Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 180 181 182 183 184 185 186 187 188 ... 260
Перейти на страницу:

Яны яшчэ не дайшлі да сажалкі і сызірна, як Хадоска азірнулася на яго і пачала тыцкаць на ягоны падворак, дзе якраз выйшла з хаты неапранутая зранку Ганка. Там жа былі і абедзьве дзяўчынкі — малая ўсё тузала маці за спадніцу, штосьці лепятала. Дзяўчо толькі пачынала гаварыць, і маці дужа любіла слухаць яе незразумелую балбатню. Але знайшла час… Згледзеўшы жонку, Выпаўзак апрыкла перасмыкнуў тварам і тут жа надаў сабе ранейшы рашучы выгляд.

— Во, во! — паказвала пальцам на былую сяброўку Хадоска. — Во яна дзетак забаўляе, а нас у сьвята — на гной… Калі нас, дык і яе…

— Ганка — на нарад! — уладарна крыкнуў ён, як дагэтуль крычаў на іншых.

Ганка на момант зьнерухомела, мабыць, не разумеючы чагось, і марудзіла. Тады ён прыкрыкнуў яшчэ болей загадным голасам:

— Хутка, ну!

Цяпер ягоная жонка зрабілася для яго нароўні з усімі — тут ужо ён, каб і хацеў, дык нічога з сабой зрабіць ня мог. Ды і не імкнуўся. Ён нібы піў асалоду а свае прылюднай ахвярнасьці, якую не маглі ня бачыць і не ацаніць людзі.

Ганка, аднак, бы знарок замаруджана накінула на сябе чорную кофту, узяла аднекуль вілы і, паволі ступаючы, выйшла на вуліцу. Абедзьве дзяўчынкі кінуліся за ёю, малая адразу залілася сьлязьмі, і яна, ідучы, штосьці гаварыла ім — супакойвала. Ды тыя не супыняліся. Малая ўсё бегла за маткай, аж покуль Выпаўзак ня крыкнуў з рашучай строгасьцю:

— Ану — марш у хату!

Старэйшая, Волька, спынілася, бы ў нерашучасьці, а меншая ўсё бегла і плакала.

— Да бабы Насты ідзіце, да бабы Насты, — азіраючыся, лагодна казала ім маці, і дзяўчынкі і праўда спыніліся, далей не пабеглі.

Ганка дагнала баб і пайшла ззаду, ні разу не азірнуўшыся на дзяцей. I на яго таксама. Тое, што не азірнулася па яго, Выпаўзак заўважыў, нядобра падумаўшы: хай! Наконт таго ён яшчэ пагамоніць з ёй. Увечары. Ён ёй растлумачыць, як належыць паводзіць сябе жонцы калгаснага парторга.

Ганка не азіралася, слыхам ловячы кожны гук ззаду, старалася зразумець: дзеці паслухаліся яе ці не. Падобна, аднак, паслухаліся, болей за ёй ня беглі, і яна патроху спакайнела.

Тым ранкам яна прачнулася рана, і як Выпаўзак, прахапіўшыся на ўслоне, зьнік з хаты, яна ўжо не заснула. Дзяўчынкі соладка спалі побач на ложку, яна прыкрыла крысам кажушка старэйшую, Вольку, што заўсёды ў сьне скідвала яго з сябе, сядзела, думала. Думала найперш пра тое, чым сёньня накарміць малых, — апроч бульбы, у яе не было нічога. Сёньня сьвята — Вялікадне, але не для іх. Учора Волька прыбегла ад суседкі бабы Насты, поўная наіўнага дзіцячага захапленьня: баба Наста фарбуе яйкі. У іх яек ня будзе, ні фарбаваных, ні белых, бо не было курэй. Добра яшчэ, што на сьвята будзе зацірка. Днямі Выпаўзак прынёс трохі ржаной мукі, і тое — на месяц. На зацірку малым. Перад тым баба Наста дала шматок сала — для заскваркі тае калатухі-заціркі. Але тое таемна, каб ня ўбачыў, ня ўведаў Выпаўзак, бо баба Наста — маці паліцая, а яны з Выпаўзкам партызаны, да таго ж Выпаўзак — камуніст, парторг. Хіба можна было дапусьціць сувязь з маткай ворага народа, нямецкім паслугачом?

Ганка выйшла на пусты падворак. Пад плотам і сьцяной даўно пустога хлява бралася ладная ўжо крапіва, трэба нарваць у чыгун, абдаць кіпенем ды нешта зварыць на полудзень. Бо прыйдзе ж яе парторг, захоча есьці. Кармі, жонка. А чым яна накорміць? Што сама нічога ня ела, тое не ў залік, што малыя просяць хлебца, якога няма, тое яго не клапоціць. Яго бясконца клапоцяць пастановы райкама ды няўпраўкі ў калгасе, ад якіх ён проста шалее.

Выпаўзак быў другім мужам у Ганкі, і дзеткі яе былі не ягоныя, ня родныя. Дзетак яна нажыла ў партызанах, як сышлася з камандзірам падрыўнікоў Аляксеем Гайновым. Хоць не расьпісаныя, ня венчаныя, а ў шчырым каханьні нарадзілі яны дзьвюх дзяўчынак — апошнюю якраз перад вызваленьнем, за дзень да якога і забілі Гайнова. Немцы вырываліся з акружэньня, ішлі напралом, натоўпам, а Гайноў з сваёй групай якраз апынуўся на іхнім шляху, ну і… Трэба было б збочыць, адысьці за балота, казалі пасьля партызаны, можа б, і ацалелі. А так… Усе і паляглі на ўзьлеску — дванаццаць маладых, дужых, прыгожых. Во і засталася Ганка з дзецьмі — партызанская мадонна бяз мужа, бяз хаты і якога жытла. Дзякуй партызанам — ня кінулі, ня выракліся, чым маглі, памаглі ўсім атрадам. А як вызвалілі раён, пасялілі ў гэтай во хаце, кінутай гаспадаром — паліцаем, сынам тае ж бабы Насты. Тут яе і знайшоў партызанскі начальнік Выпаўзкоў. Родам ён быў не тутэйшы, з таго боку Дзьвіны, пасьля партызанкі пакінуты на ўмацаваньне калгаса. Жыць яму ў вёсцы не было дзе, сам быў адзінокі, сям’ю страціў на пачатку вайны. Дык аднойчы прыйшоў і сказаў: буду жыць у цябе. Што ж, яна не пярэчыла, хоць зусім ня ведала яго, хіба што бачыла пару разоў у лесе, як разьязджаў на чорным кані разам з іншымі начальнікамі. I яна падумала: жыві. Хата не яе — чужая, болей тут мужыка няма. Двое малых чапляюцца за спадніцу, як іх адной гадаваць? Думала, можа, весялей будзе, усё ж мужчына ў хаце. Мужчына, праўда, выдаўся не сказаць каб відны — даволі састарэлы з выгляду, дашчэнту зьнерваваны і заўсёды агідна лаяўся — ці была нагода, ці не. Але ж партыйны, заўжды пры ўладзе. У партызанах, людзі казалі, быў асабістам, хоць сам не сказаў ёй пра гэта. Яго тут баяліся ці паважалі — яна так і не зразумела. А можа, тое ды іншае адначасна, як гэта павялося ў партызанах ды і засталося пасьля партызанаў. Горш за ўсё, што Выпаўзак быў сухарукі, леваю рукой толькі кратаў, а рабіць нічога ня мог; ня мог нават расьсекчы палена на дровы, якія заўжды секла яна. I зусім кепска, што быў куды меншы ростам за даволі высакаватую Ганку, ад чаго тая нямала журылася. Асабліва напачатку. Жывучы з ім, яна ўсё думала пра Гайнова, які ў яе вачах рабіўся ўсё лепшы і лепшы. I яна ўжо пэўна ведала, што з ім знайшла шчасьце, з ім і згубіла, — іншага ня будзе. Дзіўна, што ён жыў з ёй, — урыўкамі, калі быў паблізу і аднойчы паранены, але ніколі не казаў ёй пра каханьне, і ўсё роўна яна ведала, што кахае яе, можа, таму, што кахала яго. А гэты… Зрэшты, гэты таксама не сказаў ёй, што кахае, а калі яна неяк ціха лапыталася пра тое, толькі накрычаў на яе. Што, маўляў, удумала! Тут днямі ў райкаме абмеркаваньне стану палітмасавай работы ў калгасе, а яна — пра каханьне. Можа, і так, падумала Ганка, і ніколі больш не напамінала пра тое.

1 ... 180 181 182 183 184 185 186 187 188 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)