Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Лейтэнант зразумеў, што той, самы апошні, час настаў, і быў гатовы як трэба сустрэць яго.
Але ён не зразумеў свайго ката.
— Куды?
— Туды, да сваіх. Ты ж хацеў, здаецца.
— Як да сваіх?..
— А проста. Вылазь і топай! Ну што, спалохаўся? Можа, не хочаш? Назад вернешся?
Што ён уздумаў? Страшны, незразумелы, загадкававы гэты чалавек-звер, што ён яшчэ падрыхтаваў? Смерць? Гэта вядома, але чаму так? Ну што ж… Хай! Можа, нават лепш так — на полі бою, перад вачыма сваіх… Хай!
Лейтэнант ступіў міма Чарнова, які стаяў са сцятымі сківіцамі і шырока раздзьмутымі ноздрамі, і грудзьмі пхнуўся на бруствер. Але траншэя была тут глыбокая, а рукі займалі штаны, і ён сарваўся, выцяўшыся аб броўку сківіцай.
Гэта было ганебна: ззаду, затаіўшы цікавасць, стаялі немцы, саплі, кырхалі, тупацелі ботамі — усе пазіралі на яго, і ён на момант бездапаможна сумеўся. Тады той малады кулямётчык, чыю ячэйку яны занялі, шчоўкнуў спражкаю свайго рэменя і, скінуўшы яго з доўгага шыняля, падаў Клімчанку. Пакутуючы ад сораму і прыніжанасці, лейтэнант нават не зірнуў на яго, машынальна падцягнуў і туга падперазаў штаны. Пасля, напружыўшы кожны мускул, скочыў грудзьмі на бруствер і вылез з траншэі.
— Зондэрпрывет там калегам, — неяк напаўжартам кінуў яму напаследак Чарноў, але Клімчанка нават не ўчуў яго.
Наўкола разлёгся шырокі прытуманены прасцяг — палеткі, зусім блізкі роў, крутаваты схіл з палеглым іржэўнікам і далячынь пад самае неба, з рэдкімі па раўчуках плямамі снегу. Гэтае прадсмяротнае прыволле нестрыванаю жалобай разанула ягонае сэрца. Ён не мог ні зразумець, ні адчуць нават, адкуль — ці з гэтага шэрага, маркотнага, але такога да болю вольнага прастору, ці, можа, з самай яго спакутаванай душы, — але раптам грымнуў у пачуццях нейкі дзівосны гімн вечнаму, вялікаму, нават святому, перад чым чалавек і ўсе яго клопаты сталі бязмежна нікчэмнымі. У нейкі кароценькі міг Клімчанка адчуў сябе мурашкаю і ўладаром адначасна, быццам з парога вечнасці на секунду зірнула ў яго твар вялікая, непазнаная ў жыцці сутнасць быцця. На некалькі кароценькіх секунд, страціўшы адчуванне сябе, як бы растварыўшыся ў небыцці, ён узнёсся над гэтым прасторам: вялізнай скрываўленай зямлёй, над траншэяй, ровам і нават уласнай хуткай пагібеллю.
Праўда, кароценькі позірк туды, назад ураз нізрынуў яго да зямлі, да сваёй гібелі, і ён, лічачы апошнія імгненні, сышоў з бруствера.
Тады марудна, ужо з рэальным адчуваннем зямнога, развітваючыся з жыццём, пайшоў ад траншэі ў поле, туды, уніз да рова, чакаючы ўсім целам чаргі ці, можа, залпу і ведаючы, што ўсё скончыцца проста. Смерць дужа простая штука, на вайне ён пераканаўся ў гэтым і не баяўся яе даўно. Яму толькі хацелася цяпер не празяваць той апошні міг, адзначыць яго як кропку, як апошнюю мяжу яго жыцця.
Але стрэлаў ззаду ўсё не было, і ён ішоў далей. Вецер тугою хваляй штурхаў яго ў грудзі, трапаў на галаве валасы, і кавалак бінта ляскаў па шчацэ. Клімчанка сарваў яго і з акрываўленым клокам ваты адкінуў прэч. Чапляючыся за ржышча, перавязка заскакала на ветры.
«Ну, страляйце! Страляйце ж, сволачы!.. Дзе ж стрэлы?..»
Стрэлаў, аднак, не было. Тады ён спыніўся, пачакаў, азірнуўся. Скрозь па ўсёй траншэі над брустверам тырчалі, варушыліся каскі, ствалы вінтовак, тонкія рулі аўтаматаў. Відаць, тое, што ён спыніўся, не ўваходзіла ў іх разлікі, і некалькі галасоў закрычалі:
— Рус, шнэль! Дом, дом шнэль! — I смех — хрыплы салдацкі рогат.
Што ж яны не страляюць? Чаму не б’юць? Чаго яны чакаюць? Здзіўленне спакваля пачало перарастаць у трывогу, якую ўжо не магла заглушыць і безнадзейная самота гібелі. Устрывожаны, ён адчуў, што гэта не так сабе, што гэты Чарноў-Шварц нешта ўздумаў — ці не горшае за самую смерць? Але што? Узрушаны і збянтэжаны, ён цяпер не мог сцяміць таго. Ён толькі адчуў небяспеку ззаду, усё далей адыходзіў ад яе і ўсё прыбаўляў кроку. У той жа час ён быў цвёрда ўпэўнены, што з гэтага палетка яны не выпусцяць яго. Можа, міннае поле? Можа, тая гармата-шпокалка?
I ён ішоў. Вось ужо ўчарашняя дарожка з быльнёгам у канаўках, побач распластанае цела ў шынялі — хтосьці іхні, але Клімчанка нават не зірнуў; непадалёк другі — з разматляным на спіне рыззём рэчмяшка — гэта ж Прошын. Клімчанка ўсё хутчэй шыбаваў уніз, уніз, да рова, увесь напружваючыся кожным нервам і чакаючы. Але яны там, на вышыні, маўчалі. Толькі прарываючыся пад вецер, яго даганялі абрыўкі гамонкі, рогат, і ўсю істоту лейтэнанта пранізвала недаўменне: чаму так? Няўжо… Няўжо Чарноў гэты — наш?
Гэтая думка канчаткова збянтэжыла яго.