Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Раптам дзяўчына нібыта перамянілася. Падняла з падлогі мокры цяжкі шынель, усцягнула на сябе — без нервовасці, хутка, але ўпэўнена. Зашпілілася, змрочна выпрасталася. Хведар скалануўся... Ён пазнаў ранейшую супрацоўніцу КДБ, без полу і ўзросту — чалавек-функцыя, якая глядзела з грэблівай нянавісцю і чырванела ад насалоды, калі яму рабілася нясцерпна балюча.
— Я сапраўды ўсё рабіла правільна. Засумнявалася, дурніца. А ты... ты параўноўваеш супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі з фашыстамі?!! А яшчэ франтавік... Панская парода, адно слова!
Яна выхапіла з ягоных рук сваю «перадсмяротную» цыдулку.
— Паслухай, ты няправільна зразумела...
У адказ ляснулі дзверы.
Хведар, зняможаны, апуціўся на венскае крэсла са спінкай у выглядзе драўлянага вензеля, прытуліў забінтаваную руку да грудзей, як дзіцёнка. Нават пачаў гушкаць — каб супакоіць пульсуючы боль. Разбалбатаўся, дурань... Знайшоў каму душу адкрываць. Самота, браце, да дабра не даводзіць... Пашкадаваў гадзюку. На фронце было прасцей... Думка падалася такой крамольнай, што Хведар нават галавой патрос, каб адагнаць гэты блёкат.
За ім прыйшлі назаўтра. На гэты раз памылка выключалася. Ён мусіў адказваць за сябе. Спыталі з яго па поўнай. Не лёс быў трапіць капітану Сапяжынскаму ў Вялікія Лукі. Прынамсі, у бліжэйшыя пятнаццаць гадоў, на якія яго асудзілі. З Валянцінай Рабко ён падчас следства не сустракаўся — толькі пазнаваў у цытатах з даносу яе голас.
...У цягніку Мінск — Масква дружна пазвоньвалі казённыя лыжачкі ў гранёных шклянках з гарбатай. Нехта з нешматлікіх пасажыраў, можа, каб адагнаць тугу, што непазбежна ўзнікае пры поглядзе на восеньскую цемру, што згушчаецца за вокнамі вагона, і прадчуванне бяссоннай ночы, разварочваў хатнія прыпасы — бутэрброды з кілбасой, запечаную курыцу, успетую ў якасці дарожнай ежы яшчэ Ільфам і Пятровым... Ну і тое-сёе, каб не есці сухама...
Немалады каржакаваты пасажыр, які апынуўся адзін у купэ, здавольваўся жытнёвай кавай. Па-першае, натуральнай кавы ў цягніку не аказалася, па-другое, ён не любіў гарбаты. Калі ён памешваў лыжачкай у шклянцы, можна было заўважыць, што на мезенцы няма пазногця. Што ж, па ўзросце пасажыр павінен быў прайсці вайну, таму ніякія шнары і сляды раненняў не здзівілі б назіральнікаў, але мужчына ў купэ знаходзіўся на самоце. Каротка стрыжаныя валасы амаль сівыя, але ад усёй постаці сыходзіць спакойная сіла: моцныя плечы, шырокі ў выліцах твар, пільныя цёмныя вочы. Дужы склад цела было добра відаць таму, што пасажыр павесіў свой пінжак у кут купэ, на драўляныя плечыкі, і застаўся ў шэрай вадалазцы — стыльным тонкім швэдары з каўняром пад горла (такія ў Савецкім Саюзе яшчэ не рабілі). Мужчына адпіў кавы і кінуў сумны позірк на стос тэчак, які ляжаў тут жа, на століку. Ну не было калі як след рыхтавацца да канферэнцыі. Значыць, давядзецца праглядаць цяпер. Зноў не ўдасца выспацца...
У дзверы купэ нехта пастукаў, хутчэй сімвалічна, чым пытаючыся даволу ўвайсці, бо дзверы зараз жа расчыніліся. Правадніца, таўсманая, уся нібыта вылітая з нейкага цвёрдага матэрыялу, з невыразным пляскатым тварам і светлымі, шырока расстаўленымі і таксама невыразнымі вачыма, гучна спыталася:
— Бялізну браць будзеце?
Адзіны насельнік купэ чамусьці маўчаў, гледзячы на гаспадыню вагона, як спрактыкаваны мастацтвазнаўца на выдатна вядомую яму карціну выбітнога майстра, якую толькі што абвесцілі падробкай.
— Мужчына, не затрымлівайце мяне! Калі будзеце браць, адзін рубель пяцьдзясят капеек.
Пасажыр, страсянуўшы з сябе аслупяненне, пацягнуўся ў кут, да пінжака, дастаў з яго кішэні партманэ.
— А грошы, мужчына, у грамадскіх месцах пры сабе трыймайце. А то знікне якая трасца, на правадніка адразу насядаюць. Нехта ў іх заўсёды вінаваты...
Звяглівы голас правадніцы гучэў ужо ў калідоры, было чуваць, як яна стукае ў дзверы наступнага купэ...
Хведар закрыў твар рукамі.
Не пазнала... Ці зрабіла выгляд, што не пазнала? Хіба па ёй зразумееш...
Дый і пра што ім размаўляць? Ці таварыш Рабко зноў захоча пакаяцца перад ім, цяпер ужо за шэсць гадоў лагераў, куды патрапіў пасля яе даносу, у Сібір, як калісьці ягоны дзед? Не, каяцца дама не будзе. Хутчэй, дасюль шкадуе аб сваёй юнацкай часовай слабасці, калі прыехала ў хату былога паддоследнага са смешнай цыдулкай: «Прашу нікога не вініць у маёй смерці», гатовая нават быць забітай, абы пазбавіцца пакутаў сумлення.