Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ён не баяўся больш навальніцы, хаця яна толькі-толькі ўбіралася ў сілу. Маланкі паласавалі неба не затухаючы, і гром грымеў не перарываючыся. Але ў тых грымотах і няспынным блісканні Уладзік, ужо апрануты, бачыў нейкую цацачную гульню, як бы тэлевайну, калі на экране спрэс сполахі агню, распаленыя хобаты гармат, гром такі, што посуд звініць, а ніхто не падае, ніхто не памірае, бацька з маткаю мружаць вочы, угінаюцца, памяншаюць гук, а ён, Уладзік, можа глядзець і слухаць, яму хоць бы што. Хоць бы што было і цяпер раскацістае грукаценне навальніцы. Праўда, іншым разам ён яшчэ мімаволі ўгінаўся, але гэта калі грукат грому быў асабліва моцны і кароткі, хлёсткі, як хто сцёбаў перад самым яго носам бізуном. I тады Уладзік разумеў, што гэты ўдар трапіў у цэль, маланка асядлала хату ці дуб і дзярэ іх сталёвымі сваімі кіпцюрамі. Але ён не верыў, што маланка патрапіць у яго, ён жа ўтаймаваў навальніцу, што выспела ў ім, не дазволіў узарваць сябе толькі што, не дазволіць і далей. «Ну, нічога, нічога, Уладзік, пачакай паміраць, мы яшчэ дадзім копаці»,— сказаў ён зноў сабе, як гаварыў раніцай. Не звяртаючы ўвагі на дождж, гром і маланку, схадзіў да старыцы, дастаў з вады торбачку, у якой білася, трапятала, чуючы навальніцу, рыба. Павесіў торбачку на спіну і пачаў выбівацца з травы да дарогі.
Дарога там вілася ўсцяж ракі, то хавалася ў змрочных сырых лагчынах, то выскоквала на высокія і стромкія ўзлобкі кручы. У яе ўпляталася шмат іншых дарог і сцежак, якія нікуды не вялі, былі пратаптаны безыменнымі рыбакамі, што ў захапленыі і азарце, не шкадуючы ног, пракладалі тыя сцежкі. Прайшоўшы ад пачатку да канца адну з іх, Уладзік хацеў перабрыдаць ужо рэчку, але змеціў свежыя сляды ад пратэктара матацыкла. Пасля навальніцы, дажджу на вільготным пяску сляды бачыліся вельмі выразна. Матацыкл прайшоў трохколавы, адзін з пратэктараў з боку каляскі быў зусім лысы, бы тут праехаў не матацыкл, а прапоўз нейкі заморскі вялізны гад. Як на гада падкалоднага, і пазіраў на той след Уладзік. Не стаў перабрыдаць рэчку, пайшоў па следзе. Але хутка ён згубіўся, знікла і дарога. I раса на траве нідзе не пазбівана, ці то дождж тут прайшоў, калі матацыкл праехаў ужо, ці то матацыкл раптам набыў крылы і паляцеў.
I дарэмна Уладзік больш як гадзіну хадзіў кругамі, шукаючы яго след.
Торбачка з рыбай на плячах прыкметна пацяжэла, перашкаджала яму ў хадзе. Пакуль не заснула рыба, трэ было несці яе дахаты. Але Уладзік, будучы ўжо каля вёскі, перайшоўшы ўсё ж рэчку ўброд, скіраваў не да хаты, а зусім у іншы ад яе бок. У бок Нівак. Калі гэта быў той матацыкл і той чалавек, каторага столькі шукаў Уладзік, ён не міне Нівак. Толькі там, на Ніўках, каля пагранічнага слупка, які ахоўваў былы камандзір заставы смаленскі мужык Трафім Трубецкі, ацалела бабрынае жыццё, бобр з бабрыхаю і чацвёра бабранят. Сёлета, праўда, трое бабранят, дзвюх- ці трохгадовых, адсяліліся. Сышлі па рэчцы далёка ўніз, кіламетры два ад вёскі. Аблюбавалі сабе пад жытло пакінутую хатку, якую хтосьці гады два ці тры назад падпаліў. Мо падпаліў яе і той, што раскатвае на трохколавым матацыкле. Хатка цалкам не згарэла, агонь знішчыў толькі стрэшку, была вялікая вада. Дым, канечне, вымусіў баброў вылезці з хаткі, дзе іх чакалі і забілі.
I засталася хатка беспрытульнаю, але, як кажуць, свята месца пуста не бывае, прыйшлі бабры з Нівак і занялі хатку. Ніўскіх перасяленцаў Уладзік ахрысціў пагарэльцамі. I аб пагарэльцах, новым сямействе баброў, і аб бабрах ніўскіх ведаў адзін толькі ён. Значыць, калі з'явіўся ў акрузе жывадзёр, ён абавязкова даскочыць да Нівак. Да ўсяго ж у вёсцы апошнім часам толькі гаворкі пра тыя Ніўкі: адно — ходзіць нехта там уначы і палохае, другое — баброў, кажуць, там распладзілася процьма, што гразі баброў. I забіць іх нельга, замоўленыя яны. I здаецца, зусім гэта нават не бабры, а людзі, добрыя людзі. I на Ніўках царства іх нябеснае. I ляжа яшчэ хтосьці, ляжа за тыя Ніўкі. Пляткараць што каму ў галаву прыйдзе. Канечне, пляткараць. Але, як толькі пайшла гуляць па сяле гэтая плётка, Уладзік пачаў перасцерагацца хадзіць на Ніўкі. I справа была не толькі ў тым, што баяўся, хаця мелася і гэта, але ж спыняла Уладзіка не боязь: калі там сапраўды людзі, іх царства нябеснае, то не варта яму трывожыць іх. А ўсцешыць душу маглі і пагарэльцы.