Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Мела Цыганка вялікае добрае сэрца, заўсёды важдалася з децьмі-«масоўшчыкамі», частавала іх лядзенчыкамі і расказвала сваю цудоўную казку — як на здымках фільма пра дзекабрыстаў яе, Цыганку, упадабаў рэжысёр і паставіў на першым плане — у натоўпе, які сустракаў гусар. І вядомы артыст, малады і прыгожы, што ехаў у шыкоўнай гусарскай форме на белым кані, паглядзеў на Цыганку і ўсміхнуўся ёй, і пасля, на працягу здымак, шукаў вачыма і ўсміхаўся. І ўвогуле, кожныя кіназдымкі былі для Цыганкі тым, чым для састарэлай павятовай паненкі чарговы баль — Вялікай Надзеяй...
Аднойчы здымалі сцэну пахавання з фільма пра савецкую пасляваенную вёску. У павільёне выбудавалі тры фанерныя сцяны, размалявалі іх і прыкрасілі, як маглі, у стылі «а-ля пейзан». На стол паставілі сапраўдную труну — бо труна заўсёды сапраўдная, як і смерць.
Заставалася толькі знайсці жанчыну на ролю нябожчыцы. Памрэж доўга размаўляў з гуртам масоўшчыц у жалобных балахонах, абяцаючы добраахвотніцы аформіць ролю нябожчыцы як эпізадычную. За яе плацілі ўдвая болей, чым за ўдзел у масоўцы. Але жанчыны чамусьці адводзілі вочы ўбок, пасмейваліся і ўпарта адмаўляліся. Згадзілася Цыганка. Ёй далі надзець чорныя лакіраваныя туфлі з тупымі насамі і тоўстыя старэчыя панчохі, растлумачыўшы, што на экране будзе відаць толькі частка труны — там, дзе ногі. Але ўсё роўна трэба ляжаць, заплюшчыўшы вочы, і старацца не варушыцца.
Труна, абабітая чорным паркалем звонку і бурачковым — знутры, аказалася трохі цеснаватай для мажнога цела Цыганкі. Але ляжалася там нечакана ўтульна. У сашчэпленых на грудзях руках Цыганка трымала тонкую васковую свечку. Свечку запалілі, і Цыганка захвалявалася, што на пальцы пацячэ гарачы воск. Тут рэжысёр пракрычаў свае цудадзейныя каманды, і жанчыны-плакальшчыцы загаласілі над труной. Цыганка помніла, што яе здымаюць ніжэй пояса, і ад гэтага ўсведамлення і намагання не дапусціць найменшага руху адпаведная частка цела ў яе нібы знямела, аднялася. Паступова пачуццё цікавасці і нават радасці, што яна, Цыганка, у цэнтры ўвагі ўсіх гэтых людзей, змянілася нейкай няёмкасцю. Сцэна ўсё цягнулася і цягнулася, жанчыны галасілі, асабліва адна, артыстка. Нечакана Цыганка адчула невядомы раней яе жыццялюбнай натуры страх. Захацелася неадкладна паварушыцца, глыбока ўздыхнуць, прыадкрыць вочы... Нарэшце сцэну адзнялі, але рэжысёр тут жа сказаў, што патрэбны другі дубль. Цыганка хацела вылезці з труны, але ёй загадалі ляжаць, каб не папсаваць кадр. Яна глядзела на ўсіх сваімі пукатымі вачыма, тлустыя вусны спрабавалі ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася нейкая жаласная. Жанчыны-плакальшчыцы перагаворваліся між сабою і пазіралі на «нябожчыцу» з насмешкай і лёгкай пагардай, а можа, зайздросцілі, што вось у гэтай каровы хапіла смеласці і цяпер яна атрымае ўдвая болей, чым яны...
Цыганцы далі другую свечку, і здымкі пачаліся зноў. Плакальшчыцы, адна перад адной, галасілі ўсё жалобней і адчайней. Цыганкай апанаваў сапраўдны жах. Раптам ёй здалося, што яна не зможа ўстаць. Прыадкрыла вочы — проста ў зрэнкі ўдарыў сляпучы нежыццёвы прамень юпітара. «Хутчэй бы, хутчэй...» — паўтарала сама сабе «нябожчыца».
Пасля другога дубля здымалі трэці. Цыганка аблівалася потам і часта глытала сліну. Устала з труны пастарэлая і паблажэлая, але ўсё роўна спрабавала ўсміхнуцца. Цяпер з’явілася ў яе іншае адчуванне — быццам бы пераадолела цяжкую хваробу. Быццам здзейсніла нешта вялікае і годнае шляхам самаахвяравання, і ўсе гэтыя людзі праз яе, Цыганкі, пакуту атрымалі нешта добрае і вечнае... Наўрад ці старая дзеўка з масоўкі магла выкрышталізаваць свае цьмяныя пачуцці так прыгожа і канкрэтна, але падобныя пачуцці, несумненна, прысутнічалі ў яе шырокай, рамантычнай душы...
Эпізод у фільм не ўвайшоў.
Ён прыйшоў на кіназдымачную пляцоўку яшчэ першакурснікам тэатральнага інстытута. Будучыня малявалася яму то ў тонкіх пастэльных колерах элітарнай творчасці, то з імпрэсіяністычнай яркасцю замежных кінафестываляў і карнавальнай багемы. У масоўку Студэнт трапіў па намове сябрука — падзарабіць і «вывучыць натуры» — спазнаць будучую прафесію з нізоў.
Для таго каб уступіць у брацтва масоўкі, не трэба валодаць асаблівымі талентамі ці адметнай знешнасцю. Чорны ход у мастацтва аднолькава даступны ўсім, але вядзе не далей кухні... Студэнт прафесійна не зажмураўся на святло юпітараў, стараўся пазнаёміцца з кіношнікамі, але пасябраваў толькі з бабулькай-загадчыцай масоўкі. Байкі пра вядомых артыстаў і рэжысёраў, жывых і памерлых, нейкім чынам прыўзнімалі слухача да ўзроўню сваіх герояў. Час ішоў. Студэнт пакінуў сваю «правінцыйную» навучальную ўстанову і паступіў у адпаведны маскоўскі інстытут. Але і там правучыўся толькі адзін курс. Напэўна, нечага не хапала гэтаму прыгорбленаму, з вечнай няпэўнай усмешкай на твары юнаку, каб у сваю чаргу «нечым» зрабіцца. Але «нешта» ў ім было — бо прымалі яго ў творчыя ўстановы яшчэ двойчы, і двойчы адлічвалі... Мастацтва ўцякала ад яго, збягала, як залаты пясок скрозь пальцы. Заставалася адно — масоўка. Здымачная пляцоўка, дзе на цябе, як і на галоўнага героя, свеціць пражэктар і табе таксама адрасаваны каманды рэжысёра... Студэнт ужо даўно нідзе не вучыўся, але па-ранейшаму пляткарыў пра былых дэканаў і марыў пра свае кінастужкі...