Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Глядзеце сябе, вітайце мілую жонку, Люцыначку, ды не забывайцеся пра маё сумнае існаванне. З павагаю і мілай шчырасцю да Вас – Ваша Ларыса.
7 снежня 1979 г.
Данусенька, мілая!
Жанчыны, звычайна, слабейшыя, а можа, там быў інакшы дыягназ? Не трэба бедаваць загадзя… Ведаю, што гэта цяжка. Лішні раз усміхніся і пацалуй мілага Эрыка. Вы – яго сіла, з якою здолее пераканаць тое, найгоршае. Мужчыны болей вытрывалыя ў жыцці. Усё будзе добра! Можа, у той жанчыны былі іншыя камплікацыі. Разумею, што такое ўспрымаецца…
А цяпер давай пасварымся. Складаць маю кніжку – твой грамадска-святы абавязак! А вось плаціць за таксі і прывозіць паўпуды валовіны (на адну!) і т.д. і т.п. – за гэта “гонар” наказвае мне разлічыцца! Я пастараюся зрабіць гэта далікатна, так што не перажывай! Што мне з Табою разлічвацца? Мне б дзяліцца з Табою – найлепшым…
Як бачыш, я яшчэ жыву! Не адважылася ўзяць на ноч таго “леку”. Прападзі ён пропадам! Вып’юць, калі прыйдуць пілаваць дровы. Крыху зноў прывезлі. Хаджу ўжо! З Зосяй прынеслі дроў, вады, накармілі Лапку, крыху паснедалі.
Усе вершы Ты зрабіла добра! Дай Божа, каб яны так прайшлі. Сяння, чакаючы на пенсію, нешта зноў перадрукавала. Няхай ляжыць у Цябе. За ноч ніякае нават назвы, акрамя ўчорашняй, і не прыдумала… Богу дзякую, што не двояцца вобразы мне ў вачах. Напалохалася добра…
Ці Ты глядзела 4 снежня “Помнікі архітэктуры і культуры рэспублікі: былога неацэнны скарб”? Якая была гэта харошая перадача! Вёў яе Юрка Хадыка. Здзівілі мяне яго высокакультурная, дасканалая мова і веданне справы. Мяне калаціла, бо прыйшлі і перашкодзілі мне крыху. Папрасіла, каб пачакалі. Хадыкі не пазнала! Зусім не дзіўлюся ўсім Церашчатавым, якія для яго – толькі эпізод. Справу сваю ён ведае, без пафасу, талкова і скромна, разумна і хораша закрануў ён і балючае, і актуальнае – ад Полацкіх фрэскаў пачынаючы. Успомніў нават крыж, які зрабіў Лазар Богша. Хораша гаварыў і пра Гродзенскі фарны касцёл. Як жаль, што нам не паўтараюць такіх перадачаў!
Ну і як мы назавем тую кніжку? “Настоеныя на чабары”, можа, і было б найлепей. Там было “Невадам з Нёмана”, дык нельга ўжо “З рабра наднямонскіх вярбін”… А “Слядамі дзён мінулых”? А “Супроць ветру”? Данусенька, я пакідаю гэта Тваёй фантазіі.
Ці мой ліст з панядзелка, 3 снежня, быў зусім нармальны? Тэмпература там не адчувалася? А банкі мне так і не паставілі. Не было як учора. Твой “філософ” недзе Табе зусім абрыд, не рві нерваў! Пакінь яго такім, якім ён ёсць! У яго другія “вартасці”. Ён не бачыць і не дацэньвае таго велічнага, чалавечнага, што яшчэ захавалася ў нашым народзе. Ці ён зразумее Ленінград? Будзе, як у таго Райкіна: “У грэчаскум зале, у грэчаскум зале!..” Глядзі, каб Цябе ён не перарабіў на свой лад! У што ён верыць? Ці ведае антыку і яе пераход у хрысціянства і далей у сацыялізм? А народную культуру? Гэта гультай нейкі і паразіт, калі нават жывёлаў не любіць! Няхай ён жыве па-свояму, бо і так хапае Тваім нервам. Чалавека з яго не зробіш, беларуса – тым больш!
Няўжо той Франі Табе больш шкада, як мілага Эрыка? Яму падобнае не дадае здароўя. Каб Твой “філосаф” ведаў хоць крыху Бялінскага, дык адчуваў бы сапраўдныя вартасці, а Чарнышэўскі ўжо крыху ўстарэў… Папугай гэта нейкі, а не самастойна думаючая адзінка. Усе мы крыху індывідуалісты, але ад падобнага індывідуума вее расейскай несаліднасцю і нудотай. Даруй усю маю злосць на “генія”, але цацкацца з ім не раджу. Дай яму велікадушна хлеб гэтыя месяцы са сваіх скромных, беларускіх магчымасцяў, як доказ сапраўднай дабрыні і культуры, бо так хоча Твая мама, і парадзь яшчэ раз уважна перагледзець Бялінскага.
Папраўкі Твае выйшлі вельмі добрыя. “То ж ён ні разочку за гэтулькі год не накрычаў на Барбару” – гэта вельмі добра. Пра “кілаграмы” магла і не пакідаць. А канец хай застаецца, як Ты раней закончыла. Толькі б удома ўсё было добра, гэта галоўнае.
Даўно няма лістоў ад нашых, ад Юркі. Ці не пісаў Табе часамі? Што там у іх? Мне цяжка ў гэты час, бо прыпамінаецца ўсё. Ратаваць было амаль немагчыма, але нейк ратавалася. І цяпер усё зрываюся, каб ратаваць, падсведама гэта адчуваю, зрываюся. Хочацца падняць на ногі хворага, саслабелага, дарагога чалавека, а падняць немагчыма.