Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— І толькі? — Хлапчына ўладна ўзяў сапсаваную тэхніку ў мяне з-пад пахі.— Нічога страшнага, адрапаруем!
Пасля гэтага выпадку Ігар пачаў заходзіць у наш пакой. Звычайна ён прыносіў з сабою ўсялякія смачныя рэчы: хатнюю каўбасу, сала, а то гарачую яешню ці дранікі, схаваныя між дзвюх місаў. Ён ніколі не патрабаваў і не рабіў нічога, што магло б напалохаць мяне, якую маці і цёткі перад ад’ездам на вучобу падрабязна праінструктавалі наконт д’ябальскіх гарадскіх хлапцоў. Не выключана, што такія ж інструкцыі наконт блатных інтэрнатавак атрымаў і Ігар. Таму знаёмства наша было не заваёвай адно аднаго, а шчаслівай сустрэчай надзейных саюзнікаў у супрацьстаянні ненармальнаму свету, які акружаў нас.
Ігар вучыўся на перадапошнім курсе і ўжо ўдзельнічаў у некалькіх агульных выставах, а яго, як ён сам называў, алейныя «вольныя партрэты» куплялі нават іншаземцы ля мастацкага салона. Нечым нагадваў мне Ігар маіх улюбёных постімпрэсіяністаў, хаця сам не быў іх прыхільнікам.
— Я — чалавек старамодны,— часта паўтараў ён.— Жывапіс Леанарда — найвышэйшая ступень развіцця мастацтва, і я не хацеў бы, каб над ложкам майго будучага дзіцяці красавалася рэпрадукцыя «Чорнага квадрата».
Далучыў мяне Ігар і да беларушчыны — тое, што здавалася дзівацтвам, зрабілася натуральнай часткай майго жыцця. Асабліва нялёгка далося прывучыць сябе думаць на роднай мове: не размаўляць — гэта не так складана, нават калі перакладаеш у думках, а думаць. Часам мае мазгі ўяўляліся мне палімпсестам — старажытным рукапісам, на якім сцерлі стары запіс і скарысталі для іншага тэксту. Але сляды старога запісу ўсё-ткі захаваліся, і цяпер, паступова і неадольна, ён праступаў з-пад пазнейшага.
Рытка Жалезная Кнопка напачатку ставілася да майго новага знаёмства іранічна. Калі ж наша з Ігарам сяброўства пачало набываць манументальныя рысы, выказалася:
— Ён табе не пара. Глядзець смешна: высокі, худзюшчы, а ты кругленькая, беленькая... Штэпсель і Тарапунька!
Я толькі пасмейвалася. Заўсёды такая датклівая і падазроная, зрабілася абсалютна незалежнай ад меркаванняў усяго свету. Мелі значэнне толькі мае адносіны з Ігарам. А Рытка планавала сваё. Варта было мне з’ехаць на выхадныя дадому, яна стукалася ў дзверы Ігарава пакоя, просячы то нешта адрамантаваць, то даць творчую параду, то «тры скарыначкі хлеба для беднага Бураціна». Напэўна, каб была Рытка хоць крыху больш прывабнай, я са сваім інтравертным характарам добра-такі псіхавала б... Але мне былі ў нейкай ступені нават прыемныя няўмелыя Рытчыны заляцанні (вось яна, праявілася,— зайздросная жаночая натура). А Ігар стараўся заходзіць, калі я была адна — абы не круціцца на крэсле пад пякучым Рытчыным паглядам.
— Прыходзь да мяне сама,— аб’явіў Ігар.— Усе ведаюць, што мы пажэнімся, дык чаго саромецца?
Сусед Ігара больш прападаў недзе на кватэры ў горадзе, і вечары мы праводзілі разам. Гэта ўспрымалася як належнае, хіба што інтэрнатаўская выхавацелька, з якой час ад часу мы сутыкаліся на калідоры, адпускала абавязковую рэпліку наконт таго, што «швэндаюцца тут усякія» ды тлумачэнні, хто канкрэтна швэндаецца...
У сакавіку Ігар сказаў:
— Прапаноўваюць мне добры заробак, у залік практыкі. Але трэба з’ехаць на два месяцы за свет — аднаўляць фрэскі трынаццатага стагоддзя. Там закінутую царкву ў «святле апошніх пастаноў» тэрмінова ператвараюць у помнік сусветнага значэння... Будуць грошы на вяселле,— пераконваў мяне, а болей сам сябе Ігар.— Падумаеш, два месяцы! Я табе кожны дзень буду пісаць. А там і ў вас практыка, а да летняй сесіі я вярнуся!
Грошы патрэбныя ўсім: жабракам і мільянерам, гандлярам і паэтам, невылечным алкаголікам і вытанчаным дамам (апошнім, напэўна, болей за астатніх). Ігар паехаў, і пацягнуліся сумныя дні без яго. Звычайна я была ў захапленні ад надыходу вясны, радавалася кожнай лапіне адталай зямлі, ні з чым не параўнальнаму веснавому паветру, калі няма яшчэ ні лісця, ні травы, але з’яўляецца ўжо безназоўны водар абуджанай прыроды, які кружыць галовы і прымушае чакаць і спадзявацца нават тых, хто перастаў чакаць і спадзявацца!.. Але тая вясна была проста фонам майго чакання. Я нават не думала, што паміж мною і Ігарам узнікла такая моцная сувязь і такім болем адгукнецца расстанне...
Прыйшоў ліст, ад якога чамусьці пахла табакай, хоць Ігар не курыў. А ў стандартным канверце з выявай кактуса — цудоўныя Ігаравы малюнкі... Вось гэтая дама, захутаная ў шаль і поўная млявага чакання — неадменна я, а гэты няшчасны менестрэль з прабітым сэрцам — Ігар...
Я перачытвала ліст, разглядала малюнкі, уладкаваўшыся ў непрыбраным ложку, а насупраць мяне сядзела з кніжкай Рытка, але, відаць па ўсім, не столькі чытала, колькі згарала ад жадання зазірнуць у Ігарава пасланне. Апошнім часам мы з суседкай не зусім ладзілі. Праўда, яна перастала пераконваць мяне, што мы з Ігарам не пара, затое ўсё часцей захаплялася маім незвычайным талентам, прарочыла мне вялікую будучыню ў мастацтве, дзеля якой, вядома, мне належала ахвяраваць прымітыўнымі жыццёвымі памкненнямі і цалкам прысвяціць сябе творчасці.