Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Чарноў павярнуўся і, прытрымліваючы рукою ліхтарык, скураным вушкам прышпілены на грудзях, зірнуў на яго з-пад нізкага, вільготнага казырка фуражкі.
— Страляць? Не, страляць я пачакаю. Я спачатку арганізую невялічкі спектакль. Ведаеш, як гэта ў нас, то есць у вас, кажуць: канцэрт самадзейнасці.
Так яны выйшлі з раўка ў нізіну. Трава вільгаціла боты. Навокал у шэрым туманістым мроіве ляжала золкая веснавая зямля — чорныя палосы ворыва, шэрыя паніклыя палеткі; светлымі ў падпалінах лапінкамі свінухі стракацелі пожні ля балацявін.
Не спыняючыся, перайшлі і нізіну. Чарноў маўчаў, толькі зыркаў з-пад казырка па баках; чуваць сталі блізкія стрэлы — аўтаматныя і вінтовачныя, але яны хутчэй сведчылі пра зацішша на перадавой, чым нагадвалі бой. Бою не было. Няпэўная цішыня панылаю невядомасцю прыгнятала лейтэнанта, але ад таго, што ён ішоў бліжэй да сваіх, трохі лягчэла на душы і чамусьці думалася: чым бліжэй, тым болей сілы надасца яму, хоць, ведаў ён, дапамагчы тут яму ніхто ўжо не здолее.
Учарашняй сцяжынкай яны дайшлі да пачатку траншэі, што, круцячыся па схіле, вяла на вышыню. Чарноў саскочыў у яе невялікую тут глыбіню і хутка пайшоў, па-ранейшаму цікуючы па баках. Наперадзе бухала ўсё бліжэй. Угары з тугім бзынканнем, заміраючы ўдалечыні, праносіліся кулі. Але гэта былі нашыя стрэлы і нашыя кулі, і яны нечаканаю лагодай аддаваліся ў сэрцы палоннага. Неўзабаве Чарноў дагнаў групу салдат — з узнятымі каўнярамі і нацягненымі на вушы шапкамі, яны зважліва прыціснуліся спінамі да сцяны, прапускаючы наперад афіцэра. У руках ва ўсіх былі плоскія алюмініевыя кацялкі, відаць, са сняданкам — на Клімчанку дыхнула пахам кавы, — даўні, паўзабыты пах, — і ад раптоўнага адчування голаду аж памутнела ў вачах.
Пад зацятымі поглядамі прыціхлых салдат ён пахіснуўся. Рукі яго па-ранейшаму трымалі штаны — цёмна-сінія дыяганалевыя галіфэ, што дасталіся яму пасля іх апошняга ротнага.
Траншэя вілася па схіле і ўсё далей і далей лезла на вышыню. Чарноў, прытрымліваючы за казырок фуражку, пачаў патроху прыгінацца — недзе ўжо зусім блізка быў пярэдні край. Клімчанка гнуць галавы не хацеў, разы два выглянуў па-над брустверам, але хтосьці з канваіраў ззаду прыкрыкнуў, і Чарноў азірнуўся.
— Ану ніжэй! — строга сказаў ён, і Клімчанка пазлараднічаў у душы з гэтых клопатаў аб яго бяспецы.
У той жа час яго недаўменне ад незвычайнасці намеру гэтага ката ўсё ўзрастала; ён як ні намагаўся, не мог уцяміць, што з ім надумалі зрабіць. «Можа, яшчэ агітаваць прымусяць. Дык я ім паагітую. Папомняць, сабакі».
Але агітаваць яму не давялося.
Мінаючы здзіўленых яго паяўленнем, акалелых з ночы, часам яшчэ сонных немцаў, што сядзелі ў засланых саломаю стралковых ячэйках, яны дайшлі па траншэі да самае выспы — ледзь не ў тое месца, куды ён гэтак няўдала ўварваўся ўчора. Недзе зусім блізка, — пэўна, у тым самым рове, была яго рота; ад прадчування гэтай яе блізкасці ў Клімчанкі цеплынёю напоўнілася нутро. Яму стала незвычайна шкада сваіх, гэткіх усё ж недасяжна далёкіх хлопцаў. Цяпер для яго было найвялікшым шчасцем хоць бы адзін дзень пабыць з імі, схадзіць хоць бы яшчэ ў адну атаку. Ён бы не лаяў цяпер трошкі нерастаропнага, валюхатага, але па сутнасці неблагога Галаногу, забыўся б на ўсе свае крыўды на ротнага. Ён гатовы быў бы цяпер ісці з імі ў любы бой, у самае пекла. Калі б толькі апынуцца там. Але тое — нязбыўная ўжо мара…
Яны падышлі да кулямётнай ячэйкі ў траншэі, якая, відаць, ніжэй за іншыя спускалася да рова. На тупат іх ног з ячэйкі азірнуўся малады яшчэ кулямётчык — невялікі белабрысы хлапчына ў доўгім, запэцканым глінай шынялі. Чарноў нешта сказаў яму. Кулямётчык, не адыходзячы ад свайго «МГ» на брустверы са стужкаю ў прыёмніку, здзіўленым позіркам лыпнуў на Клімчанку, пасля нешта крыкнуў, пэўна, суседу ў траншэі. Той таксама нешта пракрычаў, ззаду па траншэі нехта пабег, глуха затупаўшы ботамі і шорхаючы аб сцены палаткаю. Наўкола, скупа перегаворваючыся, збіраліся салдаты. Задымілі цыгарэты, і саладкаваты, незвычайна хмельны на сцюдзёным паветры дымок сваім пахам закружыў палоннаму галаву. Чарноў маўкліва чакаў, і ў Клімчанкі сцялася ўсё ўнутры — ён адчуваў, што зараз вырашыцца для яго ўсё.
Урэшце той, каго тут чакалі, прыйшоў. Гэта быў таўшчэзны, з заспанаю няголенай мордай, афіцэр, — мусіць, які гаўптман. Нахабна і незадаволена лыпаючы чырванаватымі вачмі, ён выслухаў тлумачэнні Чарнова, буркнуў сваё «яволь» і хрыпавата нешта загадаў салдатам. Тыя перадалі загад па траншэі.
Чарноў ляснуў сябе знятай з аднае рукі пальчаткаю і адступіў убок.
— Ну! Ідзі! — стаіўшы яўна нядобрае, кінуў ён Клімчанку.