Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Харошыя далёкія сябры пішуць, што толькі ў Зэльве я адна, а так яны ўсе са мною. Цяплей мне ад іхніх слоў. Вельмі харошыя здымкі атрымаліся з пахавання. Прыслалі мала, але абяцаюць зрабіць яшчэ. Тады адразу Вам перашлю. Жаль, што не дадумаліся мы сфатаграфавацца ля труны с.п. Мужа ўсе разам. Не было каму падумаць пра гэта, а я зусім згубіла тады голаў. Моцна загневалася на сяброўку, у якой Вы начавалі. Давялося парваць адносіны, што трэба было мне зрабіць раней. Сын піша мала. Памог крыху грашыма, але “стогне”, бедны, што надта ў іх усё дорага, што няма грошай, даўгі і т.п. Смяюся.
Дапамагае мне добры Бог, як заўсёды, ды мне і нямнога трэба, толькі б спакой у асірацелай маёй хаце і хоць крыху здароўя. Усе клічуць мяне і на Украіну, і ў Сочы, і зусім паважна і настала ў далёкую Аўстралію, аб Польшчы не кажучы, а мне найлепш пакуль што ў сваёй хаце, хоць і найцяжэй у ёй… Вершы, якія Вам пасылаю, болей Вам пра мяне раскажуць. Надта хачу, каб Вы гэтага ліста атрымалі. На ўсякі выпадак зрабіла копіі, бо гутарка гэта паважная. А Вы мне каб як найхутчэй напісалі пра сваё здароўе, бо гэта, бадай, самая важная рэч сяння.
Добра, што мы падпішам з Амерыкай пагадненні аб абмежанні ядзернай зброі. Спадзяюся, што гэта толькі пачатак разумных мерапрыемстваў у гэтай вельмі актуальнай сяння галіне. Бачыце, як распісалася сяння, а тыя дні неяк хварабліва маўчала і думала, як тут жыць і як выжыць? Папрасіла вызаў для Юркі. Адказу на гэта яшчэ няма. Проста неабходна каго з родных бачыць, а то можна здурэць адной. Як я Вам пісала, 40 дзён пасля смерці мужа прайшлі амаль так жа ўрачыста, як пахаванне. Па-міклашоўску! Хапіла ўсяго, як і належыць у нас памінаць памершых.
Ведаю, што Вам вельмі цяжка, але не забывайцеся пра мяне, пішэце мне часамі. А я тут мала каго і ў хату пускаю, каб не слухаць розных дурніцаў і правакацыяў. Сляджу толькі за палітыкай, бо баюся вайны. Думаю, што пакуль ёсць у людзей крыху розуму, дык заўсёды лепш дагаварыцца, як нішчыць сябе ўзаемна і руйнаваць землю. Белых людзей не так шмат на планеце. Яны стварылі немалыя вартасці, дык трэба неяк меркавацца, каб усім спакойна жылося на свеце. Меней экстрэмістаў, болей цвярозага розуму. Ларысе і Валодзі я напішу, пачакаўшы. Дзякуй ім за лісты.
Застаюся – са шчырасцю і вялікай павагай да Вас усіх! Цалуйце Міхасіка, Веру, Марынку і напішэце, як маецца Коля? Ці не быў у водпуску?
Ваша заўсёды – Ларыса Геніюш.
P.S. Дарагі Саша, наша сапраўднае прозвішча пішацца – Геніуш, а мне зрабілі так літаратурнае. Мусіць, каб бліжэй было да геніяльнага… Жартую. Вершы свае я аддала, але што будзе далей? Была гутарка і аб кніжцы. Пабачым. Галава мне зусім пабялела. Што ж, дзіва няма. Адна нявестачка чаго варта… Такога напісаць, на жаль, нельга…
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 4 чэрвеня 1979 г.
Дарагая і мілая Людвіка Антонаўна!
Сяння ў Вас свята, ды і я пішу ліста, таму што не хочацца ісці ў гарод, калі ў суседзяў свята. Дні мае ўцякаюць нейк бескарысна. Рада толькі, калі зайду на магілачку. Тады плачу крыху, але болей дык гутару. У мяне тут усё сумна і аднастайна. Лістоў амаль няма, нават ад сына. Адцвілі туліпаны і настаў час квітнення півоняў. Вашыя браткі крыху перазімавалі, а вось тыя званочкі памерзлі да кальва.
Мілая Людвіка Антонаўна, ці ў Вас не будзе павышаны ціск крыві? Бо чаму робіцца такой патыліца? Трэба, каб Вы гэта праверылі. Думаю, што Слаўка ўжо вярнуўся, і Вам лягчэй, бо Вы яго любіце. Лішне не замагайце.
У нас ужо месяц як няма дажджу, але я не думаю пра гэта. Мае гуркі паліваюць суседкі, а вось учора, ідучы на магілку, дык аж кранула мяне за сэрца маленькая, пажаўцелая ярына. Сяння пахаладала, але хмаркаў – ніякіх. Хоць стараною прайшлі дажджы. Пісаў мне Усевалад Сямёнавіч [Кароль], што Вас бачыў. Знача – і расказаў Вам крыху пра нас. Я ім несказана ўдзячная, што ў найцяжэйшую хвіліну майго жыцця яны мяне не пакінулі! Не маю проста слоў прызнання для іх. Прыязджаюць часам чужыя людзі і прапануюць жыць з імі, пераязджаць да іх. Адно мілае супружжа пастанавіла так: Вам будзе зал, а нам хопіць і спальні. Другія – канчаюць дом, тры пакоі, знача – “адзін для Вас, Ларыса Антонаўна, і будзе нам разам так добра над Нёманам”...
Божа мой! Усё гэта цешыць, але нікому не хачу замінаць некалі, быць цяжарам, калі зусім пастарэю. А далёкія, дарагія сябры абяцаюць сваю “дапамогу, апеку і сэрца”, але як мне вырвацца, як мне дастацца да іх? А думаць нешта трэба, бо 33 руб. 75 кап. – гэта кату хвораму. Хоць аб гэтым найменей думаю. Заўсёды нейк будзе. Спачатку было вельмі дрэнна са здароўем, вельмі многа перажывала за мужа, за яго здароўе, і гэта зрабіла мяне моцна нервовай. Цяпер супакоілася крыху. Лепей з сэрцам.