Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Іван Сяргеевіч, прайдзіся!
Мужчына падхапіў рэквізітны клуначак, дачакаўся каманды і пайшоў па пероне няспешнай, у развалку, хадою немаладога стамлёнага селяніна. Ён выглядаў настолькі натуральна, што астатнія ўдзельнікі масоўкі выглядалі як заведзеныя лялькі з механічнымі рухамі і дзіка напружанымі тварамі.
Але Іван Сяргеевіч акцёрам не быў. І нават ніколі «на акцёра» не вучыўся. А быў ён капітанам у адстаўцы і ўсё жыццё праслужыў у інтэнданцкіх часцях. Цяпер жа зрабіўся Іван Сяргеевіч заслужаным масоўшчыкам. У кожных здымках ён не проста «ўдзельнічаў», а іграў ролю. Калі яму не даручалі нічога канкрэтнага, сам прыдумляў сабе вобраз і па-майстэрску ўвасабляў. Усе кіношнікі, ад рэжысёра да памрэжа, ведалі Івана Сяргеевіча і любілі «натуралізаваць» ім кадр.
Нездарма Іван Сяргеевіч прыкіпеў да кіношнай справы. Быў у яго натуры дагэтуль прыціснуты вайсковым уставам, а цяпер выпушчаны на волю чорцік. Не прапускаў Іван Сяргеевіч ніводнай дзяўчынкі з масоўкі, частаваў цукерачкамі, ціскаў і цалаваў на правах «дзядулі». Любіў падкаціцца і да жанчын старэйшых. А з сабою, між іншым, заўсёды меў ладны харчовы запас, падрыхтаваць які можа толькі добрая жонка — запечаную ў фальзе курыцу, гарачыя бутэрброды-тарталеткі, хатнія булачкі...
Неяк здымалі на «Партызанфільме» (такую мянушку далі мясцовай кінастудыі ў блізкім замежжы) чарговы фільм пра вайну. У касцюмернай размяркоўвалі «ролі» сярод масоўкі. Хтосьці мусіў быць партызанам, хтось — савецкім салдатам-акружэнцам, хтось — нямецкім салдатам... Івану Сяргеевічу, як віднаму мужчыну з ваеннай выпраўкай, надалі званне афіцэра СС. Ён звыкла зацягнуў папругу, зашпіліў пад тлустым адвіслым падбароддзем жорсткі, як кардон, каўнер і бадзёрым крокам пашыбаваў па калідорах студыі...
Здымкі адбываліся «на натуры». Непадалёк ад горада выбудавалі цэлы партызанскі гарадок — зямлянкі, акопы, а таксама «папялішчы і руіны». Прыгналі туды і сапраўдны танк з бліжэйшай вайсковай часці. Танк замаскавалі пад нямецкі, а трох худзенькіх бялявых хлопчыкаў, што абслугоўвалі яго, пад нямецкіх салдат. Жаласныя такія немцы атрымаліся... Іван Сяргеевіч, як чалавек ваенны, адразу пацягнуўся да танкістаў, узяў іх, так бы мовіць, пад сваю аўтарытэтную каманду. Між тым час ішоў, здымкі не пачыналіся, а рэжысёр нешта гаварыў пра цудоўнае вечаровае асвятленне і заходзячае сонца.
Надышоў палудзень спякотнага ліпеньскага дня. І трэба ж было такому здарыцца, што менавіта ў гэты дзень Іван Сяргеевіч прыйшоў на здымкі без заўсёднай «сабойкі». Уважлівы назіральнік мог бы таксама заўважыць нешта новае ў абліччы заслужанага масоўшчыка — некалькі паралельных драпін каля парослага сівым воласам вуха. Масоўка блукала па бліжэйшых лясочках, кіношнікі часткова замкнуліся ў маленькім павільёне, часткова загаралі... Будан, у якім павінна была працаваць паходная студыйная сталоўка, стаяла замкнёная на бліскучы новенькі замок. Салдацікі пры танку, зразумела ж, маглі толькі коўтаць сліну і не насмельваліся нават адысціся ад сваёй баявой машыны, каб сарваць якую ягадзіну. Калі Івана Сяргеевіча пачала пакідаць звычайная жыццярадаснасць, ён, як чалавек ваенны і да таго ж фактычны кіношнік, вырашыў дзейнічаць і хуценька шляхам размоў з тутэйшымі непаўналетнімі жыхарамі, што звыкла пазбягаліся глядзець, як здымаюць кіно, зрабіў рэкагнасцыроўку на мясцовасці. Танк сціпла хаваўся на ўскрайку лясочка, у цені дрэў. Іван Сяргеевіч на бягу раўнуў распранутым да пояса танкістам-дахадзягам, што паныла абселі размаляваную браню:
— Гатоўнасць нумар адзін! Па машынах!
Хлопцы, пасля невялікага тлумачэння баявога задання, хуценька апранулі агідную варожую форму і занялі адпаведныя месцы ў танку. Іван Сяргеевіч прыстроіўся збоку, на брані, адной рукой трымаючыся за нагрэтае жалеза, а другой прытрымліваючы велікаватую фуражку з чэрапам і арлом.
— Паехалі!
Да невялічкага хутара на ўскрайку радавой савецкай вёскі пачатку васьмідзясятых гадоў са страшэнным рэвам падкаціў танк са свастыкай на баку і фашысцкім афіцэрам на брані. Афіцэр саскочыў на зямлю, адным ударам бліскучага бота адчыніў варотцы і вальяжным крокам увайшоў на двор. На акне хаты матануліся фіранкі, і на ганак выскачыла прыгорбленая бабулька, якая адразу пачала аддаваць зямныя паклоны. Эсэсавец у хату, аднак, не пайшоў, але загэргэкаў да болю знаёмае:
— Матка! Яйка, сала, шнэль!
Паўтараць не давялося. Сітуацыя была адназначнай. Бабулька, не ўдаючыся ў філасофскія роздумы пра паралельнасць сусветаў і ўзаемапранікненне часавых зрэзаў напакавала ладны клунак і з паклонам падала праклятаму акупанту. Афіцэр схапіў здабычу і са словамі «Гут, гут, аўфідэрзэйн, фрау!» ускочыў на танк, які адразу ж рушыў з месца.