Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Да суседняга пад’езда зноў пад’язджае «іншамарка». Стары павольна пераводзіць позірк на машыны, што выстраіліся ўзбоч дарогі. Поскудзь... Вядзьмак з бяссільнай злосцю і бясконцай нудою глядзіць на нумарную шыльдачку бліжэйшай машыны: «МІГ 99-99». Дзевяноста дзевяць — дзевяноста дзевяць... Нумар недастатковасці. Ведзьмаку страшэнна хочацца дадаць да яго адзінку. Ну што б ад гэтага змянілася ў свеце? Пракляты свет... Пракляты двор... Праклятая машына... Пракляты нумар... Як быццам нехта не прычыніў дзверы, і з вузкай шчыліны б’е агідны ледзяны скразняк і вярэдзіць, і не дае адпачыць...
І Вядзьмак рашаецца. Намаганне волі нязначнае, як змірг — нават зялёныя мухі не ўзлятаюць з капелюша. І вось чорныя дзявяткі бліскучымі тлустымі п’яўкамі распростваюцца, змыкаюць галовы з хвастамі... Першая сціскаецца, скарачаецца... На акуратнай шыльдачцы — урачыстае і дасканалае 10-00. Але сіла, якая сышла ад Ведзьмака, застаялая, цёмная, няўрымсная сіла, не можа сканцэнтравацца і закончыцца ў адной — гэтай — кропцы... Як кругі ад кінутага ў ваду каменя, разыходзіцца яна па свеце і — да лічбаў нумароў усіх аўтамабіляў у свеце дадаецца адзінка... Усяго толькі адзінка... І ўсяго толькі на нумарах аўтамабіляў.
Ускраіна горада. Стандартны шматпавярховы мікрараён. Два міліцыянты спыняюць перламутравыя «мерсэдэсы». Дзень спякотны, і даішнікі выбралі месца непадалёк ад кіёска з квасам. Машыны праязджаюць рэдка, асабліва «мерсэдэсы». Нарэшце паказваецца адзін... Праўда, зусім не перламутравы.
— Ану, тармазнём...
Уладальнік машыны, лысаваты дзядзька ў сіняй майцы з надпісам «Мустанг» працягвае ўладарам дарогі адпаведныя дакументы.
— Звычайная праверка... Не хвалюйцеся.— Малады даішнік абыякава разглядае дакументы, машыну... Раптам позірк яго ўсвідроўваецца ў тэхпашпарт так, што шафёр, яшчэ не ведаючы, што здарылася, напружваецца, як перад ударам.
— Не ваша машына.
— Прабачце... Тут нейкая памылка... Я на гэтай машыне ўжо чатыры гады езджу. Усе ведаюць... і дакументы...
— Вось-вось, дакументы... У тэхпашпарце стаіць нумар сорак дзевяць — дзевятнаццаць, а на машыне які?
Шафёр выскоквае з машыны і няўцямна аглядае сваё ўладанне: 49-20. Ён працірае вочы, кратае рукой нумар, аббягае вакол машыны... Але хіба можна паверыць у ягонае мармытанне пра хуліганаў, якія толькі што, на хаду, памянялі шыльды?
— Спадар міліцыянт! На маёй машыне толькі што хуліганы памянялі нумар! — а гэта ўжо голас збоку. Чырванатвары дзядзька ў кашулі-«каўбойцы», сапраўдны «шафяруга» з выгляду, ляціць да дарожных уладаў з-за кіёска з квасам... Старэйшы з даішнікаў інстынктыўна паварочваецца да службовай «тачкі»...
— Стась! Глянь на нумар нашай машыны! — міліцыянт чамусьці гаворыць шэптам, нібы баіцца наклікаць большыя няшчасці.
Праз паўгадзіны органы аховы правапарадку віруюць. Процьма затрыманых з-за падазрэння ва ўгоне, бясконцая колькасць заяў і тэлефонных званкоў пра хуліганскую змену нумароў... У атмасферы агульнай разгубленасці заўважаецца заканамернасць — цяперашнія лічбы нумароў на адзінку большыя за тыя, што былі на скрадзеных... Навіна збунтоўвае вуліцы. Аўтааматары кідаюцца да гаражоў. Вартаўнікі аўтастаянак зачыняюцца ў службовых памяшканнях пад аховай сабак. Шафёры адмаўляюцца выязджаць з падмененымі нумарамі. Адразу некалькі рэлігійных сектаў аб’яўляюць, што таямнічая з’ява — знак канца свету, а дзве секты абвяшчаюць аўтамабілі інструментамі д’ябла, што вядуць да пагібелі ўсё чалавецтва. Ва ўлётках, якія раздаюцца на аўтобусных прыпынках і ў падземных пераходах, прыводзяцца жахлівыя факты пра аварыі на дарогах і страхотлівыя лічбы загінуўшых людзей... Там-сям успыхваюць вогнішчы, чуваць выбухі... Гэта самадзейныя інквізітары паляць «спараджэнні д’ябла». Транспартная сувязь перарываецца. Бо нянавісць, народжаная страхам і невядомасцю, перакідваецца на ні ў чым не павінныя тралейбусы, аўтобусы і трамваі... Уваходы ў метро кропяць свянцонай вадой і загароджваюць збітымі з дошак крыжамі.
Людзі кідаюцца ў крамы, на апошняе скупляюць прадукты, запалкі, мыла... Пасля ніхто нічога не купляе — а проста бярэ, што зможа. Уздоўж вуліц зеўраюць пабітыя вітрыны, сцелецца смярдзючы дым, чуюцца выбухі... Пад нагамі самотных прахожых храбусціць пабітае шкло, рассыпаныя крупы, нечыя акуляры... Урэшце ўвасабленнем зла лічыцца і падлягае знішчэнню само кола, і ўвогуле любы механізм...
Тое ж адбываецца ў іншых краінах. Больш-менш пазбеглі ўсеагульнага вар’яцтва толькі блаславёныя месцы, дзе тубыльцы звыклі перасоўвацца з дапамогай аленяў, вярблюдаў ды тым жа спосабам, што і прабацька Адам...