Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 178 179 180 181 182 183 184 185 186 ... 260
Перейти на страницу:

— Што гэта ты? — сумелася Ганка, адразу сагнаўшы з твару лагодную ўсьмешку. Ён не адказаў і, засунуўшы наган у кішэню галіфэ, выскачыў з хаты.

Першы падворак, куды ён завітаў з вуліцы, належаў Паланеі Дворчысе, не маладой ужо, але цягавітай, у сіле ўдаве, соткі якой за плотам былі добра ўробленыя. I калі справілася толькі? — нядобра падумаў парторг. Увакурат было выкурыць яе на калгасную працу, на гной. Свайго гною ў яе не было, бо даўно ня мела каровы. Выпаўзак рашуча ўскочыў у чыста, яўна па-сьвяточнаму прыбраную хату з бялюткім настольнікам на стале. Але тут не было нікога, і ён выйшаў праз сенцы на той яе бок. За парканам, сагнуўшыся, поркалася Паланея — саджала на градках нейкую расаду.

— Кідай саджаць! — рэзка скамандаваў Выпаўзак. — На нарад. Хутка! Гной вазіць…

Паланея выпрасталася, няўцямна ўгледзелася ў яго.

— Што?

— На нарад, ня ведаеш, што! Ну! Жыва! Чакаю…

— Дык як жа на нарад, сьвятое ж Вялікадне сягоньня, — хуценька і вінавата загаманіла Паланея. — Ужо грэх жа гэта, каб на Вялікадне…

— А свае грады ўрабляць ня грэх?

— Дык то ж свае… На тым тыдні не было як, усё на полі. Толькі і засталося на сьвята…

Ён не даслухаў.

— Хутка! Раз, два — я чакаю…

— Ай, дык гэта ж брыгадзір сказаў, што да абеду можна…

— Я вас з вашым брыгадзірам!.. — закрычаў Выпаўзак і дастаў наган. Але перш чым ён скіраваў яго на жанчыну, тая жвава шаснула ўбок і так прыпусьціла між лёхаў, што ён аж зьдзівіўся яе маладому спрыту і падумаў: во, выдрэсіравалі акупанты! У блакаду, мабыць, пабегала…

— Каб мне зараз была на нарадзе. Другі раз гаварыць ня буду.

Наступны падворак, дзе жыў стары Корж з дзьвюма нявесткамі, быў цераз вуліцу. Каржовы сыны пасьля партызанкі трапілі на фронт і абодва засталіся на Пулаўскім плацдарме. Цяпер нявесткі гаспадараць з дзецьмі і старым Аўхімам Каржом, які на той час якраз і спаткаў яго ў дзьвярах.

— Сьвяткуеш? — не вітаючыся, строга запытаў Выпаўзак.

— Са сьвятым Вялікаднем вас, — бы ня чуючы настрою госьця, лісьліва павітаўся сівабароды Корж, апрануты ў чыстую кужэльную сарочку.

— Мяне няма з чым, я атэіст. А ты марш на нарад! I з нявесткамі.

Стары ўтрапёна стаяў на ганку, няўцямна пазіраючы на чалавека, бы ўпершыню бачачы яго са зброяй. На яго Выпаўзак нагана не паднімаў, і Корж моўчкі разьвёў рукамі.

— Ды ўчора толькі прыйшлі. Казалі, брыгадзір дазволіў. Да абеду…

— А я адмяняю, — змрочна абвясьціў Выпаўзак.

Корж моўчкі павярнуўся і пайшоў у хату, дзе іхнюю размову, мабыць жа, чулі нявесткі. Ужо прыйдуць, падумаў Выпаўзак, гэты іх прыгоніць. Выпаўзак ведаў, што з вайны за Каржом значылася адна, але ёмістая правінка: паказаў акупантам шлях праз Церахава балота, дзе пасьля блакады атабарыліся партызаны. Казаў, што прымусілі. Але гэта яшчэ як паглядзець: колькі было там прымусу, страху, а колькі ўласнае волі. Тады яго партызаны не чапалі, ды пасьля органы тую правінку ўзялі на ўлік — пра запас. Таму гэтага Каржа ўжо ён уходуе.

Горш было з Касачовай Галяй, маладой яшчэ і бязьдзетнай, якая калі ўжо рабіла, дык рабіла як мае быць, — ці ў полі, ці на таку. Але да пары. Пакуль на яе ня нойдзе бабскі нораў, пакуль не заўпарціцца па-дурному. Калі заўпарціцца, тады ніхто ёй ня можа даць рады — ні мужык, ні баба, ні які начальнік. Хіба калі ён наганам, дык стане лагаднейшай. У хату да яе ён не пайшоў — пастукаў у акно.

— Касачова, на нарад! Хутка!

Але тое, што ён учуў, узьвілося ў ім новым выбухам гневу.

— А ху ня хо? — ціхмана, але выразна прагучала з хаты.

— Што?

— Што чуў. Сяньні Вялікадне.

— Ну што, што Вялікадне? Гной вазіць трэба. Ты што, маленькая, ня ведаеш?

— Не малепькая. Два гады была замужам, — чулася з хаты, але да акна ніхто не падыходзіў.

— Ану выхадзі, сказаў! Страляць буду! — пастукаў ён ручкай нагана ў раму.

Касачова раптам бы ўзрадавалася і з жарам загаманіла дзесь, зусім побач за шыбай:

— Ой, напалохаў! Застрэліць. Страляй, на… Цаляй во ў гэтую цыцку, на…

Тут жа за акном паявілася яна — зусім голая, бессаромна трасянула перад ім набрынялымі грудзямі, пнуўшыся ў самае шкло. Выпаўзак міжволі адхіснуўся.

1 ... 178 179 180 181 182 183 184 185 186 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)