Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Дадуць! — запэўніў распараны Выпаўзак. — Вазьму і не запытаюся…
Тут жа ён і разьмеркаваў усіх на працу — мужчын адправіў запрагаць коней, трох баб з імі растрасаць гной на палетку. Астатніх, у тым ліку і Ганку, прызначыў выкідваць гной з хлява. Выкідваць — самая цяжкая праца, і галодная Ганка толькі каўтнула сьліну. Іншыя бабы абурана крычалі, а яна не магла дазволіць сабе нават пакрыўдзіцца. Тым болей паскардзіцца. Ужо скардзіцца Выпаўзку яна ня мела намеру.
Чатырох баб Выпаўзак павёў да бліжняй ад сьвірна сядзібы Панкрата, які меў кароўку і нават карміў сьвінчо, — пэўна ж, гной у таго меўся. Самога Панкрата, спраўнага, сярэдняга веку мужыка, дома не было, жонка сказала: паехаў, а куды невядома. Выпаўзак вылаяўся, пайшоў у хлеў, дзе вылаяўся яшчэ болей злосна — гною таксама не было. Чысты дол быў зацярушаны сьвежай саломай.
— Дзе гной? — вызьверыўся Выпаўзак. Бабы злосна маўчалі, маўчала напалоханая Панкраціха, і Выпаўзак здагадаўся: прадаў! Ноччу вывез у мястэчка, маць яго перамаць! А цяпер хаваецца ў кустох. Ну я ж яго падпільную, гада! Я яго застрэлю!
Папкраціха не абараняла мужа, бабы маўчалі, мабыць, думаючы: пэўна ж, застрэліць. У вёсцы хадзіла пагалоска, што Выпаўзак за свае асаблівыя заслугі мае права застрэліць кожпага. Такая ягоная ўзнагарода. Іншым за подзьвігі давалі ордэны ці медалі, а гэтаму далі такое страшнае права — забіць кожпага — на свой суд. Мабыць, сапраўды вялікія былі яго заслугі, сьведчаньнем якіх ён насіў з сабой гэты страхавіты для вяскоўцаў наган.
Можа, і сапраўды ён меў права застрэліць чалавека, але найперш трэба было яго знайсьці. Таксама, як і гной, якога тут не было.
Відаць, часу на тыя пошукі Выпаўзак меў не багата і павёў бабскую каманду цераз вуліцу да сясьцёр-багамолак Барашкавых. Ужо тыя ў такі дзень былі дома і, не зважаючы на крыкі і стрэлы на вуліцы, увішна маліліся ў прыбранай рушнікамі покуці перад дужа шаноўным абразом сьвятой Марыі — страчалі Вялікадне.
— Я вам дам Вялікадне! Бярыце вілы і ў хлеў!
Набожныя і ўвішныя Барашкавы, бы чорныя рухавыя мурашкі, перахрысьціліся напасьледак і паслухмяна падаліся ў хлеў, дзе ў куце стаяла іх маладая кароўка. Аднак вілаў яны ня мелі, а гною было тут на адзін добры воз, і Хадоска зьсдліва пасьмяялася:
— Во ўгноім калгасны прасьцяг! Па-ўдарнаму. Давай па-стаханаўску, дзеўкі! Ганка, ну пакажы прымер як парторгава жонка!
Ганка з віламі залезла за загародку ў кут, дзе было болей гною, і пачала кідаць яго да дзьвярэй.
Увесь час, пакуль яны хадзілі па дварах і слухалі Выпаўзкаву лаянку, ёй было дужа ніякавата за мужа, здавалася: хоць бы ён памаўчаў, калі ня можа гаварыць па-добраму, хоць бы ня чуць яго брыдкаслоўя. А ён, бы на зло, аж упіваўся сваёй брыдкай лаянкай, поўнаю ўладай над гэтаю ня надта пакорнаю бабскай групай, бы помсьціў ім за сваю мужчынскую нягегласьць, начальніцкую няўрымсьлівасьць, гаркату ад якіх, пэўна, і намагаўся заглушыць лаянкай. Цяпер, як яны ўрэшце забрылі да гною, Ганка аж узрадавалася: будзе рабіць. Працаваць яна ўмела — хоць жаночую працу, хоць мужчынскую, ёй было ўсё роўна — яна прывыкла рабіць усё.
Яна лёгка ўпорвала вострыя пруты вілаў у зьляжалыя пласты і натужліва выварочвала іх угору. Гной звыкла сьмярдзеў, але яна не зважала на той здаўна знаёмы смурод, толькі схамянулася ў душы, прыгадаўшы, як тры гады таму, у блакаду, хавалася амаль у гэткім самым гнаі. Іхні атрад разьбілі, і карнікі ўсчалі паляваньне на партызан, шукалі з сабакамі ў пушчы, лясах і пералесках, у пакінутых жыхарамі вёсках, адрынах, на таках. Яе, цяжарную ўжо малодшай, аднаногі дзед з Алексюкоў закапаў у пустым хляве пры сьцяне ссохлым гноем, і яна ляжала так два дні, дыхаючы праз шчыліну ў бярвеньні. Немцы бегалі па вёсцы, стралялі па гарышчах, кідалі гранаты ў пустыя бяз бульбы ямы. Дзед казаў, двойчы зазіралі ў той хляўчук, але пароць гной не здагадаліся, і яна ацалела. З таго часу ў яе не было агіды да гною, тым болей, што ніколі не было каровы.
Выпаўзак пабег кудысь, мабыць, шукаючы яшчэ па хлявах, а бабы павыходзілі на падворак і пасталі, гамонячы. Бяз вілаў у хляве ўсё роўна рабіць не было чаго. Яны ўсё не маглі скончыць узрушанае гаманы наконт спляжанага сьвята і лаялі нялюдскага парторга.