Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Ты толькі ўяві,— даверлівым тонам казала Рытка,— у цябе ў галаве — выдатная карціна, неверагодная гармонія фарбаў. А ў ваннай — гара брудных пялюшак, на пліце суп з каструлі выкіпае, дзеці равуць, а муж сядзіць з газеткай і чакае, каб ты на падносіку абед прынесла! Такая доля — не для цябе!
Напэўна, мая непрабівальная абыякавасць да такіх душэўных гутарак дадавала горычы ў без таго горкае Рытчына жыццё. Ёй ніяк не давалася французская мова. Рытка па парадзе выкладчыцы-францужанкі, вытанчанай нервовай пані, насіла ў кішэні лыжку і час ад часу, засунуўшы яе глыбока ў горла, спрабавала вымавіць нетутэйшыя «оі-уі». Але нішто не дапамагала, францужанка ледзь не шалела падчас кожнага Рытчынага адказу, а Рытка пачала бегаць па кабінетах высокапастаўленых знаёмых і плакацца на бюракратызм выкладчыкаў, згадваючы ўласнаручна падцёртыя чужыя пляўкі. Вынікам быў званок да дэкана, але на гэты раз нават той, хто тэлефанаваў, пачуваўся няёмка і, відавочна, разумеў беспадстаўнасць просьбы аб вызваленні студэнткі Маргарыты Качар ад экзамену па французскай мове...
На практыку Рытка ехала з яшчэ большай крыўдай на ўвесь свет, чым звычайна, а веснавы свет быў цудоўны! Мы апынуліся ў старым мястэчку, дзе касцёл і царква стаялі па розныя бакі гандлёвага пляца, а жыхары не страцілі старасвецкай шляхетнасці. Так атрымалася, што мы зноў пасяліліся ўдзвюх з Рыткаю — у маленькім катушку, прыбудаваным да вялікай хаты... Хата была шляхецкая — на два канцы, і пасярэдзіне — ганак з двума слупамі-калонамі. Дзверы нашай прыбудовы і адзінае акно адчыняліся ў густы сад, які рыхтаваўся да квецені. Я напісала Ігару і паведаміла новы адрас, але адказу доўга не было. Я не хвалявалася з гэтае прычыны — настолькі моцная была мая вера ў Ігара. А вось Рытка атрымала ліст і, відавочна, не з дому. Дэманстратыўна села насупраць мяне, урачыста раскрыла канверт і паклала так, каб я магла бачыць. Адно слова ў зваротным адрасе прыцягнула маю ўвагу: гэта ж той горад, дзе зараз Ігар! Позірк спыніўся на прозвішчы адпраўніка: Сурын! Віктар Сурын, які і прапанаваў Ігару ехаць у гэтыя заробкі! Калі Рытка паспела з ім пазнаёміцца?
Вядома, мне карцела даведацца, што піша Віктар і ці згадвае Ігара. Але пытацца было няёмка: занадта ўжо з’едлівыя позіркі кідала на мяне Рытка падчас чытання. Праз тыдзень прыйшоў ліст і ад Ігара — у той дзень, калі на тонкіх галінках вішань загайдаліся першыя бялюткія кветкі-матылькі. Я нецярпліва разарвала канверт, заўважыўшы краем вока, што ў руках Рыткі таксама з’явіўся ліст, і вось ужо нібыта чую любімы голас... Маю ўвагу адцягнуў Рытчын ускрык: яна, відавочна, вычытала ў сваім лісце нешта ўразлівае. Некаторы час Жалезная Кнопка моўчкі глядзела на мяне, нібыта вагаючыся, а пасля працягнула мне свой ліст, паказваючы пальцам месца, якое належала прачытаць: «Ведаеш, Рытуля, надакучылі мне гэтыя Ігаравы гульні. Тое, што зараз прачытаеш, не расказвай нікому — бо ніхто не ведае, нават Ігаравы бацькі. Але ж ты ў мяне малайчына, можаш трымаць рот на замку, калі трэба... Дык вось, Ігар са мною не паехаў, а ляжыць у скурвендыспансеры. А мне, як ад’язджаў, даў цэлы стос лістоў да бацькоў і да сваёй дзяўчыны, каб я адсюль іх адпраўляў, нібыта ён са мной працуе. Казаў, што ў яго нейкая алергія. Але я выпадкова знайшоў сярод папер, што ён мне пакінуў, накіраванне з таго дыспансера. А там чорным па белым напісана, што ў нашага Ігарка — пранцы, што мяне асабіста не здзіўляе. Ты ведаеш тую дзяўчыну, да якой я лісты перасылаю,— Олю Каралевіч, і дзяўчына, здаецца, прыстойная... дык пагавары з ёю далікатна, каб не надта за Ігарам упадала...»
Я перагарнула старонку, і на мае калені зляцела невялікая паперка са штампам ганебнай лячэбнай установы...
Бач ты, які прыхільнік ісціны, і дакумент прыклаў...
Сказаць, што я была агаломшаная, значыць сказаць вельмі мала. Я адчувала, што ніколі ў жыцці не атрымлівала ўдару такой моцы... Рытка са спагадлівай усмешкай узяла ліст з маіх здранцвелых пальцаў і пацягнулася па даведку. Маланкай бліснула думка: не трэба, каб гэта бачыў яшчэ хтось! Мае пальцы самі сабою сціснуліся.
— Я пакіну гэта сабе... на памяць.