Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Рытка была чамусьці незадаволеная, але, сустрэўшыся з маім позіркам, адвярнулася і прабурчэла:
— Як сабе хочаш... На тваім месцы я ніякай памяці не захацела б...
Ноч прайшла для мяне без сну. Зноў і зноў успамінала я бязлітасныя радкі. Усё — падман... І лісты, і словы... Да горла падступаў халодны камяк страху — а калі я таксама... Праўда, блізкасці між намі яшчэ не было... Але ўсё ж... Я пакутліва ўспамінала вычытаныя недзе сімптомы гэтай хваробы, здаецца, не... А калі прыслухацца...
Паступова мае думкі скіраваліся на самога Ігара. Пасля бурнай хвалі мысленных абвінавачванняў прыйшлі ўспаміны: як сустракалі Каляды, як ездзілі ў Вільню і прапаўзлі пад Вострай Брамай на каленях, каб Матка Боска Вастрабрамска выканала нашы жаданні... І як мы малявалі адначасна адно аднаго, а пасля склалі свае карціны ў двайны партрэт... І як Ігар прыносіў мне гарачыя дранікі між дзвюх місачак і паіў мяне малаком з мёдам, калі я хварэла... Падушка мая была ўжо наскрозь мокрая. Тут міжволі ўявілася, як Ігар таксама ляжыць зараз на падушцы, бальнічнай, прапахлай карболкай, і, можа, таксама не спіць, і няма каля яго ніводнага чалавека, які б яму паспачуваў, і галодны ён, пэўна ж, бо перадачы яму ніхто не носіць... Гнеў і крыўда адхлыналі ад мяне, як гразкая балотная жыжа. Няўжо я сапраўды такая бесхарактарная, не маю ўласнай годнасці, як кажа Рытка?
Але злосці больш не было. Шкадоба да Ігара, такая недарэчная, выратавала мяне, выцягнула з дрыгвы адчаю... Мала што з чалавекам можа здарыцца! Я назнарок уяўляла сабе Ігара з агіднымі праявамі хваробы, заняпалага, няголенага... І пераконвалася, што кахаю яго, кахаю ўсякім!
...І ложа, і пошасць, і смерць — адны на дваіх...
Раніцай, пад мірнае пасопванне Рыткі (так незвычайна моцна і салодка яна спала!) я ціхутка апранулася і пабегла на аўтобусную станцыю. З усіх рэчаў прыхапіла толькі сумачку з грашыма.
І вось ізноў вакол мяне гудзе тлумная сталіца, «блудніца вавілонская», здольная сапсаваць самага чыстага і шчырага чалавека. Я пералічыла грошы... Не так многа, але хопіць! Накупляла залацістых апельсінаў, буйных грузінскіх яблыкаў, смуглява-чырвоных... Але ж гэта не ежа для хворага чалавека... Апошняе патраціла на курыцу і паехала ў інтэрнат. Там было ціха і пуста — толькі студэнты апошняга курса яшчэ не з’ехалі на практыку. У інтэрнацкай кухні я першы раз у жыцці зварыла курыны булён, пераліла яго ў тэрмас, а кавалкі курыцы па метадзе Ігара схавала між дзвюх місачак...
Ну вось, можна ехаць...
Скурвендыспансер у горадзе адзіны. Вуліцы, на якой ён знаходзіцца, людзі цураюцца. Даехала я да яе без прыгод, а вось сам будынак давялося пашукаць — бо я не асмельвалася папытацца пра яго...
Нарэшце я стаю перад замазанымі фарбай шклянымі дзвярыма і не наважваюся ўзяцца за ручку. Толькі цяпер прыйшло ў галаву, што сёння можа быць непрыёмны дзень, што ў гэты час перадачы могуць не браць, што Ігар увогуле мог ужо выпісацца...
Але стаяць у такім месцы, калі здаецца, што на цябе скіраваны пагардлівыя позіркі, яшчэ горай... І я асцярожна, двума пальцамі ўзялася за ручку (страшна ўявіць, хто да яе дакранаўся!). Дзверы бязгучна адчыніліся.
У холе я адразу нагледзела шыльдачку, якая чырвоным па белым паведамляла, што прыём перадач для стацыянарных хворых штодзённа з 11.00 да 13.00 і з 17.00 да 19.00. Гадзіннік над шыльдай паказваў палову пятай... Давядзецца пачакаць.
Я, адчуваючы, што шчокі мае палаюць, пасунулася да драўляных адкідных, як у старых кінатэатрах, крэслаў...
— Оля?!
З другога канца калідора да мяне дыбаў Ігар. Нейкі разгублены, з няпэўнаю ўсмешкаю на вуснах, а ў руцэ — поўная авоська.
Слёзы непераадольнай крыўды падступілі да вачэй...
— Ты, аказваецца, ужо выпісаўся?
— Адкуль?
— Не прыкідвайся, я ўсё ведаю... Адсюль!
Мы глядзелі адно на аднаго, і недзе на ўзроўні падсвядомасці з’явілася шалёная радасць. Ігар працягнуў мне авоську і ўсхваляваным ад раптоўнай здагадкі голасам прагаварыў:
— Я табе перадачу прывёз. Як атрымаў ад Рыткі ліст, што ты тут лечышся, адразу ўсё кінуў, на самалёт — і сюды...
Я зазірнула ў яго авоську: залацістыя апельсіны, чырванашчокія яблыкі і — дзве знаёмыя місачкі, ад якіх пахне дранікамі... Ды яшчэ — мае любімыя цукеркі, цэлая шыкоўная каробка...
Я дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі даведку, адабраную ў Рыткі, і працягнула Ігару. Ён працягнуў мне такую ж — толькі з маім прозвішчам.
Божа, будзь блаславёны Ты і той цудоўны свет, які Ты стварыў! Жалезную Кнопку падвяла, як заўсёды, залішняя стараннасць і адсутнасць фантазіі. Яна ўдала прыдумала напісаць Віктару і «выдурыць» ліст ад яго пад нейкую прыстойную прычыну — здаецца, папрасіла даслаць ёй замалёўку тамтэйшай архітэктурнай дэталі. Удала падрабіла і штамп скурвендыспансера. А далей вырашыла дзейнічаць адразу ў двух напрамках і адначасова: як толькі паслала «выкрывальны» ліст Ігару, аналагічным чынам паведаміла «ўсю праўду» мне. І ўжо, зразумела, не магло ёй прыйсці ў галаву, што мы адразу кінемся адно аднаму на дапамогу.