Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 175 176 177 178 179 180 181 182 183 ... 241
Перейти на страницу:

Апанаваны дрыготкаю і наплывам сумных, клейкіх, як смала, думак, ён не адразу звярнуў увагу на новыя гукі, што нарадзіліся ў дрымотнай цішыні ночы. Спачатку яму здалося, што гэта размова недзе там, на дарозе, затым ён адчуў у ёй нешта дужа знаёмае, сваё, не нямецкае. Гэта адразу ўстрывожыла. Клімчанка выцяг шыю, услухаўся — здалося, быццам дзесьці, далёка-далёка, гаворыць радыё. Так калісьці да вайны было ў іх лагерах, калі пад выхадны ён, чырвонаармеец кулямётнае роты, стаяў вартавым на самым далёкім пасту — складзе ГСМ, а ў сталовай круцілі карціну. Далёкія, ледзьве данесеныя ноччу гукі чалавечай гаворкі прабіваліся ў кузаў гэтай машыны. Клімчанка зацяў дыханне, што было магчымасці ўслухаўся і неўзабаве ад таго, што ўчуў, яго пранізаў жах.

Далёка, на перадавой, гаварыў дынамік.

Абапіраючыся аб настылае жалеза падлогі, Клімчанка рынуўся да дзвярэй. Тупы шырокі боль у баку адразу змусіў яго скрывіцца, зацяць дыханне, але ён дацягнуўся да цьмянай шчыліны ў парозе і абмёр. Дынамік гучаў з пераменнай гучнасцю, то затухаючы, то раптам выразна даносячы словы. Што яны былі рускімі, лейтэнант не сумняваўся, хоць спачатку не зразумеў сэнсу ніводнага. Ён зноў зацяў дыханне і тады пачуў — слаба, квола, але ўсё ж непапраўна выразна:

— …чырвонаармеец Круглоў, малодшы сяржант Агапіцін, яфрэйтар Цёмушкін…

Яны пералічвалі яго аўтаматчыкаў.

Ён усхапіўся на каленях, выцягнуўшы над галавой рукі, грукнуў імі ў дзверы, — жалеза гучна бухнула, — і ён з усяе сілы пачаў малаціць па ім і крычаць:

— Вы, сволачы, што вы робіце?! Што вы робіце! Эй, вы! Што робіце! Адчыніце! Адчыніце зараз жа! Не маеце права!

Але знадворку было па-ранейшаму ціха, ніхто не азваўся ў адказ, — здавалася, ніхто яго тут і не чуў.

— Адчыніце! Не маеце права! Што вы робіце, звяр’ё! Фашысты! Гады!

Ён біў і біў у дзверы, да адзервянення ў кулаках. Ад натугі з патыліцы зноў пайшла кроў, але Клімчанку ўжо не шкада было жыцця — перад найвялікшаю несправядлівасцю ў жахлівай сударзе зайшлося ягонае сэрца.

— Адчыніце! Адчыніце!

Не спыняючы стукату, ён пачуў, — нібы хтосьці з’явіўся там, знадворку; тады ён загрукаў і закрычаў мацней — бязладнае, задыханае, абразлівае — і ў хвіліну аслабелай знямогласці пачуў:

— Шыссен будэм дзелайт!

— Ага! Шыссен! Чорт з вамі! Страляйце! Страляйце, сволачы!

Знадворку заварушыліся, прыцішана загаманілі, — пэўна, раіліся. Дынамік удалечы ўсё гучаў, але задыханы Клімчанка ў кароткія прыпынкі свае барацьбы не мог разабраць нічога — так моцна стукала ў грудзях сэрца і біла ў скронях кроў. Ён толькі пачуў стрэлы там, на перадавой, — у адказ на прапаганду доўгія і кароткія чэргі «дзегцярова». Гэта абнадзеіла яго, акрыліла, і ён загрукаў мацней.

— Сволачы! Гады! Што робіце! Адчыніце! Не маеце права! Давай Чарнова сюды!

Ён і сам разумеў, што гэтыя словы яго — марныя, што аб якім там праве можна гаварыць з гэтымі людаедамі, але ён прагнуў пратэставаць, бо не мог зрабіць нічога іншага. I ён біў і біў кулакамі, біў здаровым сцягном, каленямі, незвычайнае душэўнае напружанне з нейкага запасу надало яму сілы. Часам знадворку злосна гыркалі немцы, пэўна, вартавыя; ён чакаў і — чорт іх бяры — гатовы быў прыняць іх чаргу праз дзверы, — гэта яго не спыняла.

Уся яго істота бунтавала, пратэставала, змагалася.

Колькі мінула часу ў той барацьбе — ён не заўважыў.

Урэшце ён знясілеў, крык яго стаў хрыплы і нямоглы, кулакі да крыві разбіліся аб жалеза дзвярэй і апухлі. Ён не заўважыў, як у яго будцы-кузаве развіднела, шэрая імгла расступілася і на падлогу з акенца лягла пляма нясмелага ранішняга святла; ярчэй заблішчала пад дзвярыма шчыліна. Ён усё біў і не чуў, як знадворак ажываў гамонкай новых людзей. Наўкола затупацелі крокі, аднекуль прыехала і спынілася машына, і вось ля яго вуха шчоўкнуў замок-засоўка. Гэта было нечакана, дзверы расчыніліся, і ён ледзьве не вываліўся з кузава.

Тады ён ураз аціх. На дварэ быў задуменны вільготны ранак, стыла ў тумане голае вецце алешын, кудысьці на корм пранеслася стайка вераб’ёў. У дзвярах стаялі і глядзелі на яго два немцы — адзін у касцы і з аўтаматам упоперак грудзей, другі проставалосы, у мундзірчыку, без шыняля. За імі перад гэтай жа машынай тоўпіліся і яшчэ па-рознаму апранутыя і розныя па ўзросту немцы, якія, аднолькава прыціхшы, з цікаўнасцю на тварах, як на якое дзіва, глядзелі на яго. Але ён не бачыў нікога — яго позірк толькі матлянуўся па гэтай варожай людской мешаніне і спыніўся на прыціхлай постаці Чарнова. Трохі непадобны на ўчарашняга, халодны і стрыманы, у высокай афіцэрскай фуражцы і падпяразаным шынялі, ён стаяў зводдаль, ля ўвахода ў зямлянку і, зябка засунуўшы рукі ў кішэні, пазіраў на яго. Ля яго пераступалі з нагі на нагу яшчэ два афіцэры — той, учарашні, высокі, у абшытых скураю брыджах, і нізенькі, вяртлявы чалавечак з чорным каўняром шыняля і ў пілотцы.

1 ... 175 176 177 178 179 180 181 182 183 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)