Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Я падымаю правую руку ўверх, затым рэзка апускаю яе, нібыта хачу забіць нешта дробнае. Плаксівы голас змаўкае, вядзьмарку выводзяць з залы. Кілім паглынае гукі крокаў.
Цікава, у мяне таксама вузкія зялёныя вочы. Я бяру са століка сальнічку і спрабую ў бліскучай срэбнай паверхні разгледзець свой адбітак. Сустракаю позірк вядзьмаркі і зноў стаўлю сальнічку на столік. Пад акном загалёкалі тыя. Хутка тупат іх коней змоўк. Вядзьмарку яны, канешне, забралі з сабой. Але што яны з ёй могуць зрабіць, вясёлыя, злыя, бездапаможныя, і што яна захоча зрабіць з імі, тая, што выпівае жыцці?
У зале нікога няма, і я яшчэ раз паўтараю свой велічны жэст: рука — уверх і рэзка ўніз, як быццам у гэтым руху ёсць нейкі сэнс і непазбежнасць.
Хто ведае, можа, і ёсць.
— Можа, пані жадае запаліць у зале свечкі?
Сапраўды, ужо сцямнела. На століку з’яўляецца падсвечнік з чатырма жоўтымі свечкамі. Яны разганяюць куточак цемры вакол мяне. Павольна падношу далонь да аранжавага, з сінім пасачкам унутры агеньчыка. Балюча. Але я не адразу прымаю руку. Цяпер на ёй доўга застанецца пацалунак агню.
За акном таксама цёмна, але недзе далёка з боку вёскі бачыцца цьмянае святло, нібыта запалілі вялізную свечку.
У кожнай перліне сальнічкі гарыць маленькі жоўты агеньчык і хаваецца пагляд вузкага зялёнага вока.
Бадай што, я насыплю ў гэтую штуковіну солі.
Калі маё акно завешваюць шэрым вэлюмам дажджы, я ведаю, што хутка адбудзецца баль. Кожны год, у адзін і той жа дзень, заўсёды сумны і дажджлівы. У вялікую залу ўносяцца пазалочаныя кандэлябры, каб святло разлівалася ў кожным куце. Мяне апранаюць у сукенку з такой шчыльнай, пругкай тканіны, што калі я саджуся, тканіна згінаецца з лёгкім трэскам, нібыта ламаецца. Затое трымаешся ў такім строі незвычайна прама і годна. Гэта кампенсуе некаторыя нязручнасці.
Госці кожны год таксама адны і тыя ж. Іх няшмат, але ніхто ні разу не прапусціў дзень балю. Да таго ж далучаць да свайго кола новых людзей непрыстойна.
Абавязкова прыедзе Мадам. Мне не вельмі падабаецца яе манера звяртацца да мяне, як да маленькай дзяўчынкі. Яна лічыць, што можа даваць мне парады, і робіць гэта з задавальненнем. На жаль, я не магу перапыняць яе і вымушана адказваць: «Так, Мадам... Дзякую за клопат, Мадам». Хаця калі б я мела такія тоўстыя пальцы з кароткімі тупымі пазногцямі, пукатыя травяністыя вочы і заўсёды безгустоўна падабранае яркае адзенне, я сядзела б ціхенька і слухала іншых. Але Мадам ніколі нікога не слухае. Нават Доктара. Зразумела, ён не просты кровапушчальнік. Іначай ніколі не трапіў бы ў наша кола. Ён нават з выгляду высакародны і вытанчаны. Яго вусны строга падціснутыя, а пагляд вачэй балотнага колеру востры, як ланцэт. Доктар гаворыць рэдка, але кожнае яго слова — як удар залатога дынарыя аб каменны стол. Я не заўсёды разумею яго словы, але хутчэй памру, чым прызнаюся ў гэтым. Калі Доктар гаворыць, ён ніколі ні на каго не глядзіць, нібыта лічыць роўным сабе суразмоўцам толькі сябе самога. Але мне здаецца, што ён звяртаецца менавіта да мяне, што ўва мне ён угледзеў востры нежаноцкі розум, і мне калісьці перадасць асновы сваёй таемнай навукі. У што апрануты Доктар, я нават не магу ўспомніць. Ён заўсёды ў нечым цёмным.
Зразумела, прыедзе і Кузіна. Яна сапраўдная дурніца. Шараговая прыгожанькая ідыётка з вялізнымі смарагдавымі вачыма і маленькім ружовым ратком. Кузіна мяне абагаўляе. Вось ужо ў чыёй любові не адчуваю патрэбы. Яна б вельмі хацела са мной паразмаўляць, вось толькі, небарака, не ведае, пра што. Лупіцца на мяне сваімі смарагдавымі вачыма, міла ўсміхаецца, часам вымаўляе птушыным галаском нейкія банальнасці. Яе асоба не цікавіць нікога, акрамя Блазна і Брэцёра. Гэта я прыдумала ім такія мянушкі. Блазан і Брэцёр — два браты. Блазан, нязграбны і кірпаносы, перапоўнены нейкай шчанюковай верай у добраўпарадкаванасць свету і богападобнасць яго насельнікаў. Ён страшэнна хоча быць усім карысным, усім падняць настрой, зазірае кожнаму ў вочы, без канца жартуе — вельмі тупа, дарэчы,— і, здаецца, ад замілавання круціць нябачным хвастом. Кузіне ён падабаецца, бо яго жарты ёй зразумелыя. Але хаця Блазан траціць найбольш свае досціпы перад Кузінаю, я ведаю, што яго ўвага скіравана ў іншы бок, і каб я хоць раз усміхнулася ў адказ на яго намаганні, ён, мабыць, памёр бы ад шчасця на месцы, як згублены сабака, якога нарэшце прылашчыла рука доўгачаканага гаспадара.