Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Сапраўды – добра піша Вярцінскі: душу чалавечую “ахоўваць дзяржавай”. Бо ж дзяржава – гэта не “набрыдзь”! Што будзе ў свеце, калі не ленінскія і іншыя ідэі, а пачнуць правіць вось падобныя “магільшчыкі” нашых душаў? Адным словам, яшчэ раз дзякуй Табе за маю кніжку, і даруй, што пачынаецца такая цяжкая расплата за яе… Няхай Бог Табе памагае.
Напішы мне, Данусенька, ці ўсё ў цябе добра. Дрыжу за Вас усіх! Цалую Цябе.
Ларыса Геніюш.
Я тут жыву – не жыву. Калі б нешта мне зрабілі, дык выклікай Юрку. Дзе-што аддасце музею ў Менску. Л.
Зэльва, 11 студзеня 1980 г.
Данусенька, мілая!
Я табе напісала 9 студзеня, спадзяюся, што ліста майго Ты атрымала. Мне ўсё здаецца, што Ты перажываеш за маю кніжку. Сколькі Табе было клопатаў, работы з ею… Вельмі Цябе прашу – не бяры да сэрца. Даю Табе слова, што мяне гэта не кранае. Я не ведаю – чаму. Нейкая пераацэнка вартасцяў у мяне… Каму яна патрэбная і хто будзе яе чытаць?
8 лютага будзе год, як я тут канаю душою. Рукі кусала з болю, са страху начамі, і акрамя Цябе і Аляксея Міхайлавіча, які прыехаў, каб дапамагчы мне ў цяжкіх варунках быту, ніхто нават не папытаўся, як мне, ніхто не прыехаў, не паглядзеў, не пагаварыў з зэльвенскім начальствам, каб мне тут лягчэй было крыху… Хто будзе чытаць маю любоў да зямлі маіх продкаў?
Цяпер я, крыху акрэпшы з усіх хваробаў, нікога не жадаю бачыць! Матэрыяльна я вытрымаю. Век мой позні, і многа мне не трэба.
Што да Казько, дык ён дасканала піша, вельмі таленавіта. Рэаліст. Толькі я не магу варушыць матэрыяльнай ці духовай адчайнасці, нейкага маральнага ці фізічнага калецтва. Гэта ўжо паталогія. Акрамя бездані гэтага болю мы мелі і маім нейкую светласць. Мы былі здольныя на пратэст, на духовую перамогу і таму існуем яшчэ! Пашто паказваць людзям роспач і раны, пашто вярэдзіць ім душы, калі трэба хоць крыху сыпнуць праменняў і надзеі, і ўпэўненасці ў сабе. Трэба страсянуць і паказаць сапраўдныя вартасці, каб паставіць на ногі тых, хто захістаўся! Выпусціць карпа, каб жыў, і забіць сваё, хай можа, і нямое дзіця, патаптаць каханне сапраўды велікадушнай жанчыны... Гэта – хворая літаратура! Не час калупацца ў паталогіі, калі трэба ўздымаць багатае, шматбаковае паняцце чалавека-беларуса, якога шліфавалі вякі, і за якога не ўстыдно перад культурамі, хоць быў ён у лапцях. Дзякуючы розным панам… Патрэбныя нам жыццесцвярджальныя прыклады, сноп святла нам патрэбны, каб “паказаць такі ім свет, у якім не страшна жыць”... Я і дастаеўшчыну лічу крыху хворай. Даруй.
А я была на могілках. Было сонейка. Правялі мы с.п. сваю суседку. Наплакалася ля сваёй магілкі. 3 лютага (нядзелька) збіраемся памянуць с.п. Яначку, бо робіцца гэта заўсёды крыху раней. Жаль – не прывезлі яшчэ агароджы. Мне прыкра, што нават з Гудзевіч ніхто за цэлы год не наведаўся ў маю хату… Бог з імі. Пашто ж я тады маю думаць пра ўсіх? Яны ведалі, у якіх варунках я тут знаходжуся, і літасці не было ні ў кога!
Прыйшлі тыя торбачкі. Дзве пары галубых, ваўняных… Мілае футра яшчэ. Крышачку цеснаватае. На адну сукенку, якую я адлажыла на смерць. Цёплыя панчошкі, рукавічкі на футры і г.д. Каб не змерзла… Плакала я. Удзячная, што хоць аддалі мне тут гэтую радасць і сцверджанне таго, што нешта цёплае і чалавечае захавалася яшчэ ў людзях, хоць і далёка яны ад нас. Калі забярэш маю кніжку з выдавецтва, дык аддай яе мне, ласкава. Няхай захаваецца. Абяцаю Табе, што я яе не спалю.
Моцна мяне знясіліў бранхіт, але памаленьку прыходжу ўжо да сябе. Выходжу на вуліцу. Люблю, калі мароз. Вельмі прашу Цябе, няхай боль гэты мой застанецца між намі. Мне здаецца, што хочаш дапамагчы мне ва ўсім. Дзякуй, Дануся. Гэта вельмі шляхотна, але мне гэта не патрэбна. Кажу Табе, мілая, сапраўды – пераацэнка вартасцяў… Хачу быць адна. Трэба мне многа абдумаць. Ты тут не ў лік. Цябе рада бачыць заўсёды. Для іншых магу не адчыніць дзверы. Няхай ім сыта і спакойна жывецца… Не здрадзь мяне, Дануся, з гэтым маім цяжкім настроем! Толькі гэта не дэкадэнцыя... Баюся, што з мяне атрымаецца “касмапаліт”, як некалі казаў мой следавацель… Хочацца да людзей…
Як з Эрыкам? Як з грыпам? Пішы хутчэй, а то буду думаць розна. Сама ведаеш, як за Цябе баюся. Апошні Твой ліст быў 3 студзеня.
Хораша гараць паленні ў печцы. Цёпла ў хаце. Пішы пра сябе. За ўсё Табе вялікае дзякуй! Як было б добра, каб свет быў дружны і мірны, і была сапраўдная культура…