Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Дзяўчына заўважыла позірк гаспадара:
— Я прыйшла адна.
Гаспадар пастараўся не паказаць здзіўлення і палёгкі. Ён прычыніў дзверы, намагаючыся нават выпадкова не дакрануцца да постаці ў мокрым шынялі... Бо было дурное адчуванне — ад гэтага дотыку званітуе, як нервовую паненку ад дотыку да старой грыбастай рапухі.
Дождж, ноч і восень чакалі за дзвярыма. Смерць пазірала блакітнымі, шырока расстаўленымі камсамольскімі вачыма.
— Я адна. Я прыйшла без зброі. І... ніхто не ведае, што я ў вас. І... вось...
Яна працягнула спісаны круглым школьным почыркам аркушык.
Хведар моўчкі ўзяў:
«Я, Валянціна Рабко, сыходжу з жыцця па ўласнай волі. Прашу нікога не вініць у маёй...»
Што за блёкат?!! Хведар разгублена падняў вочы на госцю. Тая глядзела некуды за ягонае плячо, у нежылую цішу выстылай хаты.
— Пасля таго, што я... з вамі рабіла... Я...— выдыхнула, нібы даючы нырца ў халодную ваду.— Карацей, я зраблю ўсё, што вы хочаце.
І глядзіць, ледзь не з выклікам.
Вось як... Хведар не ведаў, ці смяяцца яму, ці плакаць. Павятовыя паненкі не змяніліся за апошнія дзесяць стагоддзяў. Хаця ім уручылі па камсамольскім білеце, навучылі прыёмам самба і прэзентавалі наганы. Сумленне маладога спецыяліста КДБ замучыла. Дзівосы. І што, ён, Хведар, павінен гэтае ейнае хворае сумленне лекаваць? Чым? Загадаць павесіцца? Ці ўласнаручна прыдушыць?
Сапраўды, цягам бясконцых дзесяці дзён марыў пра гэта, лічы, штохвілі.
...Пасля двух гадоў у пераможанай Германіі (служыў у вайсковай частцы ў Патсдаме) ён атрымаў накіраванне ў Вялікія Лукі, у артылерыйскую брыгаду. Марыў дэмабілізавацца — урэшце два гады як скончылася вайна. Вярнуцца ва ўніверсітэт, узяцца за дысертацыю, заглыбіцца ва ўлюбёныя лічбы-формулы... У штабе велікалуцкай брыгады апынуўся былы аднапалчанін, скандаліст, але добры мужык, таму мелася ўпэўненасць, што паспрыяе. А пакуль выпрасіў у яго авансам незаконную паслугу — затрымацца на колькі дзён, каб заехаць у родную хату. Бабуля паўгода як памерла, дачакаўшыся Перамогі, але не дачакаўшыся яго, унука. Хаця яму так неабходна было нешта паспець сказаць ёй... Маці загінула яшчэ ў вайну — патрапіла пад бамбёжку, калі вярталася з барахолкі, дзе выменьвала нейкія транты на ежу.
Так што ён ехаў на радзіму, шчасліўчык, абранец лёсу, і яго ніхто не чакаў. Рукі-ногі цэлыя, на грудзях — тры медалі і ордэн, на пагонах новенькія капітанскія зорачкі...
Калі да роднага горада заставалася ехаць гадзінаў пяць, цягнік спыніўся на станцыі абласнога цэнтра, і пайшла пагалоска, што прастаяць тут не менш гадзіны. Людзі абурана загулі. Хтосьці працягваў драмаць, некаторыя пацягнуліся на спакусныя агні станцыі. І ён таксама...
Гэтыя хвілі ён пракручваў у памяці бясконца. Вось буфетчыца ў накрухмаленай белай шапачцы, і нібыта прыклеены да лба каштанавы кудзерчык, працявае шклянку з гарбатай, усміхаецца. Вось ён стаіць адзін ля маленькага століка — драўляны грыбок на тонкай-тонкай ножцы... Непадалёк, за такім жа «грыбком», сямейная пара — маладыя, ён у ватоўцы, яна — у выцертым паліто і белым платочку. Дзіўны стары ў шапцы-аблавушцы, аблезлай так, што немагчыма вызначыць, са скуры якога звера яна была выраблена, у гэткім жа аблезлым футры, з торбачкай у руках, са страшэнна худым тварам, зрэзаным глыбокімі зморшчынамі і зарослым чорна-сівым шчаціннем, ходзіць між столікаў, нічога не просячы, але, вядома, яму даюць — хто сухар, хто — вараную бульбіну. Позірк светлых, як рачныя каменьчыкі, вачэй старога не мог і на імгненне запыніцца ні на чым — гэтак пераступаюць босымі нагамі па гарачым вуголлі, дзе кожнае прамаруджванне адгукнецца болем.
Раптам вочы старога ўтаропіліся ў Хведара — нібыта наторкнуліся на нешта вострае. На дне іх ускалыхнуўся вар’яцкі жах, стары выгнуўся, як ад болю, і загарлаў:
— Гэта ты! Ты страляў! Я пазнаў цябе, фашысцкі гад! Ты!
Далейшае нагадвала дурны сон.
Вар’яту верылі. Яму, Хведару — не. Вар’ят быў свой, ён застаўся апошнім сведкам страшнага расстрэлу, пасля чаго і паехаў у небаракі дах. Народ усё яшчэ хварэў вайной, часам здавалася, што людзей на мыліцах, на вазочках — дошка на калёсіках, на вуліцах гарадоў болей, чым здаровых. Паўсюль лавілі шпіёнаў, паліцаяў, замаскаваных фашысцкіх недабіткаў. А ў Хведара аказаўся нямецкі гадзіннік, прыгожы скураны нататнічак з нямецкімі словамі, выціснутымі на вокладцы, а ў нататнічку — формулы, лічбачкі... І яшчэ — патрапаная кніжка кішэннага фармату на нямецкай мове. Мэры Шэлі, «Франкенштэйн».
І па дакументах выходзіла, што зараз ён мусіць быць не тут, на гэтай чыгуначнай станцыі, а ў вайсковай частцы Вялікіх Лук.