Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Ну, бог з вамі,— сказаў Уладзік, па-звярынаму атрасаючыся ад вады.— Вось вернецца Анісім ды падыдзе Кандрат, будзе вам. Не хочаце жыць, і не трэба.— Усё гэтак жа атрасаючыся, ён пабрыў да берага. На беразе зняў і выкруціў сарочку і штаны, разаслаў іх на траве, абмяў траву і лёг сам. Дурманліва пахла нябачная ў высокім канапляніку мята, пахла так, што калола ў віскі, і не адна толькі мята. Кожная травінка, кожны кусцік млява знемагалі ад пахаў, струменілі іх у ціхае і нерухомае паветра так шчодра, што нават абвялі крыху, пабляклі. Будзе дождж, будзе навальніца, уга, якая будзе навальніца, радасна падумаў Уладзік. I адразу ж радасцьтая адышла, прыхлынуў страх. Ён баяўся навальніцы, чаму, не ведаў і сам. Баяўся, і ўсё. I асабліва навальніцы каля вады, на гале ў лесе ці ў чыстым полі, калі перад вачыма толькі далячынь ці роўнядзь вады. Нараджэнне грому і маланкі здавалася яму загадкавым, недаступным розуму. Неба ўсё навідавоку, і пуста там, у небе, нікога і нічога, а рвецца ўсё і рушыцца. I вось-вось, здаецца, пачнуць валіцца на галаву камяні, а яму і схавацца няма дзе. I ўсе грамы — як у цябе пад нагамі, усе маланкі над галавой. А на галаве ў яго толькі кепачка, і тая ўжо намокла. Бегчы няма куды, і нельга бегчы, гром і маланкі толькі і цікуюць таго, хто бяжыць. I вада іх прыцягвае. Чалавек у полі і каля вады бачны здалёку, і безабаронны ён перад небам.
Трэ было як мага хутчэй адыходзіць ад вады, але далёкая яшчэ навальніца нібы паралізавала Уладзіка. Ён бачыў, як паспешліва пакінулі старыцу, так і не дайшоўшы да куста з акунямі, Кандрат з Анісімам. Хацеў крыкнуць, каб яны пачакалі яго, але не змог, адно — пасаромеўся выказаць свой страх, другое — збаяўся, што страх гэты выкліча прыпадак і наробіць ён клопату Анісіму з Кандратам. А прыпадак, выбуховая яго моц запасілася ў ім, спелілася навальніцаю, што надышла ўжо бліжэй. I Уладзік адчуваў, што сам ён кожную хвіліну можа выбухнуць громам і маланкамі. I выбух гэты можа зрабіцца апошнім для яго, таму што ён быў шчаслівы, таму што пачынаючы іменна з сённяшняга дня ён прагнуў ужо жыць. I не для сябе. Яму цяпер было дзеля каго жыць. I жыццё было ўжо дорага яму не як слепа дараваная прыродай дадзенасць, дараваная не толькі яму, а ўсяму існаму, хто мог бы адрозніваць святло ад цемры, весці адлік ад таго святла і цемры, бяздумна куляцца ў іх да той пары, пакуль канчаткова ўжо не згасне святло. А яму жыццё было дорага і тым, што ён мог з розумам патраціць яго, аддаць, ахвяраваць дзеля жыцця другога. I іменна магчымасць такой ахвяры, траты была даражэй Уладзіку, чымсьці само яго жыццё. I іменна разважаючы пра гэта, ён пайшоў сёння з хаты, гаворачы сабе: «Ну, нічога, нічога, Уладзік, пачакай яшчэ паміраць». I ішоў ён на рэчку, уступаў у лес, уваходзіў у ваду, як наваселец улазіць у новую хату. Цяпер жа над яго хатай навісла хмара, і па змрочным кавадле неба са сталёвага сэрца той хмары каваліся гартаваныя стрэлы. I стрэлы тыя былі нацэлены на яго, Уладзіка, ён адчуваў гэта, таму што горача рабілася ў грудзях, збіралася навальніца і ў яго грудзях. У ім таксама каваліся стрэлы. Стрэлы супраць стрэл. Хмары супраць хмар, гром супраць грому. Але што яго стрэлы, што яго гром у параўнанні са стрэламі і громамі нябеснымі.
Толькі б вытрымаць першы ўдар, толькі б не страціць адразу прытомнасць, толькі б не выключыцца адразу, думаў Уладзік, лежачы ў густой і знямоглай ад пахаў траве. Калі ён вытрымае адно толькі імгненне, самае жахлівае, калі падміргне яму чырванню неба, а ён не заплюшчыць вачэй, не дазволіць агарнуць сябе страху, што выспеліўся ўжо ў ім, ён застанецца, ён будзе. А калі, калі... Прагрымеў першы гром, не асвятліўшы чамусьці неба маланкаю, пакаціўся і загруз далёка яшчэ ад яго, дзесьці над вёскай. Павеяла ў твар колкім і пругкім ветрыкам. Зараджаны тым далёкім громам і нябачнай маланкай, нібы навальніца абмацала яго твар, Уладзік ад дотыку гэтых яго шчупальцаў толькі злёгку прымружыў вочы, але не засляпіў іх, прыкрыў рукамі, імкнучыся рукамі абараніць і голае горла, бы навальніца магла задушыць яго. Абараніў горла і спахапіўся, зразумеўшы, што ён увесь голы. Голы перад навальніцай. I Уладзіку стала горача і сорамна ад думкі, што ён можа так і застацца голым. Кончыцца навальніца, кінуцца людзі шукаць яго і каля акрыялай пасля дажджу, высокай і не такой ужо духмянай травы знойдуць яго голым, без штаноў і сарочкі. I людзям будзе сорамна за яго. Уладзік хапатліва ўзняўся на ногі і пачаў апранацца. Апранаючы сарочку, прапусціў першы сапраўдны ўдар грому і першую маланку, адчуў, убачыў іх не слыхам і зрокам, а схіленай да зямлі галавой, цемечкам. На галаве, на цемечку яго, як трэцяе вока прарэзалася, і яно прыняло, зрабіла больш мяккім той грымотны выбух і пражэрлівы агонь, ад якога ён павінен быў, Уладзік ведаў гэта, аслепнуць і аглухнуць. А дзякуючы таму трэцяму літасціваму воку ён здолеў перапусціць праз сябе гром і маланку. Нават прасачыў, як яны, выгінаючыся, папаўзлі ад яго па сырой, прыхопленай ужо дажджом, што набег з-за спіны, зямлі ў старыцу, сканалі ў старыцы, абярнуліся чырвоным гадам. Вада забулькацела, засыкала, прыняўшы ў сваё лона таго гада, і гад засыкаў, раз'ятрыўся, бы апёкся аб ваду, папоўз па ёй, пашыўся ў сухі лазовы куст, што стаяў на адзіноце, каля якога нядаўна Уладзік лавіў акунёў. Куст пыхнуў сінім полымем, якое адразу ж патухла. Патухла так хутка, што Уладзік нават і не ўцяміў, было яно ці не.