Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Цалую Вас сардэчна. Вітаю Вас з Каляднымі святамі і жадаю шчасця ў Новым годзе!
З любоўю да Вас і з павагай да ўсёй Вашай сямейкі – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 15 снежня 1979 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
А мяне зноў адкінула. Сяджу ў хаце, ноччу спала добра з нейкага одуру галавы. Днямі выслала Вам ліст ужо з навагодняю паштовачкаю. Няма беларускіх, на жаль. Гэта быў адзін толькі варыянт. Няўдалы. Яшчэ раз вітаю Вас з Каляднымі святамі і шчасця Вам жадаю ў Новым годзе!
За весткі пра З. П. дзякую. Цешуся, што яны пазітыўныя. Я была моцна засумнявалася. Болей мяне гэта не цікавіць. Цікавіць другое. Дарэчы, я спадзяюся, што гэты чалавек усё ж спрыяльны мне, як і я яму. Бо я тут мела падставы думаць іначай. Няхай гэта застаецца між намі.
Людвіка Антонаўна, што Вы ведаеце пра Вячаслава Адамчыка? Узяла чытаць яго кніжку “Чужая бацькаўшчына”. Не магу ад яе адарвацца. Якое веданне нашага жыцця, якая сочная, багатая мова! А вобразы! Гэта ж мастак! Хто ён такі? Гэта лепей напісана як “Chlopi” Рэйманта. Меней персанажаў, але як жа цудоўна малюе словам па-беларуску! Як прыкмечаныя дэталі, як хораша яны апісаныя! Персаніфікацыя прыроды – цудоўна! Напрыклад, вобраз: “Зранку яшчэ гнала ў вочы сухі калючы снег. Сеяла, як праз дробнае сітца, з тоўстых стрэх белы пыл, зганяла ў касыя шчыліны патрэсканых сцен. Сярод дня шэрая навараць хмар разлезлася, як старая, зношаная радзюжка”. Такое – на кожнай старонцы, старое, як наш народ, і новае, бо не для ўсіх ведамае. Гэта майстар не толькі дэталяў, якія ў яго – як у Гамера.
Пішу, а рука яшчэ мне дрыжыць ад нейкае слабасці. А столькі лістоў яшчэ трэба мне напісаць! Сяння не змагу.
Ну і Адамчык! Вярнуў мяне зусім у дзіцячыя гады, у той быт, які бачыла ў сёлах, часткова і ў сябе ўдома. Яшчэ раз буду чытаць гэтую кніжку. Толькі б ён не прадаўжаў яе. Толькі б на гэтым спыніўся! Я ідэалізую наш народ, а ён бачыць яго такім, якім ён ёсць. “Шызым дымам у сіняе, зацярушанае пякучым жарам мігатлівых зорак неба падымаліся абсівераныя бярозы”. Паэта?
16 снежня. Так і не змагла ўчора дакончыць ліста. Бачыце – сяння ўжо пішу крыху лепей. Выходзіла пакарміць сабаку, прынесці дроў. У царкву яшчэ не хаджу, а вось на могілкі мяне проста цягне. Хочацца пайсці туды адной, каб пагутарыць аб усім ад сэрца. Помніка, на жаль сябры не паставілі. Пачаліся якраз раннія марозікі, і яны напісалі, што рассыплюцца бетонныя працы. Помнік ляжыць схованы і прыкрыты.
Сын пераслаў з Польшчы вельмі прыгожа зроблены здымак. Агароджа, кажуць, таксама ўжо гатовая, але яна яшчэ ў Баранавічах. Усё сябры адлажылі на вясну, а мне жаль, бо вельмі хацела бачыць магілку ў парадку. Мне цяпер надта цяжка. Успамінаецца канец мінулага году, часы, калі так моцна труднаваў мой с.п. Муж. І мне дрэнна. Часамі здаецца, што жыццё маё вісіць на валаску. З розных меркавань мне тут дрэнна, але ў Менску ці ў Гродне, ці нат у Гудзевічах было б яшчэ горай. Я зусім згаджаюся з лёсам. Вам дзякую за ліста, за тое, што заўсёды Вы духам са мною.
Болей я амаль нікога не маю, каму сапраўды можна было б сказаць – вось ты, як свой! Алесю Мікалаевічу таксама не да мяне. Ён моцна хворы і заняты музеем. Дануся моцна занятая хворым на вантробу мужам. Ці толькі не тое найгоршае… Страх за яго проста падцінае яе. Прызнацца Вам па праўдзе, дык я, нягледзячы на маю вялікую любоў да свайго народу і зямлі, сяння хацела б быць як найдалей згэтуль. Проста, можа, таму, што хачу памерці сваёй смерцю… На жаль, гэта не пустыя словы. Да сына мне ні ў якім выпадку нельга ехаць. У яго асабіста ёсць яшчэ крыху сумлення і розуму ў беднай, хворай ад гарэлкі галаве… Мая прысутнасць бліжэй яго была б трагедыяй для нас абоіх. Аб нявестцы пісаць не хочацца…
Сумныя будуць святы. Заўсёды былі маленькая ялінка і падарачкі, і супольная куцця, і ўрачыстае разламанне аплатка. Мужа мама, як ведаеце, з Бабра, з Палубінскіх, была каталічкаю. У памяць яе і аплатак. Хацела б, каб Вы прачыталі “Чужую бацькаўшчыну” В. Адамчыка, і калі нешта ведаеце пра аўтара, дык напісалі мне.