Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Нам трэба спыняць нездаровыя тэндэнцыі падобных завучаў і крыху праціраць вочы тым, якія далей свайго носу не бачаць! Тутэйшым т.зв. палякам аж смярдзіць наша “простая”, у іх разуменні, мова. Яны хоць кітайскую гатовыя тут заводзіць, абы не нашую! Усё чужое для іх – гэта “панскае”, а вось родная, самая шляхотная і дарагая мова старога народу для іх – толькі “простая”! Абараніліся ад татараў, ад крыжаносцаў, ад фашызму і інш., датрывалі да сяння, і раптам кожнаму нелюдзю дадзена права вырываць родную мову з сэрцаў нашых дзяцей! Народы, якія век хадзілі нават без нагавіцаў, і то маюць сяння права быць сабою на сваіх землях, а тут нашчадкі старой і слаўнай гісторыі не маюць права нават сваею роднай моваю карыстацца?! Не, нешта тут не так! Няма сяння лепшых ці горшых, ёсць сільнейшыя, але гэта не значыць, што дадзена ім права пераніцоўваць нас на свой вобраз і падабенства! Я Вас разумею, мой дружа, але ці мой ліст да Вас дойдзе – я не пэўная, калі не дайшоў папярэдні…
Тав. Брэжнеў з апошніх сілаў выбіваецца, каб наладзіць адносіны з Амерыкаю, з Еўропаю і інш., бо ведае, што тыя “прагрэсіўныя” ядзерныя сродкі вынішчэння людзей – гэта сяння не проста пагроза, а можа стаць жудаснай рэальнасцю, калі застануцца руіны Еўропы і за плячыма – мільярд кітайцаў. А яны, тым часам, сабраліся вынішчаць мову братняга народу, падрываючы даверра і ў тав. Брэжнева і наагул ва ўсе чалавечыя ідэалы. Дзе ж, там адно гаворыцца, адно, так мовіць, “на вынас”, другое робіцца – і гэта рэальнасць!
Вельмі мяне ўсхваляваў Ваш ліст, але самага галоўнага Вы не напісалі. Як Ваша здароўе? Як трымаецеся? Я так і не магла Вам нічым дапамагчы, бо, як бачу, і ліст мой не дайшоў нават, а жаль… Калі думаеце, што мне тут добра і гладка, дык памыляецеся. Некалі былі мы ўдваіх. Хворы, але вельмі моцны чалавек трымаў мяне ў кожнай справе. Разумны і добры настолькі, што не памёр нат ноччу ў маім адзінокім чуванні над ім, бо ведаў, што адурэла б з роспачы. Памёр удзень на маіх руках, пры спрыяльных людзях, якія і мяне ратавалі. Апошнія яго словы былі, каб зрабілі ўкол мне, бо ведаў, як будзе цяжка. Гэта не чалавек памёр, а кончылася нейкая эпоха змагання за ўсе культурныя вартасці Беларусі – ад цяжкіх гадоў пад польскаю няволяй, праз вучобу за межамі, трудную і часта галодную, праз пакуты тут, на зямлі дзядоў…
Кожны культурны здабытак народу, кожная добрая кніжка, песня ці танец цешылі і акрылялі яго. Бедныя, часта без капейкі, знаходзілі заўсёды сродкі на хлеб і на кніжку, ды нават на чарку для добрых людзей. Ні “каўроў”, ні “хрусталю”, ні золата – толькі глыбокая любоў да сваёй зямлі, мукі за гэта, поўныя паліцы кніжак і летам кветкі замест буракоў ля нашае старое, сялянскае хаты! Не шкадую менавіта так пражытых дзён! Жыць іначай і не магла б, і не хацела б… Толькі замнога крыўды сабралася ў сэрцы, і абавязкова трэба мне недзе ехаць згэтуль – хоць да папуасаў…
Вы нават не ведаеце ўсіх нашых мучэнняў тут падчас хваробы с.п. Мужа. Што я магла зрабіць тут, зусім адзінокая? Усяго не напішаш Вам, бо сапраўды не дапусцяць слоў маіх да Вас… А думалася рознымі катэгорыямі: і сямейнымі, і народнымі, і агульналюдскімі. Ужо здавалася рэальнай непазбежнасць вайны, і сэрца замірала за юных, улічваючы і ўнукаў, за вялікія здабыткі сусветнай культуры, цывілізацыі і думкі. Роўнасць між людзьмі – гэта рэч таксама ўмоўная. Яна не можа быць без вялікай, сапраўднай культуры і ўзаемнай дабразычлівасці людзей і народаў. Доля наша сямейная і доля ўласнага народу хвалявалі найболей. Усё вартае належыць у жыцці ратаваць, а мову зямлі нашай належыць ратаваць у першую чаргу! Як у першую чаргу належыць ратаваць у людзях чалавечнасць, і з гэтага толькі сыходзіць! Абмежанне ў зброенні і разрадка – гэта таксама справа не толькі прадстаўнікоў таго ці іншага ўраду, а кожнага думаючага і разумнага чалавека! Перад абліччам велькай небяспекі трэба быць уступлівымі, велькадушнымі, мудрымі, бо найважнейшая справа – гэта жыццё на зямлі, і каб здаровымі былі тыя пакаленні, якія прыйдуць пасля нас!
А цяпер я сама дзіўлюся, як гэта я перажыла ўжо тры месяцы па смерці с.п. Мужа? Як я здолела перажыць гэта? Колькі разоў была на могілках, але тады было найцяжэй. Усё думаю пра агароджу і помнік. Сябры абяцаліся мне дапамагчы, але думаю, што я яшчэ тут буду зімаваць. Выпісалі мне дроў, але дастаць іх цяжэй, чымсьці выпісаць. Забалелі ўжо ногі хадзіць у тое лясніцтва. Дождж і холад тут безупынку. Грады нашыя ў нізкім месцы, дык і садзіць яшчэ няма як. Часта забываюся есці, толькі плакаць не забываюся, хоць ведаю, што болей ужо нельга. Матэрыяльна прызналі мне 33 руб. 75 кап. пенсіі па Мужу. Як піша Данута Б[ічэль], гэтага не хапіла б яе кату Філімону на месяц, але я не бядую. Я даю і дам сабе рады, а калі мяне будуць друкаваць, як абяцалі, дык – тым больш.