Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Амаль ня верачы яшчэ, што яму гэтак пашэнціла ўраньні, Гаворка падняўся на прыступку вышэй, і Ашот падаў яму з дзьвярэй адкаркаваную бутэльку «Жыгулёўскага», з якой патыхала пырскатай пенай. Гаворка прагна выпіў дарэшты.
— Ну як? Лягчэй?
— Ага, палягчэла…
— А ты думаў! Ашот всягда выручыць. Цяпер паможаш мне перакласьці тару.
Ашот зайшоў у цёмную яшчэ піўную, і яны ўдвух пачалі пераносіць тару ў адгароджаны на двары закутак. Тары — сініх пластмасавых скрынак з пустымі бутэлькамі — было шмат, і Гаворка хутка ўходаўся.
— Што? Устал? Давай, дарагой, мне тут плошчадь нужна… I Гаворка даваў. Сьпярша яны насілі ўдвух, пасьля Гаворка — адзін, Ашот усчаў званіць па тэлефоне. Пасьля зноў далучыўся да яго. Малады Ашот працаваў лёгка, бы забаўляючыся. спрактыкавана стауляу адну на адну скрынкі і галок іх цераз парог. Гаворка стараўся не адставаць, ды ўсё ж адставаў. I дужа зышмогся.
— Ашот! А чачэны — харошыя людзі? — спытаў ён раптам, сам ня ведаючы, чаму.
— Харошыя, дарагой! — адказаў Ашот. — Прымерна, як беларусы.
Гаворка трохі памеркаваў, згадваючы, добра гэта ці не. Пра беларусаў увогуле ён ня думаў ніколі, ніяк іх не ацэньваў. Іншая справа — чачэны.
Як яны ўпарадкавалі штабель, Гаворка зьняможана апусьціўся ля хісткага дзюралевага століка, думаў: можа, Ашот дасьць бутэльку яшчэ, — адна дапамагала слаба. Ды ў піўную ў той час увайшлі аж тры мужыкі з аўтабазы, пачалі нейкую спрэчку з Ашотам, і Гаворка ня стаў іх перапыняць.
Трохі счакаўшы, устаў і выйшаў на мармуровы ганак. Думаў, Ашот гукне да яго, каб вярнуўся, але той не гукнуў, і Гаворка павалокся на аўтавакзал. Хутка меўся прыйсьці абласны аўтобус, належала быць там — зьбіраць «зайцы» «за карыстаньне».
Служба ёсьць служба.
Велікоднае яйка
Ягонае прозьвішча было Выпаўзкоў, але ў гэтай вялікай прыдарожнай вёсцы, дзе ён атабарыўся па вайне, ці ня ўсе клікалі яго Выпаўзкам. Тым больш, што ён адгукаўся і на гэта, хоць і рабіў тое незадаволена, рэзка, з крыкам, нярэдка нрыпраўленым злым мацюком. Ды людзям было ўсё роўна — людзі трывалі. Прызвычаеныя за вайну да мацюкоў і крыкаў — ад сваіх, паліцаяў, немцаў ды і партызанаў таксама. Прывыклі людзі, старыя і малыя, прывыкла жывёла, асабліва коні. Іншы ня зрушыць і з месца, калі яго не абкладуць злым матам, які аднолькава быў уласьцівы старым і малым, мужыкам і жанкам. Ня кажучы ўжо пра начальства.
Выпаўзак тым ранкам таксама сам сабе сьцішана вылаяўся, сьцяміўшы, што заспаў. Учора, як клаўся, меўся прачнуцца раней, але во не ўдалося, у хаце разьвіднела. Скінуў з сябе замызганую ватоўку і сеў на лаве. Ганка за шкапам яшчэ спала з малымі дзяўчынкамі, а ён спрытна, аднаруч, пакінуў на сябе ватоўку і, не мыючыся, выскачыў на зарослы дзядоўнікам ды крапівой падворак. Ранак ранкам, але то было Вялікадне, і ўчора на партбюро яны пастанавілі падтрымаць рашэньне бюро райкаму працаваць па-ўдарнаму. Па-першае налсжала ўдарыць па «опіюму народу», а па-другое, з вывазкай угнаеньня калгас заваліў усе тэрміны, сяўба апыналася пад пагрозай зрыву, за што райкам па галоўцы яго не пагладзіць. Учора ён атрымаў персанальнае заданьне: пракантраляваць і дакласьці. Дакласьці — гэта зразумела, а но пракантраляваць было горш, бо не было чаго кантраляваць. Дужа няўдалага паставілі брыгадзіра. Танкіст ён, можа, быў і някепскі, тры ордэны зарабіў, мабыць, няблага камандаваў сваімі танкістамі, а бабамі камандаваць не навучыўся, трэба было памагаць і кантраляваць. Усё ж у Выпаўзка вопыту наконт баб было болей — яшчэ з даваеннага часу, як арганізоўваў калгасы, а пасьля і ў партызанах, дзе ён нейкі час быў начасобаддзелу. Усякае здаралася з бабамі і мужыкамі, не сказаць нават, з кім лягчэй было ладзіць.
Во і цяпер — дачакаліся Вялікадня і сьпяць, бы пасьля ўсяночнай. Хаця ні імшы, ні ўсяночнай тут даўно не было — ад царквы ў мястэчку застаўся хіба аброслы крапівой падмурак; як у трыццаць трэцім сьцягнулі крыжы, так і развалілася царква. А во «опіюм» упарта застаецца. Выпаўзак увечары паціху прайшоў па вёсцы, дзе-нідзе гарэлі капцілкі і, пачуў яго нюх, — штосьці смажылі. Пэўне ж, і яйкі варылі, фарбавалі, канешне. Хаця што там было варыць-смажыць, калі і мукі на хлеб не было ні ў кога, а курэй у вёсцы можна было пералічыць па пальцах. Але гэтак хіба толькі тут? У іншых яшчэ горш — ня стала і вёсак, папалілі спрэс у партызанку і пасьля, як рухаўся на захад фронт. А гэтая ацалела. Лічы, шчасьлівая вёска, таму і патрабаваньне да яе асаблівае — трэба карміць краіну. Каб толькі людзі болей сазнацельныя, думаў Выпаўзак, даўно адчуваючы, што з сазнацельна сыдю вяскоўцы наўзьдзіў падкачалі. Як во і цяпер з гноем. Якіх дзясятак кароў засталося, а гной на калгаснае поле ня возяць. Не даюць, сварацца, каб самім засталося, для сваіх сотак. Усё трэба выбіваць з прымусам ды гвалтам. А брыгадзір гэты паблажлівы…