Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
А як я для той лайдачкі самаахвярнічаў, дык доказам таго могуць служыць мае залатыя зубы, якія я ўставіў спецыяльна з мэтай падабацца ёй. А пачалося ўсё так. Сядзелі мы з Іркай у рэстаране і пілі культурным чынам выбаровую гарэлку, загрызаючы яе свіной каўбасою з капустай. У куце залы стаяла піяніна, на якім нейкі тып буржуйскага паходжання вельмі гучна рубаў. Другі ж тып намагаўся яшчэ гучней на скрыпцы граць, каб першага заглушыць. Наогул было вельмі прыемна, толькі заўважыў я неспадзявана, што той скрыпач Ірцы вочкі робіць і смяецца ёй нахабна. Яна ж адсмейваецца яму і таксама вочкамі публічна непрыстойныя рэчы вырабляе. Таму я сказаў ёй па сутнасці:
– Калі сядзіце ў таварыстве мужчыны, які нясе расходы за пачастунак і катораму вы столькі часу галаву круціце, дык не выпадае іншага мужчыну чараваць і такім чынам яму вочкі строіць!
А яна мне гаворыць:
– Гэты тып мяне зусім не цікавіць. Нават брыдкі цалкам. Ты моцна памыляешся.
А я сказаў:
– Я вашыя паразуменні цудоўна заўважыў і вельмі гэтым абражаны.
Яна ж на гэта:
– Няма тут ніякага паразумення, проста спадабаліся мне ў яго залатыя зубы. Вельмі прыгожа пры электрычным святле блішчаць. З-за гэтага за ім і падглядала. А ты зараз да мяне чапляешся.
Зірнуў я… Сапраўды той скрыпач меў спераду два залатыя верхнія зубы. Выглядала гэта надзвычай гожа. Таму я зусім супакоіўся і нават сам назіраць за ім пачаў. А потым яму 5 рублёў паслаў, каб нам яшчэ раз Волгу сыгралі.
Ну нічога. Правадзіў як звычайна я Ірку дадому, а зранку пайшоў у горад дантыста шукаць. А калі знайшоў, дык спытаўся ў яго, ці можа мне залатыя зубы ўправіць? Ён загадаў мне раскрыць пашчу, зубы агледзеў і сказаў:
– Зубы ў вас усе папсутыя. Некаторыя з іх трэба павыдзіраць, іншыя можна пачаць лекаваць і запламбаваць пазней, а на некаторыя можна каронкі паставіць.
Зразумеў я, што дантыст гэты – чалавек недалёкі, таму растлумачыў яму канкрэтна:
– Мяне не цікавіць лекаванне і ўстаўленне зубоў. Я хачу толькі спераду ўправіць два залатыя зубы для прыгажосці. Колькі гэта будзе каштаваць?
– Навошта вам гэта? – здзівіўся ён. – Якраз пярэднія зубы ў вас здаровыя.
– Здаровыя ці нездаровыя, прашу іх павыдзіраць і ўставіць залатыя.
– Калі хочаце мець залатыя зубы спераду, дык не трэба ўласныя зусім выдзіраць. Можна на іх даць каронкі з золата. Кожная каронка будзе каштаваць 20 рублёў.
Сказаў я тады дантысту зрабіць мне чатыры залатыя каронкі. Той скрыпач меў толькі дзве, я ж буду мець ажно чатыры. Вось будзе прыгожа!
Некалькі дзён дантыст мяне мучыў. Зубы мне абпілаваў, меркі нейкім воскам альбо нечым іншым зняў. Нарэшце, наклаў мне каронкі на зубы. І цудоўна атрымалася. Я папросту сам наглядзецца на сябе не мог. З таго часу пачаў, ходзячы па вуліцах, заўсёды смяяцца, каб людзішкі мае залатыя зубы бачылі. Каб грошай не было шкада, дык я б усе зубы сабе залатыя справіў. Дачакаўся спатканкі з Іркай. А як убачыў яе, дык адразу зубы да яе ашчэрыў і доўга смяяўся. Яна ж спыталася:
– Што з табой здарылася?
– Нічога, – кажу. – Залатыя зубы сабе ўставіў для прыгажосці.
А яна кажа:
– Шкада патрачаных на гэта грошай. Лепей бы мне на футраныя боты пазычыў, бо ў звычайных боціках мне вельмі холадна.
– А колькі тыя боты каштуюць?
– 30 рублёў.
Даў я ёй 30 рублёў, і пайшлі мы ў кіно… Вось як я той буржуйскай гадзіне дагаджаў… А раман наш скончыўся наступным чынам. Нават дзень памятаю, калі гэта адбылося: 4 сакавіка. Дамовілася Ірка са мною папярэдне, што пойдзем разам на “Казіка”. Гэта так у палякаў называецца нейкае іх свята і народны кірмаш. Такім чынам, спаткаў я Ірку каля дома, у якім яна жыла, і пайшлі мы. Убраліся з найвышэйшым шыкам, які толькі можа быць. За Зялёным Мостам на вуліцы было дужа поўна вазоў, людзей і крамаў. А пляцам Лукішскім дык і ўвогуле не праціснуцца. Але было вельмі весела і прыемна.
Багаты, аднак, народ гэтыя палякі. Колькі там было розных раскошных і каштоўных рэчаў, дык і расказаць цяжка. Мусіў бы, каб усё гэта дакладна пералічыць, спісаць каля ста аркушаў паперы.
Вось ідзем мы сабе ўрачыста. Я залатымі зубамі блішчу. Можна сказаць, увесь час вусны не змыкаю. Гадзіннікі таксама належным чынам выставіў на паказ. Ну а парфумай, дык мусіць, ніхто на ўсім рынку не тхнуў так, як я. А Ірцы то гэта спадабаецца, то тое. Таму купіў я для яе і тое, і гэта. Але несці мусіў сам, таму што ў нас поўныя рукі тых рознасцяў назбіралася.
У нейкі момант я заўважыў, што Іркі побач са мною няма. Я і туды, я і сюды: не магу знайсці. Але потым заўважыў здалёк пёрка ад яе капелюша. Таму з усёй моцы пачаў да яе прапіхвацца. Гляджу, раптам – мая каханая з трыма нашымі афіцэрамі ідзе і смяецца вельмі нават весела. Двое яе пад ручкі вядуць, а трэці пахлопвае ззаду непрыстойным чынам. А яна зусім нават супраць таго не пратэстуе. Таму наблізіўся я да іх і гавару з вельмі афіцыйным выразам твару:
– Ірка, пайшлі далей!… Развітайся з гэтымі кавалерамі…
А адзін з афіцэраў, мабыць, на добрым ужо падпітку, да мяне падышоў і кажа:
– А няўжо таварыш на яе манаполь мае?
– Манаполю не маю, – кажу. – Але з’яўляюся яе вялікім сябрам.
– Не вельмі вялікім, – умяшаўся іншы афіцэр. – Без лупы дык і разгледзець цяжка. Акрамя таго паненка жадае нашага таварыства, а таму прашу адчапіцца ад яе.
Бачу я, што з п’янымі няма пра што балакаць. Таму схапіў я Ірку за руку і цягну да сябе.
– Пайшлі, – кажу, – бо буду на цябе злавацца. Так не робіцца!
А яна смяецца і гаворыць:
– Як жа я з табой пайду, калі мяне за рукі трымаюць?
З той прычыны я вельмі паважна звярнуўся да тых таварышаў афіцэраў.
– Вельмі прашу вас пакінуць гэтую паненку ў спакоі і пусціць яе, бо гэта непрыгожа!
Адзін з іх адпіхнуў мяне. Другі ж сказаў:
– Калі табе непрыгожа, дык пашукай сабе чаго прыгажэйшага. А нас і яна задавальняе. І ўвогуле адчапіся ад нас, быдла, бо інакш самі цябе зараз адчэпім!
Але я ім дарогу заступіў і Ірку вырываю. Тым часам адзін з іх заехаў мне кулаком у вуха. Таму я не стрываў і казікавым сэрцам, на якім было напісана: “КАХАЙ МЯНЕ!” як заеду яму ў пысу! А другога вязанкам абаранкаў – у зубы. Тады адзін з іх балею з прылаўка схапіў і мяне ёю як трэсне, дык я за цэбар і цэбарам яго!… Ну і пайшло-паехала. А тут яшчэ нейкія цывільныя ўблыталіся і давай малаціць нас усіх. Адзін дык увесь час біў нас дрынам і крычаў: “Бі мохаў! Ужо пачынаецца!” Але падбегла мноства нашых хлопцаў і пачалі валіць хто каму трапіць. Папераварочвалі прылаўкі, столікі і нават вазы. Зрабілася вялікая замяшанне.
Што там увогуле рабілася, дык і апісаць цяжка. Зрэшты я быў так збіты, што вочы мае апухлі і зусім нічога не бачылі. А непаразуменне гэта зліквідаваў вайсковы патруль і нас усіх пад канвоем даставіў у камендатуру. А там нават зразумець не маглі, з чаго пачалося? Хто пачаў бойку? Бо, зразумела, ні я, ні тыя тры афіцэры не паведамілі, што гэта з-за нас атрымалася. А Ірка дык увогуле знікла. Толькі я даведаўся ад тых хлопцаў, што яна – грамадская дзеўка і нават вельмі танна за любоў бярэ, бо стараватая ўжо і досыць брыдкая.
Вызвалілі мяне. Прыйшоў я дадому і як паглядзеў на сябе ў люстра, дык мяне ажно страх агарнуў. Пад вачыма чорна, нос успухлы, на галаве поўна гузоў. Але гэта неістотна, бо ўсё загаіцца. Аднак адзенне было ўсё падранае і забруджанае, боты падрапаныя. А ў аднаго бота насок зусім скамячыўся і форму страціў. Акрамя таго я пераканаўся, што знік з кішэні мой гадзіннік. Карацей, застаўся страшна пацярпелым.
Пачаў я Ірку пільнаваць на вуліцы, каб мне ўсё гэта прасвятліла і вярнула грошы, якія я на яе выклаў. Праз пару дзён дачакаўся. Затрымаў яе і гавару:
– Хачу ведаць, як гэта ўсё адбылося?
А яна кажа:
– А так адбылося, што ты балагану нарабіў і з-за цябе атрымалася авантура!
– Навошта ж ты мяне кінула і пайшла з тымі афіцэрамі?
– Бо мне так спадабалася. Я табе не жонка і раблю што хачу!
– У такім разе, – кажу, – аддай мне паліто, боты і тыя грошы, якія я табе пазычыў.
А яна кажа:
– Не ўбачыш ты ўсяго гэтага як сваіх вушэй. Марнавала з табою час, таму мне і ўзнагароджанне належыць. Але цяпер болей не хачу нават бачыць цябе і таму адыдзіся ад мяне!