Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
«Усю тую вясну ў палях кіпела праца — сеялі ярыну, саджалі бульбачку, нашу карміцельку. Але — у каго было чым араць і сеяць. У каго дома сядзелі мужчыны. А ў каго адны бабы? Ці не было коней? Як у некаторых местачкоўцаў ці настаўнікаў. Во і твая Аўгіньня. Матку ж тваю пахавала зімой, на руках малое, ты — на вайне, у Чырвонай Арміі, паліцаі ды стараста пакуль не прыдзіраюцца, але глядзяць коса — настаўніца ж ды чырвонаармейская жонка. I каня тожа няма. Адкуль жа конь? Твой жа бацька каня ў калгас не здаваў, бо ня меў, сам парабкаваў па фальварках. Ну што было Аўгіньні рабіць? Можа, і ня трэба было ісьці да таго каменданта, яшчэ як-небудзь ратавацца ад голаду. Але ж у яе быў свой, жаночы розум. Ну, малога на рукі і — у мястэчка. А камендантам, скажу табе, быў пажылы аднарукі немец. Замест другой рукі меў чорны пратэз — казалі, быццам у Францыі страціў руку. Ну, дзеўка — да яго, можа, заплакала пават, ня ведаю. Той з перакладчыкам пытаецца: дзе муж? Можа б, Аўгіньні прыдумаць што іншае, а яна шчыра прызнаецца: на фронце. А гарод запахаць няма як. Дзіцё малое, сама ня ўмее. I што думаеш? Назаўтра прыязджаюць два немцы з плугам, быстра ўзаралі гарод, пасадзіла жанчына бульбачку. Займела надзею. Добра?
Але ж ці ўсё добра? Злыя вочы ўсюды згледзяць, што хочуць. Пачалі мянціць языкамі, дзівіцца: як гэта немец каня даў? Завошта? Чым яму настаўніца спадабалася? А вядома, што можна падумаць на маладую жанчыну. Ды яшчэ прыгожую…
Ну, і во як улетку загрымела на дарогах ды ў пушчы, прыйшлі і ў Падбярэзьзе. Найперш застрэлілі старасту — ці было за што, ці не — хто знае. Маслакоўцы тыя, як стаялі, мала каго чапалі, а як прыйшлі варашылаўцы, тыя ўсіх пераварашылі, усё ворагаў шукалі. Быццам ня ўсіх яшчэ перад вайной выкаранілі. Ну і пастралялі нямала — і ворагаў і няворагаў. Ня надта разьбіраліся. Нехта на Аўгіньню даказаў — карову забралі. Другім разам і саму-то арыштавалі, павялі ў лес. Праўда, неўзабаве вярнулася. Але затым зьнікла разам з малым. Ці зьехала куды, ці яшчэ што — хто ведае».
Седзячы побач на лаўцы, Гаворка слухаў тое і бы плыў у тлумным тумане. Што тут рабілася, на ягонай пакутнай радзіме, а ён і ня ведаў. Ён думаў-уяўляў зусім нават іншае. Тое, што чытаў у газетах, што чуў ад камандзіраў ды палітрукоў на занятках. А тут во што!.. Бедная, няшчасная Аўгінка. Нашто пакінуў яе ў гэтай клятай старане, дзе ўсе для яе былі ворагі. Адзін добры чалавек і той немец. Во што яе і згубіла.
Між тым Тумаш тлумачыў:
«Усе тады гаварылі: дзіўны немец! Нібы нават добры, А я табе скажу — і нічога дзіўнага. Бо салдат. Усё ж, як ні кажы, салдат да салдата спагаду мае. Хоць і з варожых арміяў. Памягаю, на той вайне, на мікалаеўскай, як нас у палон у Прусіі ўзялі…»
Гаворка болей ня слухаў — не мог ужо слухаць старога. У ягонай душы разгараўся пакутны пажар — боль, сорам і гнеў. I адчуваньне ўласнай віны, што гэтак лёгка паверыў у праўду таго жахлівага ліста з сельсавета. У той ранак ён хацеў дачакацца сакратарку, каб хоць зірнуць у яе паганыя вочы.
Але што ён ёй скажа? Мабыць жа, за яе плячыма — старшыня, а там партызанскія камандзіры, яе начальнікі, якія забралі ў Аўгіньні карову. Калі паверылі пра таго каменданта.
Каб ён спарахнеў, той каменаант з яго салдацкай спагадай, думаў Гаворка. З яго недарэчнай дабрынёй. Знайшоў час яе выяўляць, тую нямецкую дабрыню. Тое, што для немцаў — дабрыня, для Аўгіньні стала пагібельлю.
Спазьніўшыся на двое сутак, Гаворка вярнуўся ў батальён, які ледзьве дагнаў за Наравам, бо пачалося наступленьне. Думаў, будзе яму трыбунал за спазненьне, але абышлося. Сказаў, што жонка загінула, як, мабыць, яно і было папраўдзе. Нампаліт папытаўся пра дакумент з райкаму, ды Гаворка сказаў, што ня ўзяў, ня меў часу, дужа сьпяшаўся на фронт. Мабыць, нампаліту тое спадабалася. Пра партыю яму болей ня згадвалі, і ён ня згадваў нікому. Быў салдат, радавы, беспартыйны ды яшчэ жывы — хіба таго мала? Пра партыю дужа дбаў зямляк Пракопчык, дык і загінуў за Наранам. А Гаворка ў тым баі выжыў і нават праз паўгоду атрымаў Славу трэцяй ступені. Але нашто яму ордэн, калі прапала жонка і з ёй — яго малы сынок, якога ён і не пабачыў ніколі.
А ён во ўсё жыў і нават адчуваў пільную патрэбу паправіць галоўку…
— Кажу: паправіць галоўку чакаеш? — раптам пачуў над сабой Гаворка і не адразу сьцяміў, што гэта — Ашот. Збоч пад сьцяной ужо стаяў яго чорненькі, бы жук, блішчасты «БМВ», а сам Ашот, таксама чорны, камлюкаваты, з вусамі і тоўстай бычьяй шыяй, адчыняў жалезныя палавіны свайго «Эксклюзіву». — Панятна, дарагой! Зараз мы паправім тваю галоўку.