Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Уладзік браў рыбіну, асабліва ліня, і большага. Браў згодна свайму метаду, пачынаючы з хваста. Намацваў хвост і доўга з прыгаворамі, з прыцмокам песціў, лашчыў яго, як песціў і лашчыў адначасова двух добрых акунёў, угаворваў іх зараз.
— Цішэй, цішэй, дурненькі, вой, разбушаваўся, баюся я цябе. Не хочаш, уцякай, трымаць не буду.
У час рыбалкі скнарнічаць не варта, гэта Уладзік зведаў добра: за двума акунямі пагонішся, абодвух упусціш. I цяпер яму трэ было вызначыць, якая з рыбін большая: пад леваю ці пад праваю рукой. Але акуні не давалі сябе памераць, толькі ён пачынаў сунуцца рукой ад хваста да брушыны, да галавы рыбіны, яна краталася, адплывала.
— Ну, што мне з вамі рабіць,— не вытрываў, узмаліўся нарэшце Уладзік.— Былі б вы хоць трошкі меншыя...
Мучэнне адно з гэтымі акунямі, наравістыя. Але, калі б яны былі хоць крыху меншыя, Уладзік злаўчыўся б і выхапіў абодвух адразу, у кожнай руцэ па акуню. Ён паказваў ужо такі спрыт, але не такія былі акуні. Гэтыя ж, па ўсім, яшчэ і лізунчыкі. Усё б ім лашчыцца ды лашчыцца, няма таго, каб падвярнуцца да рукі жабрамі. Лоб, калі ласка, хвост, калі ласка, а жабры, як цюцька галаву, ледзь што не так, пад сябе, і скокам ад цябе.
Акуні не давалі Уладзіку ўзяць іх за жабры. Але, як заўсёды, на рацэ ён быў у гуморы: ён не столькі лавіў тых акунёў, як бавіў з імі час.
— У-цю-цю,— Уладзік злаўчыўся і цапнуў-такі акуня, але, калі выцягнуў яго з вады, гэта аказаўся не акунь, а акунёк, з сінімі, як акалелымі, што ў маленькіх хлопчыкаў на холадзе, губамі.
— Не мой,— сказаў Уладзік.— А куды дзеўся мой? Падманіў. Ну, ідзі, падшыванец, гуляй, прышлі да мяне маці.— I ён кінуў акунька зноў у ваду, прасачыў, як той, плешчучы хвастом, пабег да лазовага лісціка, схаваўся пад ім, лыпаючы, што свінчо, чырвонымі вочкамі, пазяхаючы лычыкам, што пачаў ужо акрэслівацца. Уладзік прыпаў тварам да вады, трымаючы на паверхні толькі вочы, каб бачыць акунька, шумна выдыхнуў з сябе паветра. Акунёк штопарам увінціўся ў ваду, знік у глыбіні.
— Вось так табе і трэба, маляўка,— сказаў Уладзік,— добра напужаў, больш не будзеш лезці пад руку.
Пастаяў, падумаў, ці трэба яму яшчэ рыба, ці ўжо хопіць з яго. Торбачка за плячыма была амаль поўнай. I былі ў ёй ліні, з кілаграм, а мо і больш. Ён узяў іх у жаберніку каля бабрынай нары. Хатка баброў апусцела, і ліні не баяліся заходзіць у норы, якія густа параслі лазою. I, каб узяць аднаго ліня, Уладзік патраціў з паўгадзіны. Лінь слізгацеў між лазы, як толькі падбіраўся ён да яго жабраў. Таксама добры лізунчык быў, як не мурлыкаў, не варкацеў у вадзе ад задавальнення, калі Уладзік казытаў яго заплыўшае салам чэрава. Клаўся на бок, падстаўляў гэтае чэрава, каб песцілі яго, крыўдзіўся, калі Уладзік спрабаваў схапіць яго за жабры, бурчэў, адплываючы ўбок, пускаючы за сабой сцежку сварлівых пухіроў. Па тых пухірах Уладзік кожны раз і знаходзіў яго, пакуль не прыжучыў, не тыцнуў мысаю ў твань на дне. Ушчаміўшы да твані, лёгка намацаў жабры. I лінь, якога ён выцягнуў, быў да таго мурзаты, што адмываць яго прыйшлося. Доўга разважаў, адпусціць яго ці ўзяць. I мо адпусціў бы. Але следам ішоў Анісім, а наперадзе яго Кандрат. Некаму з іх лінь гэты абавязкова б папаўся. А калі некаму, то хай лепш лезе ў яго торбу, хоць ён і пацешыў яго.
...Наогул сёння рыбалка і рыба ўсцешылі, сагрэлі Уладзіка. Ён, праўда, спазніўся з выхадам на гэтую старыцу, Кандрат з Анісімам апярэдзілі яго, але калі ёсць рыба, то мала што значыць, хто першы, хто апошні. А рыбы ў старыцу на цёплую ваду зайшло шмат, адкуль толькі. Акуні пад кустом, каля якога стаіць Уладзік, залеглі ў тры паверхі. Было б жаданне, можна мех напакаваць, і саліць, і варыць, і смажыць хопіць. Уладзік зняў з плеч торбу, прывязаў яе да набраклай, але адмерлай лазовай галіны, што вытыркалася са старыцы, і плазам кінуў сябе на ваду, нырнуў, перад вачыма адразу стала ўсё чырвоным і чорным, так густа, спрэс адна чарната і чырвань, стаялі, туліліся спіна да спіны акуні, паварушвалі зрэдку плаўнікамі.
— Акыш на вас, акыш на вас,— запрыгаворваў ён сам сабе і ўголас, выдзьмухаючы з лёгкіх паветра, пускаючы бурбалкі. Пачаў трэсці куст, масціцца ў ім, каб выгнаць з гэтага куста акунёў, што залеглі на жыроўку.— Плывіце, лайдакі, лопнеце ад тлушчу, а на беразе рыбакі вар'яцеюць, увесь магазін да апошняй бутэлькі выпілі, а цяпер вуды свае ламаюць.
Акуні, аднак, не вельмі слухаліся і зусім не баяліся яго, не спяшаліся бегчы, каб трапіць на кручок рыбаловаў-вудзільшчыкаў. Ніводзін з іх больш чым на два-тры метры не адплыў ад куста. I ўсе яны, як толькі Уладзік вынырнуў, вярнуліся і палеглі зноў на сваё ранейшае месца ў карчы.