Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Але той час, якога ніхто не павінен ведаць, як сказана ў Бібліі, яшчэ не настаў. Складаны механізм быў сапсаваны недарэчным скрананнем аднаго шрубчыка... Вялікі Механік і Канструктар Сусвету прыбраў драбніцу, і зноў закруціліся ўсе колцы і спіралі, і Час Даданай Адзінкі быў адрэзаны і выкінуты з жыцця Сусвету, як выразаюць з магнітафоннай стужкі змяты кавалак. Стужка склейваецца, касета ўкладваецца ў магнітафон, націскаецца адпаведная клавіша...
Зло вярнулася ў кропку сыходу, як джын у бутэльку, непамерна памножанае, сканцэнтраванае і смертаноснае...
У двары шэрага пяціпавярховіка стаяць некалькі аўтамабіляў. Дзеці бегаюць каля іх, зазіраюць у бакавыя люстэркі... Маленькая дзяўчынка ў паласатых шортах выносіць з пад’езда вялікае вядро смецця, трымаючы абедзвюма рукамі чорнае пластмасавае восілка, дыбае ў бок смеццевых кантэйнераў... Высокі хударлявы алкаголік у пінжаку на голае цела спыняецца перад старым, які сядзіць на лаўцы перад пад’ездам у вялікім капелюшы, у валёнках з галёшамі...
— Слухай, стары, ну будзь ты хоць раз чалавекам...— бубніць п’яніца.— Ну дай хоць на піва... Я табе заўтра вярну, чуеш ты, пень стары?
П’яніца пхае старога ў плячо. Стары, як лялька, бокам валіцца на лаўку, капялюш коціцца па зямлі, і зялёныя мухі абурана кружацца над ім.
— Ё-мае...— перапалохана мармыча п’яніца, адступае назад, спатыкаецца аб кульбачку, якая выпала з рук старога, і таксама падае, разумеючы адно — гэты ўжо яму не пазычыць...
Іслачскія імпрэсіі
На самай высокай галінцы сасны сядзіць Лесавічок.
Ля вершаліны ігліца мяккая, маладзенькая, нібыта пакрытая воскам... І сама вершаліна, як загарэлая дзявочая шчака — бурштынавая, гладкая... Леcaвік пагойдваецца на сваёй галінцы ў свеце аблачынна-сонечным, хвойна-карункавым, і глядзіць на мяне пpaз квадратнае шкло стандартнага акна Дома творчасці пісьменнікаў. У «нумары» — задуха, а там, дзе сядзіць Лесавічок, ветрык...
Лясны дух выглядае незвычайна. На ім не жывапісныя лахманы, не простая кашуля — а зграбны фрак, і дзве чорныя фалды звісаюць з галінкі, як падвоены пірацкі сцяжок...
Што прымусіла Лесавіка так змяніць свой воблік? Xібa суседства з гэтым Домам творчасці? Чорныя фалды пагрозна тапырацца, як вусы чорных сярэднеазіяцкіх жукоў з калекцыі аднаго нашага знаёмага біёлага. Гаспадар калекцыі — бялявы анемічны інтэлігент, а яго ўлюбёнцы — сапраўдныя пачварыны з растапыранымі калючымі лапкамі. Экспанаты смярдзяць фармалінам, іx чорныя рыцарскія латы працяты бязлітаснымі дзідамі-шпількамі. Але гэта воі — нават мёртвыя, закліканыя ў вялікі крыжовы паход Маці-Прыроды супраць паганцаў-людзей і іх паганай цывілізацыі...
Мусібыць, чорны фрак Лесавіка на сасне — таксама аб’яўленне вайны нам, пыхлівым слепакам? Бо рэзкая змена знешняга вобліку, прадпісанага прыродай і «сацыяльным становішчам» — ці не ёсць гэта знак аб’яўлення вайны свету? Так падманутая жанчына бяжыць у цырульню з крыкам «Падстрыгчы, завіць, пафарбаваць»... Так мамчын сынок-вундэркінд, вырасшы з аксамітных касцюмчыкаў, улазіць у драны джынсовы строй, перастае стрыгчыся і запіхвае у самы далёкі кут антрэсоляў скрыпачку і ангельскі слоўнік... Дый кожны, перш чым несці ў «высокія» кабінеты прашэнне-хадайніцтва-заяву, апранае касцюмчык, гальштук, новыя шкарпэткі і, магчыма, нават ужывае новую парфуму...
Лесавічок у фраку! З кім ты збіpaешся ваяваць? Са мной? Xібa я парушыла твой спакой, ссекла сонечныя дрэвы, што раслі на месцы гэтай будыніны, прыдушыла духмяную траву плітамі бетонных дарожак і кожны вечар перашкаджаю зязюлям падкладаць яйкі ў чужыя гнёзды дыскатэчным «Прилетай скорей, пташечка моя...».
Лecaвічок пагойдваецца на самай высокай галінцы сасны. У промнях вечаровага сонца паблісквае яго белая манішка. Даражэнькі, я б таксама з большым задавальненнем пагойдвалася б з табой у сонечна-карункавай вышыні, чым сядзець у душным «нумары» (не пaкoі), за сталом, абшарпаным сотнямі локцяў, у шуфлядзе якога папярэднія жыхары забыліся выпацканую змятую цыгарэту... А можа, ты не Лесавічок, а Дамавік гэтага Дома творчасці? Што ж прымусіла цябе, небараку, пакінуць яго муры? Ці ты проста вырашыў падыхаць свежым лясным паветрам?
Галінка, як дырыжорская палачка, адмервае мудрагелісты такт Вечнай сімфоніі. Аблачынка зачапілася за юныя хваінкі, спрабуючы вырвацца на прастору, адчайна круціцца на месцы, звіваецца бязважкім ззяючым целам, расцягваецца ў небе... Ну, вось, адчапілася, паляцела з ветрыкам у абдоймах... А чорна-белы Лесавік хоць бы варухнуўся... Але — не — хістануліся фалды шыкоўнага фрака, узняліся шырокія рукавы...