Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
А можа, захоча і сёння давесці, што... органы не памыляюцца?
Гідкі халодны пострах заварушыўся пад сэрцам, як смоўж. Вось жа — заўважыла, напэўна, што на ім замежныя рэчы. А падчас апошняй камандзіроўкі ў Браціславу была тая зусім не патрэбная і занадта шчырая размова з суайчыннікам-эмігрантам... І Сапяжынскі, калі пісаў закрытую справаздачу пра іхнюю навуковую групу — а што вы думалі, выпусціў бы яго хто за мяжу, каб не згадзіўся «адчытацца» перад органамі?— пра ўсіх калег сумленна напісаў, а пра сваю гэтую размову — не. А потым яму перадалі ад таго эмігранта настальгічны падарунак — гатычны раман «Франкенштэйн» у перакладзе на беларускую мову. І ён з радасцю прыняў. А яшчэ ёсць запісаныя па просьбе сябрука-гісторыка ўспаміны — усё, што ведаў пра дзеда, тэолага і паўстанца. Зусім мала, абрыўкі падслуханых бабуліных размоў, тое, што засталося ў памяці з прагледжаных дзедавых папер — зноў асобныя фразы, назвы твораў... Сябрук сказаў — пакуль, вядома, гэта не пойдзе, але калі-небудзь... Абяцаў нікому не паказваць...
Ёсць і яшчэ грашкі... Зараз данос, няхай ад звычайнай правадніцы — і накрыецца паездка ў Люблін...
Урэшце, для яго ўсё скончылася добра. У лагерах патрапіў у спецыяльнае тэхнічнае бюро — выручылі навуковыя веды, артылерыйскі вопыт і ўдача: якраз тэрмінова спатрэбіўся спецыяліст ягонага профілю. Потым — вызваленне ў пераломным пяцьдзясят трэцім, пасля смерці Сталіна. Рэабілітацыя, універсітэт...
А вось у таварыш Рабко, здаецца, кар’ера не пайшла... А ён думаў, што яна ўжо прынамсі маёр альбо падпалкоўнік.
Цягнік працягваў сваю манатонную песню, ці то жальбу, ці то безнадзейны праклён, нібыта металёвы Франкенштэйн, ажыўлены для рабскай працы. І нікому не было справы да ягоных механічных высілак, да таго, ці правільна б’ецца яго жалезнае сэрца, і да машыніста, які ўглядаецца ў ноч, у якую ляціць нібыта сам па сабе часовы дом для некалькіх соцень людзей, што так лёгка можа стаць іх апошнім домам, ператварыцца ў човен Харона.
...Цягнік па адной выплёўваў заспаныя душы на змрочны, як бераг Леты, перон Беларускага вакзала. Хведар Сапяжынскі, у плашчы, з партфелем, з насунутым нізка на вочы капелюшам прасунуўся міма правадніцы... Але позірк нібыта сам па сабе слізгануў убок. На мезенцы кароткапалай рукі, што трымала чырвоны флажок, не было пазногця.
Калі Хведар, ужо аддаліўшыся ад ярка асветленага вакзала, праходзіў міма сметніцы, то, асцярожліва азірнуўшыся, выкінуў у яе загорнуты ў газету «Правда» патрапаны кішэнны томік з гатычнымі літарамі на вокладцы.
2008
Дыярыуш пані
Перасыпаю хвіліны з далані на даланю. Яны блішчаць і пяшчотна шаргочуць, быццам перліны. У паўпразрыстым цэнтры кожнай — вострая зрэнка вечнасці. Можа быць, гэта сапраўды толькі перліны.
Сёння зноў перад замкам праязджалі гэтыя. Нешта крычалі, ці то клікалі з сабою, ці то пагражалі. Страусавыя пёры ківаліся на іх капелюшах бела-ружовымі аблачынкамі, а на скураных пальчатках здалёк паблісквалі жалезныя заклёпкі. Я ніколі не звяртаю ўвагі на тых, хто праязджае паўз парк. Гэта непрыстойна.
Хвіліны ссыпаюцца на аксаміт зусім бязгучна. Але часам яны саслізгваюць з маіх каленяў і б’юць па каменных плітах падлогі звонкім дажджом. Я не люблю дождж. Калі пад маім акном згасаюць апошнія кветкі шыпшыны, дождж пачынае ісці кожны дзень. Праз яго шэры вэлюм праглядаюцца толькі цёмныя абрысы дрэў. Яны роспачна ломяць голле ў лахманах парадзелага лісця, і хістаюцца, і ківаюцца ў вечным маленні жывога аб жыцці. Шыпшына яшчэ не адцвіла.
— Пані, у вашым лесе з’явіўся белы адзінарог.
Чалавек нізка схіліўся перада мной, і я не бачу ягонага твару. Можа, ён і ўсміхаецца — гэтак з’едліва, куточкамі вуснаў, як умеюць усміхацца толькі верныя слугі.
— Ніхто пакуль яго не спалохаў?
— Не, пані. Яго бачылі толькі здаля, каля старой віхлы, па дарозе да возера. Але гэта дакладна адзінарог. Белы, вельмі прыгожы звер.
— Загадай сядлаць майго каня...
— Слухаюся, пані...— І зноў я не паспяваю злавіць выраз яго твару.
Чамусьці я больш уяўляю, якія выразы твараў павінны быць у тых, хто побач са мной, чым сапраўды бачу гэта. Асабліва не люблю зазіраць у чужыя вочы. Мне здаецца, што тыя пляскатыя пачуцці і думкі, якія я там магу прачытаць, пяройдуць да мяне і прыліпнуць да маёй кволай душы, так што забудуся, якая я — на самай справе, дзе — маё адчуванне, а дзе — чужое.