Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Толькі калі на дарозе аселі апошнія клубы пылу, бабулька кінулася бегчы ў вёску да сваёй найвышэйшай інстанцыі — старшыні калгаса.
Прыкры выпадак удалося замяць. У ахвяры папрасілі прабачэння, заплацілі ўжо не ведаю з чыёй кішэні — за канфіскаванае. З Іванам Сяргеевічам пагаварыў сам рэжысёр — праўда, размова атрымалася нейкая несур’ёзная... А што зрабілі з галоднымі танкістамі — ведае толькі вайсковае кіраўніцтва. А тое, што датычыць вайсковага кіраўніцтва, як вядома, ваенная тайна...
Такія прыгожыя дзяўчаты сустракаюцца толькі ў калідорах кінастудый. Іх немагчыма ўявіць з банальнай хімічнай завіўкай або ў чарзе за каўбасой. Здаецца, дзьмухнеш на такую, і яна паляціць у расчыненае акно, як празрыстая шаргатлівая папера для кветак... Жанчыны пры першым поглядзе на падобную прыгажуню інстынктыўна думаюць «Дурніца», а мужчыны гэтак жа інстынктыўна — «Распусніца».
Можа быць, Ліліяна і не была дурніцай — па яе агромністых, напалову лялечнага тварыку, вачах немагчыма было вызначыць узровень яе інтэлекту. На здымачнай пляцоўцы Ліліяна апынулася адразу пасля заканчэння школы. У інстытут або якую вучэльню прыгажуня і не спрабавала паступаць — навошта? Перад вачыма заўсёды быў прыклад рэжысёрскіх жонак і каханак, якія атрымлівалі галоўныя ролі, якіх улагоджвалі, як каралеў, і якім відавочна не спатрэбілася праходзіць творчыя конкурсы... Бацькі ўладкавалі Ліліяну некуды лабаранткай, але, зразумела, яе асноўнай прафесіяй і марай было кіно. Ліліяну часта запрашалі быць памрэжам — дапамагаць бабульцы-загадчыцы масоўкі. Дзяўчына збірала ў ахвочых рамантычнага заробку пашпарты, перапісвала дадзеныя адтуль у спецыяльныя табелі, пасля выдавала квіткі на аплату за ўдзел у масоўцы... Масцітыя кіношнікі ласкава ўсміхаліся Ліліяне, але спакусных прапаноў чамусьці не рабілі...
Нарэшце на здымках сатырычна-фантастычнага фільма Лапулі пашанцавала: ёй прапанавалі эпізадычную ролю. У павільёне збудавалі з квадратных упаковак ад яек «лабараторыю сусветна вядомага вучонага», які вынайшаў эліксір бессмяротнасці. Праз увесь павільён у «лабараторыю» стаяла «чарга» за названым эліксірам. Ліліяна павінна была сыграць сучасную піжонку, якая ў абдымку са сваім піжонам падыходзіць да чаргі і кажа: «А можа і нам стаць?», на што хлопец адпускаў сваю сацыяльна завостраную рэпліку, зместам «на што нам гэта трэба». Вось, у прынцыпе, і ўся роля. Партнёрам Ліліяны мусіў быць малады высокі кіношнік у белых штанах. Ён нейкі час папалохаў Ліліяну спецыяльнымі акцёрскімі практыкаваннямі для голасу, гучна прамаўляючы над яе ружовым вушкам свае «уі-оі», «бо-бэ-бі-бе», так што Ліліяне было страшэнна няёмка. Пасля кіношнік па-гаспадарску абняў масовачную Лапулю, і пачалася невялічкая рэпетыцыя. Лапуля страшэнна хвалявалася, хаця яе вялізныя вочы па-ранейшаму нічога не адлюстроўвалі, да таго ж іх прыкрывалі выдадзеныя касцюмершай цёмныя акуляры. Джынсікі спакусна абцягвалі адпаведныя Лапуліны месцы, аднак вымаўленне адзінага даверанага сказа ніяк не ладзілася. Рэжысёр зноў і зноў прымушаў Лапулю паўтараць сакральнае: «А можа і нам стаць?» Лапуля старалася, як магла. То падвышала голас у канцы фразы да хлапечага дысканта, то вымаўляла словы з млявым прыдыханнем, то міла расцягвала іх, але рэжысёр чамусьці нерваваўся і ўздыхаў, а партнёр пагладжваў Лапулю па плечуку і лагодна прыгаворваў:
— Нічога, Лапуленька, у тваім выпадку словы — не галоўнае...
Нарэшце рэжысёр махнуў рукой:
— Сыдзе... Не такое сыходзіла...
Вымавіўшы сваю рэпліку перад камерай, Ліліяна адчула незвычайную палёгку і радаснае ўзрушэнне. Усе наступныя дні здымак праляцелі ў ружовым тумане. Ліліяна адчувала сябе зусім «сваёй», прынятай у вузкае кіношнае кола. Адзін з асістэнтаў рэжысёра нават двойчы праводзіў яе дадому, але, пачуўшы, што Лапулі яшчэ няма васямнаццаці, неяк засумаваў і аддаліўся.
Ліліяна выпісвала квіткі або проста блыталася па студыі, стараючыся найчасцей сутыкацца з рэжысёрам. Касцюмершы, грымёршы ды іншыя кіношныя жанчыны ўпотай ненавідзелі Лапулю і ніколі не запрашалі ў перапынках на каву ці гарбату, хаця самі заўсёды збіраліся гаманлівымі купкамі вакол тэрмасаў і кававарак. Асвятляльнікі ды іншыя рабацягі выяўлялі да Лапулі інтарэс, але не маглі разлічваць на аналагічнае пачуццё з яе боку. Лапуля меціла вышэй! Пачатак кар’еры быў бліскучы, і рэжысёр ужо два разы ўшчыкнуў яе пры «выпадковых» сустрэчах.