Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Усё давяршыла тэлефанаванне ў Вялікія Лукі. На пытанне, ці прыбыў на месца службы капітан Фёдар Станіслававіч Сапяжынскі, бадзёры голас адказаў, што няхай пільнае начальства не хвалюецца залішне, бо франтавікі ў адрозненне ад тылавых пацукоў ніколі не позняцца. Аднапалчанін, як абяцаў, «адмазваў», нахабна (і звыкла) парушаючы вайсковы статут дзеля франтавога братэрства...
Для Хведара гэтае сяброўскае геройства азначала прысуд.
Ён мог зразумець сілу нянавісці месцічаў. У ім ужо многія «пазнавалі» забойцу свайго бацькі, ката сястры, згубцу дзяцей... Інстынктыўная патрэба — убачыць вінаватага ў тым, што абрушылася тваё жыццё, і хай ён сплоціць...
Чамусьці ярчэй за ўсё запомнілася, як з яго здзіралі медалі...
Вядома, ён ведаў, што памылка рана ці позна высветліцца.
Але вельмі хутка пачало здавацца, што гэта назаўсёды, і надзеі няма. Так, ён спрабаваў быць спакойным, і тлумачыць, і ставіў сябе на іх месца — сам жа, калі трэба было, выстраліў здрадніку ў патыліцу, не вагаючыся, і ніякага шкадавання не меў да маладзенькага бялявага хлапца, лічы, падлетка. Нібыта той і чалавекам перастаў быць пасля таго, як, узняўшы рукі і нягегла прыгнуўшыся, рушыў у бок немцаў, усхліпваючы, молячы, благаючы...
А потым з’явілася яна, штодзень (ці штоночы?) на колькі гадзінаў падмяняючы спрактыкаваных барацьбітоў са шпіянажам. Як ён зразумеў, даверылі «збіваць з яго фанабэрыю» таварышу Валянціне менавіта таму, што палічылі, гэта асабліва крыўдна — дарослы дужы мужык цалкам ва ўладзе сцервознай дзеўкі. Толькі-толькі скончыла курсы, амбіцыйная, страшэнна перажывае, што не паспела паваяваць на фронце...
Сваё першае заданне таварыш Рабко выконвала са стаханаўскім імпэтам.
Хведара зноў тузанула ад успамінаў.
А цяпер яна стаіць перад ім, і кажа, што выканае ўсё...
Хведар сціснуў сківіцы, памаўчаў. І прагаварыў халодна:
— Ну давай распранайся.
Госця, не змяніўшыся ў твары, расшпіліла гузікі мокрага шыняля, ледзь не абламаўшы караткаватыя моцныя пальцы. Пашукала, куды пакласці шынель... Зірнула на нерухомага гаспадара... кінула на падлогу. Узялася расшпільваць кофтачку, на хвілю замарудзілася:
— Толькі... Я мала што ўмею. Ну... Такога...
Хведар ледзь не застагнаў ад агіды — да яе, да сябе, да сітуацыі.
— Адставіць! Ідыётка!
Ад яго рэву яна ледзь не павалілася. Вочы — аж круглыя ад спалоху.
Што ж, яму трэба было перакрыкваць гарматы, калі камандаваў гарматным разлікам.
— Зашпіліцеся, мадам.
На яе шчоках запунсавелі плямы. Як у гераіні першамайскага плаката. Мёртвае паветра хаты, здавалася, згушчаецца, як перад навальніцай. Хведар цадзіў скрозь зубы:
— Значыць, хочаш, каб я з табой штосьці ўтварыў — на знак прабачэння? Дык што з табой зрабіць — згвалціць? Набіць пысу? Паставіць на калені гадзінак на дзесяць? Ці прыстрэліць? Га?
Валянціна зглытнула, утаропіўшыся ў падлогу з пісягамі няўмела вымытага бруду.
— Што, цяжка адчуваць сябе навалаччу?
Яна прыкусіла губу.
Хведар жорстка працягваў:
— Я не дам табе палёгкі, выявіўшыся навалаччу сам.
— І... як мне далей... жыць з гэтым?
І глядзіць яснымі блакітнымі вачыма. Хто ведаў, што ў паненкі такая тонкасць пачуццяў.
— Як жыць? — Хведар пасміхнуўся.— А як жывуць твае старэйшыя калегі, якія мяне дапытвалі? Чамусьці лейтэнант Кравец альбо маёр Тусклы не прыехалі да мяне з просьбай набіць ім пысы. Спяць па начах спакойна. Што яны табе сказалі? Што вы ўсе проста выконвалі сваю працу, так?
— Так...— Валянціна круціла гузік на кофтачцы, нібыта гэты касцяны кругляшок смяротна правінаваціўся перад ёю.— Сказалі, што лепей, калі пацерпяць дзесяць невінаватых, чым прапусціць аднаго сапраўднага дыверсанта ці здрадніка.
— А ты, значыць, так не лічыш? Ці верыш, што да мяне не арыштавалі ніводнага невіноўнага? І што я — апошні, каго забралі памылкова?
Таварыш Рабко стаяла, унурыўшыся.
— Не ведаю...
Вецер за вокнамі зноў пачаў шалець, кідацца ў вокны, быццам галодны птах. Людзі таксама ў пошуках ратунку лятуць на святло прыгожай ідэі, і не разумеюць, што за нябачная сцяна раптам вырастае перад іх шчырым парывам, чаму аб яе ў кроў разбіваюцца іхнія лёсы.
Зямля пад сценамі кожнай утопіі ўсыпана пер’ямі і заліта крывёй. А ў цёплай хаце, ля агменю цешацца сваёй справядлівасцю выбраныя... Якім не дадзена шкадаваць тых, што слепа б’юцца ў вокны.
Дзяўчына пераступіла з нагі на нагу, Хведар зразумеў, як яна стамілася. Што ж... Трэба завяршаць размову. Запрашаць прысесці неяк не хацелася. Вось жа не пашанцавала дзеўцы — першае заданне, і трапіла на памылкова арыштаванага героя вайны.