Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Стрэлю!
— Страляй!
I ён стрэліў — угору, у падстрэшша, раз і другі ва ўзрушэньні, пе пашкадаваўшы аж двух патронаў. Касачова, аднак жа, мабыць, спалохалася і зьнікла. Дзесьці на вуліцы ўжо закрычалі бабы — трывожліва і палахліва — як у вайну. Але той іх крык не настрашыў Выпаўзка, які ўжо адчуў свій верх над гэтымі вернікамі, што зрывалі яму вывазку гною. Ён ужо асядлаў звыклую хвалю ўзрушанай рызыкі і пабег па вуліцы далей.
У вёсцы, мабыць, ужо прачнуліся, браліся велікоднічаць. Яму налсжала адно — сагнаць усіх да сьвірна, і ён адчуў, што наможацца на тое. Волі ў яго хапала. Азірнуўшыся, убачыў, як з падворка выйшлі абедзьве Каржовы нявесткі, сталі абапал брамкі; да сьвірна, аднак, не ішлі. Наперадзе за Тарасавым парканам мільганула і зьнікла абвязаная цёплай хусткай галава ўдавы Пятрухі — мабыць, кінулася куды хавацца. Выпаўзак не пабег за ёй, толькі прыпыніўся і крыкнуў цераз паркан:
— Пятруха, я цябе бачу. Зараз жа на нарад!
Жанчына не адазвалася, але ён ведаў, што пачула. А калі чула. дык прыйдзе, нідзе нядзенецца. На тым тыдні прыходзіла ў праўленьне прасіць дапамогі — трое малых дзяцей, карміць няма чым. У тым ліку адно малое, нагулянае ад партызанаў. Каб далі малака з фермы. Але на ферме ў суседняй вёсцы ўсяго восем кароў, ды і тыя ня ўсе ацяліліся, малака не хапае для здачы дзяржаве. Сказалі тады Пятрусе прыйсьці праз тыдзень, праўленьне разгледзіць заяву, прыме калектыўнае рашэньне. Каб абгрунтавана, ня з бухты барахты. Малака шмат хто просіць, шмат у каго малыя дзеці. А цяпер гэтая Пятруха хаваецца. Я ж табе прыпомню гэтыя схованкі, як прыйдзеш па малако, помсьліва думаў Выпаўзак.
Тым часам над вёскай у веснавой прасторы плыў па-сьвяточнаму сьцішаны велікодны ранак, у які Выпаўзак унёс гэтую мінтрэгу. Але ўжо ён ім сьвяткаваць ня дасьць. Не глядзі, што інвалід, сухарукі, ды ягоны дух загартаваны ў класавай барацьбе, ён пераможа. Гной будзе вывезены, увесь да астаньня.
Усё ж не дарма ён драў горла — у вёсцы яго ўчулі і пакрысе пачалі выглядваць на вуліцу. Недзе мільганулі і стаіліся на падворках. Выйшла і стала каля брамкі Лузгіна Вольга — чакала. Ён спыняцца ня яе ня стаў, толькі крыкнуў, каб ішла на нарад, а сам пашыбаваў да клёна, пад якім ужо сышліся і, пэўна ж, чакалі яго тры бабы — дзьве тутэйшыя ўдовы і з імі маладая, вострая на язык Хадоска, колішняя сяброўка Ганкі, як тая яшчэ не была ягонаю жонкай. А як стала, ён тое сяброўства хутка спыніў — была прычына. Бабы там неяк зацята маўчалі, хмура пазіраючы, як ён таропка крочыў да іх. Нібы баяліся. Але тое і добра, што баяліся, — ужо ён іх зараз пагоніць да сьвірна.
— Ну што стаіце? Асобнае запрашэньне трэба? Марш на гной!
— А Вялікадне сёньня, — спаважна мовіла Хадоска. — Дык брыгадзір сказаў…
— Пляваць, што брыгадзір сказаў. Вялікадне адмяняецца…
— Як гэта? — мовілі ўсе разам.
— Партыя адмяняе рэлігійны опіюм. Ці вы не давяраеце партыі?
На той надта рашучы аргумент у баб, відаць, не знайшлося, чым адказаць, і яны хвіліну разгублена маўчалі. Потым першая загаманіла Хадоска.
— Але чаму толькі нам адмяняецца? Чаму іншыя сьвяткаваць будуць? Сваю Ганку нябось на гной не пашлеш? Гэта мы, праклятыя чорнарабочыя…
— Пойдзе і Ганка! — рашуча перапыніў ён жанчыну. — Усе пойдуць. Марш!
— Дык мы што? З голымі рукамі? Ці вы там здурнелі з сваёй партыяй? — нярвова крычала Хадоска.
— Ну, ты цішай наконт партыі! Цішай! — загадаў ён з націскам. — Паняла?
I Выпаўзак прыўзьняў наган, паказваючы, што ў ягонай руцэ. Хадоска бы папярхнулася і змоўкла. Бабы па адной падаліся па вуліцы — абы далей ад гэтага ўзброенага парторга. Яны ішлі памалу, патроху прыбаўляючы кроку. Ён мог бы іх і падагнаць, але хай. Вілаў ні ў адной не было, ды ён ня мог іх вяртаць па вілы, пэўна ж, уцякуць, пахаваюцца. Хадоска ззаду ўсё нешта сакатала злоснае, але ён ня слухаў — ён сачыў, абы ня зьнікла куды, ішла за ўсімі. Пэўна ж, ідучы плявузгала — на яго, а можа, і на партыю, і парторг зласьліва думаў: ня ўсіх, далёка ня ўсіх выкаранілі ў трыццатыя, яшчэ засталося антысавецкага ахвосьця, будзе чым Заняцца. Пакуль во не даходзяць рукі — гной куды болей важны. Але ці не памылка тое? З тэорыі і практыкі бальшавізму Выпаўзак ведаў, што класавая барацьба важней за ўсё.
А бабы? Бабы яго не любілі ніколі, і ён даўно ведаў тое. Шмат якія выказвалі сваю непрыязь да яго, каханьня ж ніводная. Ды ён і не дамагаўся ад іх каханьня, з маладых год зразумеўшы, што каханьне — рызыковая справа. Колькі ягоных сяброў (асабліва ў даваенныя гады) пагарэлі менавіта праз сваё неабачлівае каханьне. Ён не хацеў за тое гарэць, ён намагаўся быць спраўным бальшавіком, адданым справе чэкістам. А ўсё астатняе — глупства. I калі ён у сорак гадоў ажаніўся, дык хіба прымеркаваўшы, што так будзе лепш — найперш для калгаснага парторга, на пасаду якога быў прызначаны партыяй. Тады ён спыніў свой выбар на Ганцы, бо, па сутнасьці, у яго ўжо не было жаднага выбару. Яна прымеркавалася парторгу, бо была класава блізкай, не запярэчыла. I ён зразумеў: і не запярэчыць, бо ў яе таксама не было выбару. Гэта найлепш, калі няма выбару, бо няма і спакусы.