Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Але здымкі закончыліся, а ў жыцці Лапулі нічога не змянілася. На агучванне яе нават не запрасілі, а ў цітрах пераблыталі першую літару прозвішча. Да таго ж рэжысёр аказаўся жанатым язвеннікам.
Колькі Лапуля болей ні хадзіла на здымкі, «на эпізод» яе не запрашалі. Чарговы асістэнт рэжысёра праводзіў яе да дому, каб пасля шматзначна апавядаць у студыйнай курылцы пра тое, чаго не было. А Ліліяна любіла заставацца адна ў касцюмернай і ўсё прымервала на сябе чужыя касцюмы і парыкі, надаючы свайму вытанчанаму тварыку тыя выразы, якія маглі б на ім з’явіцца ў тых сітуацыях, якія з Ліліянай ніколі не адбываліся...
Ах, мастацтва, мастацтва... Ты ў жыцці не што іншае, як белыя пялёсткі вакол брудна-зялёнай кветкавай сарцавіны з будучым насеннем. Па сутнасці, значэнне мае толькі гэтая някідкая сарцавіна. А пялёсткі — што яны? Заваба для дурных матылёў і летуценных дзяцей чалавечых... Аздоба жыцця... І як рэдка — твайго...
Жыццё складаецца са статыстаў. «Зоркі», воляю лёсу або сілай уласнага таленту выштурхнутыя з агульнай масы наверх, як бурбалкі ў вары, належаць ужо не гэтаму жыццю. Яны, хто адразу, хто — пакрысе, хто — лёгка, хто — праз перашкоды, усплываюць да светлага праёму наверсе і — порх! — іх ужо няма, толькі срэбны след на паверхні ды лёгкія хвалі... А астатнія — дробныя малекулы, розныя па сваіх вартасцях, моцна счэпленыя няўмольным узаемным прыцягненнем і назаўжды пакараныя ўтрапёным ўзаемным адштурхоўваннем? Хіба ім не хочацца ў тое светлае, што наверсе? Але вар жыцця кіпіць, шпурляе кожнага то ўверх, то ўніз, балюча стукае аб цвёрдыя грані рэальнасці, прыціскае да самага распаленага дна... А яны ўсё роўна прабіраюцца наверх — маленькія людзі з неўсвядомленай прагай душы, складваюцца ў віры, адштурхоўваюць адзін аднаго, прылепліваюцца адзін да аднаго, і мараць, і пішуць па начах нязграбныя вершы, і купаюцца ў гарадскіх фантанах, таму што там — нельга, і нараджаюць дзяцей, каб навучыць іх таму, што не ўмеюць самі — усплываць да святла...
Мігціць экран, створаны з маленькіх цёмных і светлых кропачак, быццам таксама віруе...
Я люблю вас, людзі масоўкі!
1995
Адзінка
Фантастычнае апавяданне
Вядзьмак сядзіць на лаўцы каля свайго пад’езда. У руках — кульбачка, твар — у цені вялізнага капелюша, ногі — у залапленых валёнках з галёшамі. Нават пад’ездныя п’яніцы даўно страцілі надзею займець ад гэтага глухога жабрака нейкую капейчыну — хоць выпрошвалі на «апахмелку» і ў скупечы-пракурора з першага паверха, і ў высокамаральнай піянерважатай з пятага. Вядзьмак адсутным позіркам глядзіць у сціснутую шматпавярховікамі далеч, і бліскучыя зялёныя мухі грэюцца на ягоным шырокім капелюшы.
Хоць Вядзьмак можа вокамгнена зрабіцца падобным вось да таго бізнесмена, што вылазіць з перламутравага «Мерсэдэса» ў швейцарскім плашчы, белай кашулі і гальштуку за сорак «баксаў»... Нічога не варта Ведзьмаку нарабіць сабе цэлы мех гэтых «баксаў» — як некалі рабіў залатыя дынары... Дык то ж было золата! А гэтыя паперкі... Цьху! Збяднеў свет, здрабнеў... І не адчувае больш Вядзьмак тае дзёрзкай, п’янкой прагі жыцця, якая штурхала яго на самыя неверагодныя ўчынкі і здзяйсненні і аднойчы аддала ва ўладу таго, чыё імя неназыванае... Але гэты той, Уладар Цемры, нічога дарэмна не дае... Ён падзяліўся з Ведзьмаком сваёю ўладаю, але ўзамен пасяліў у яго душы пустэчу, страшную, халодную, безнадзейную... Якая ўсё пашыралася і пашыралася... І ўрэшце затапіла ўсю ведзьмакову істоту... Улада заставалася. Але Вядзьмак ведаў — варта яму ўжыць яе — і ўзрасце смяротны холад у душы. І наблізіцца на адпаведную адлегласць Яна... Смерць...
Да смерці Вядзьмак ставіцца, як чалавек з зубным болем да дантыста. З аднаго боку, ён ведае, што з візітам да доктара скончацца яго пакуты, але з другога боку, як мага далей адцягвае гэты візіт, баючыся новага непазбежнага і вострага болю... Як позна разумееш, што ў жыцці ўсё звязанае і за ўсё трэба расплачвацца. Свет — сістэма спалучаных сасудаў. Калі адвяргаеш дабро, яго месца займае зло... А пасля, калі зло адступае, дабро, якое вернецца на сваё месца, будзе, як палючы агонь. І будзе паліць, пракаляць грэшную душу, пакуль не выпаліць дарэшты праказу зла, усе язвы і пухліны. А калі хвароба сталася невылечнай, і метастазы зла працялі ўсю душу? Вечны агонь...
Вядзьмак прыплюшчвае выцвілыя вочы. Не, лепш сядзець пад ласкавым сонейкам на аблупленай лаўцы і адчуваць сябе жывым...