Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Падымаюся з фатэля, і перліны ссыпаюцца з маіх каленяў на камень. Адна з іх коціцца доўга-доўга, я чую яе, аж пакуль не выходжу з залы.
Адзінарог сапраўды ля старой віхлы. Ён белы, як туман. Нагадвае невялікага каня з недарэчна кароткімі нагамі. Вочы ў яго вялізныя, чорныя і вільготныя, а рог над імі выглядае зусім не пагрозна. На яго наліплі травінкі.
Я гладжу адзінарога па схіленай шыі, і ён пакорліва ківае галавой. Дрэвы паціху шумяць, поўныя жыцця і лістоты.
— Ідзі адсюль,— ціха кажу я адзінарогу.— Я не магу ўзяць цябе ў свой замак. Разумееш, там — людзі. Ім уласціва глядзець міма вачэй і ўпотай усміхацца. І тут ты не можаш застацца. Сюды рана ці позна прыедуць тыя. І я не абараню цябе. Я нават не заўважу, калі яны цябе пакрыўдзяць. Гэта было б непрыстойна, прабач.
Адзінарог нібыта разумее мяне, ён няўклюдна паварочваецца і бяжыць у гушчар, і я заўважаю, што на дрэвах ужо ёсць першае ссохлае лісце — адзінарог абтрасае яго з галін.
Мае перліны, сабраныя нечымі руплівымі рукамі, ляжаць у адчыненым куфэрку. Я не буду пералічваць, ці ўсе яны на месцы.
— Пані бачыла адзінарога?
Цяпер я, здаецца, паспяваю злавіць выраз яго твару. Чамусьці дакорлівы.
— Пані пакінула яго ў лесе?
Хіба я павінна апраўдвацца перад кімсьці? Ён разумее, што я абураная, і з нізкім паклонам выходзіць. Але я ніколі не выкажу свайго абурэння. Гэта непрыстойна.
Паўз замак зноў праязджалі гэтыя. Я сядзела перад акном, хвіліны з сухім шоргатам перасыпаліся з далані на даланю і былі халодныя, як кавалачкі лёду. Гэтыя праехалі асабліва блізка, ледзь не зачапілі кусты шыпшыны, з рогатам махалі мне і клікалі некуды — ці проста пасміхаліся. Конь першага з іх быў пакрыты белай, як туман, скурай...
А шыпшына амаль адцвіла... Трэба сказаць, каб з каморы прынеслі зялёны кілім. Калі перліны падаюць на яго, іх вельмі цяжка адшукваць у бухматай поўсці, прапахлай стогадовым пылам. Затое не чуваць, як разбіваецца мой час аб халодны камень.
Сёння забаўлялася са срэбнай сальнічкай працы Бенвенута Чэліні. Цудоўная рэч у выглядзе ракавінкі, якую абшчаперыў маленькі хлопчык. Ракавінка прыўкрашаная буйнымі перлінамі, быццам пырскамі марской вады. Калі націснуць на сярэднюю перліну, створкі ракавіны прыадчыняюць хвалістыя краі — ледзь-ледзь, каб між вытанчанымі зубчыкамі маглі прасыпацца крупінкі солі. Калі ж націснуць на перліну тры разы запар, ракавінка адчыняецца ўся, і можна насыпаць туды соль. Але ніхто за апошнія сто гадоў не насыпаў солі ў гэтую прыгожанькую забаўку — яе проста прыемна трымаць у руках, глядзець на яе. Шалёны Бенвенута заўсёды пераўзыходзіў сам сябе, калі рабіў такія рэчы,— у падарунак асобам, якіх моцна пакрыўдзіў. За кожным яго грэхам ці прамым злачынствам узнікаў ювелірны шэдэўр, якім майстар адкупляўся ад справядлівага гневу і духоўных, і свецкіх улад, і прыватных асоб. Я часта думаю, які менавіта грэх спарадзіў гэтую сальнічку,— яе першай уладальніцай была жанчына. Наўрад ці гэта быў грэх кахання — іначай сальнічкай валодалі б нашчадкі тае італьянскай арыстакраткі, а не я.
— Пані, на ваш літасцівы суд прывялі вядзьмарку.
І зноў я не паспяваю злавіць выраз твару чалавека, які звяртаецца да мяне. Бачу толькі нізка нахіленую спіну.
Вядзьмарку прывезлі гэтыя. Яны не насмеліліся зайсці ў замак, але я чую іхнія непрыстойна вясёлыя галасы і смех пад сваім акном. Нехта з іх пачынае нават насвістваць нейкую валацужную песеньку. Гэта занадта! Пастараюся разабрацца са справаю хутчэй.
Вядзьмарка стаіць сярод залы на маім зялёным кіліме. Яе босыя ногі па шчыкалаць патанаюць у ваўнянай пыльнай траве. Вядзьмарка адразу падалася мне падлеткам. Але я прыгледзелася і зразумела, што памылілася. Гэта дарослая жанчына прыблізна маіх гадоў, толькі невысокая і худая. Яна глядзела на мяне спадылба вузкімі зялёнымі вачыма. Я зразумела, што яе пагляд скіраваны на мае пальцы, якія націскаюць на перліны срэбнай сальнічкі, то адчыняючы, то зачыняючы яе ракавінку. Мне зрабілася непрыемна. Я паставіла забаўку на столік і строга сашчапіла рукі на каленях. Увесь гэты час нехта ледзь не плаксівым голасам расказваў пра злачынствы маленькай жанчыны, што стаіць перада мной. Не памятаю дакладна, здаецца, мясцовыя сяляне вінавацілі яе ў тым, што яна ўмела лётаць, выклікала вецер і дождж і выпівала чужое жыццё. Раптам я ўсвядоміла, што вядзьмарка настойліва зазірае мне ў вочы. Мяне перасмыкнула, быццам давялося пераступіць цераз жабу. Я моўчкі глядзела на свае сашчэпленыя рукі і старалася думаць пра тое, якія ў мяне прыгожыя тонкія пальцы, як неверагодна пяшчотна прасвечваюць скрозь бледную скуру блакітныя жылкі. Я сціснула пальцы трохі мацней, і жылкі набраклі, выступілі над паверхняй скуры. Не, здаецца, гэтак непрыстойна...