Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Крыху пасьля журыцца давялося з іншай прычыны — Выпаўзак неўзьлюбіў малых. Калі часам малое плакала ўначы, ён злосна крычаў на Ганку: «Нарэшце ці ты супакоіш ме?» Ганка супакойвала, як магла, можа, не заўссды ўдала, малое доўга плакала, асабліва калі хварэла, і тое выклікала злоснае раздражненьне Выпаўзка. Старэйшая, Волька, яго проста баялася, і калі ён быў дома, дзяўчынка сядзела на печы ці поркалася ўзапеччы — абы далоў з яго вачэй. Дарэчы па малых ён сварыўся рэдка, болей за іхнія правінкі спаганяў з маці. Яна рэдка калі чула ад яго добрае слова, болей — мат-перамат ці наадварот — ён тыднямі зацята маўчаў. Вельмі хутка пасьля замужжа Ганка гатовая была ўзьнедавідзець яго, але неяк трывала, не даючы таму пачуцьцю надта разрасыдіся ў сабе. Усё ж ён быў ня просты калгасьнік, а парторг, — сельская сіла і ўлада, і яна маўчала. Яна змоўчала, калі ён прагнаў аднойчы яе сяброўку яшчэ ад часу сямейнага лагеру ў лесе, — Хадоску, за што тая неўзьлюбіла і яе. У вёсцы ў Ганкі ня стала ніводнай блізкай душы. Іншыя жанкі невядома чаго стараніліся яе, бывала, ніводная ніколі не завітае, не пацікавіцца малымі. Да вясны яна кожнага дня хадзіла ў калгасны сьвіран, веяла, абрабляла насеньне, а дзяўчынкі сядзелі адны ў замкнёнай хаце, і яе сэрца разрывалася ад страху за іх. Не ісьці на працу яна не магла — заўжды гнаў брыгадзір, ды і муж пільна сачыў, каб яна ўвішна працавала і выконвала норму, тым паказваючы прыклад астатнім. I яна рабіла штодня нароўні з усімі — маладымі і старымі, бабамі і мужыкамі. Сёньня, як ён гаркнуў ісьці на парад, яма не зьдзівілася, як заўжды паслухалася і пайшла. Толькі вось малыя… Замкнуць іх яна не наважылася, ды й стала ўжо цёпла, малым ня дужа сядзелася ў хаце. I яна падманула іх бабай Настай, да якой яны часам хадзілі, — можа, пабудуць там.
Ідучы да сьвірна вуліцай, Ганка думала, што на працу іх разьмяркуе брыгадзір, прызначыць, куды каго. Каму выкідваць гной, каму вазіць, каму растрасаць на полі. Клопату з гэтым гноем хапала, тут патрэбна была мужчынская сіла. Але дзе яе ўзяць, мужчынскую, калі ў калгасе ўжо не застаецца і жаночай. Здалёку Ганка згледзела сярод баб двух мужыкоў — старога Аўхіма і кульгавага Сеньку, астатнія там былі бабы — усяго чалавек з дзесяць. Але брыгадзіра не было відаць, і Ганка адчула штось кепскае. Напэўна, як заўжды, гэты яе Выпаўзак наробіць вэрхалу, крыку, не абыдзецца без мацюкоў. Хоць бы не страляў болей з нагана.
Сьпярша бабы ад сьвірна моўчкі, з-пад ілба пазіралі, як яны, бы гнаны пастухом статак, набліжаліся да іх па вуліцы. Пасьля, як загаманіла Хадоска, загаманілі ўсе разам — што і Вялікадне сёньня, і галодныя яны, і вілаў няма, і коні чорт ведае дзе на пашы. А галоўнае — дзе той гной? У каго яго ўзяць? Тыя, што мелі каровы, пастараліся ўжо свой гной упарадкаваць — вынесьці на гароды ды растрэсьці па градках, а то ўжо і ўскапаць рыдлёўкамі соткі. А хто таго не пасьпеў, ці дасьць цяпер для калгаснага поля? Усё ж найперш трэба самім — на бульбачку.