка) прынесла дроў і торфу на заўтра. Нехта купіў хлеба.