Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Урэшце ён адышоўся настолькі, што забіць яго з першых стрэлаў стала ўжо не так лёгка. Ён зноў азірнуўся — не, за ім і не беглі, ніякага вераломства ззаду не было відаць. I тады ўсю яго істоту падхапіла надзея — жыць! Жыць! Жыць. Ён ірвануўся, што было сілы, вецер тужэй штурхануў у грудзі, але ён угнуўся, рынуўся наперад, ледзьве не паляцеўшы потырч, памчаўся зверху ўніз па палетку — хістка, няўпэўнена, ад слабасці амаль не валодаючы целам. I ўсё ж яго душа, неяк падсвядома, сама па сабе, як нейкага апраўдання, як праўды, як узнагароды за няпэўнасць, чакала ззаду стрэлаў.
Ды стрэлаў не было. Ніводнага. Аніадкуль. Вышыня замерла, стаілася, сціхла. Тады яго працяў раптоўны, не ўсвядомлены яшчэ ў свае прычыннасці жах — ён хіснуўся, аслабелыя ногі не адразу стрымалі яго. Няўцямным вар’яцкім позіркам лейтэнант глянуў уніз, дзе ўжо так блізка быў паратунак, і спыніўся.
Па ўсім беразе рова, з усіх рытвін і акопчыкаў-ровікаў тырчалі каскі, шапкі, натапыраныя каўняры аўтаматчыкаў. Ён яшчэ не ўбачыў ні іх твараў, ні позіркаў, — было яшчэ задалёка, — але нешта страшнае падсвядомаю сілай раптам перадалося яму. Ён раптам і вельмі выразна, як можа быць толькі за секунду да смерці, зразумеў, што ўсім тут ён — вораг.
Гэтае адкрыццё перуном ударыла яго, нешта ў ім ураз спарахнела, ногі самі кінуліся ўбок, ён, не ведаючы і не разумеючы, як і што здарылася і што рабіць, аббег па ржышчы крывуліну — безвыходную замкнёную пятлю, яшчэ раз убачыў маўклівую вышыню і тады канчаткова зразумеў, што з ім сталася.
Зразумеўшы, апусціў рукі, галава яго сама апала на грудзі, і ён, хістаючыся ад ветру, паціху пабрыў у роў.
Клімчанка ні разу не ўзняў галавы, каб зірнуць, дзе сысці на абрыў, але нейкае бескантрольнае адчуванне вывела яго да прамыіны-раўчука ў беразе рова. Там ён убачыў чыесьці рукі на свежанакапанай зямлі, пустыя закапцелыя гільзы, рассыпаныя ў сухой траве, шматок газеты, прыбіты ветрам у быльнёг. Дайшоўшы да абрыву, ён бокам, каб не зваліцца, ступіў у яго, стрымліваючы сябе на нагах, сышоў уніз. Побач былі людзі, але ён не бачыў іх. Яны ўсе маўчалі; з-пад яго ботаў сыпалася і незвычайна шумна шархацела жарства. Незнарок неяк яго позірк натрапіў на валёнкі з рудымі старымі падпалінамі, і ён узняў голаў: насупраць стаяў Арлавец.
Страшны, чорны ад шчаціння твар ротнага, на якім, сцятыя бровамі, нядобра гарэлі вочы, не здзівіў яго і не спалохаў — лейтэнант знямела і абыякава зірнуў у іх гнеўную глыбіню. Ён не здзівіўся таксама, калі ў наступнае імгненне з балючым звонам у вуху паляцеў на зямлю — ён толькі захліпнуўся ад крыўды і, нібы затраўлены, загнаны воўк, зараз жа ўскочыў і выцяў па вуху ротнага.
Затым у яго ўсё адразу прапала — і крыўда, і злосць, засталося толькі ранейшае адчуванне бяды, якая так несправядліва абрушылася на яго і скінуць якую ўжо не было магчымасці. Ён моўчкі чакаў за гэтым ударам другога — больш дужага — або, можа, стрэлу ў спіну, грудзі. Ззаду і па баках стаялі байцы. Нехта з іх крыкнуў штосьці абразлівае, і іншыя падхапілі:
— Здраднік!
— Запраданец нямецкі!
— Прыйшоў за астатнімі!
Клімчанка чакаў гэтыя крыкі і разумеў іх; апраўдвацца, аднак, не было слоў, штосьці назаўжды зацялася ў яго душы і не было сілы саўладаць з найвялікшаю такой несправядлівасцю. Упершыню ў кароткім прасвятленні свядомасці мільгануў зразумелы цяпер да дробязей намер Шварца-Чарнова, і лейтэнант з новаю сілай адчуў, што, сапраўды, смерць цяпер для яго — раскоша.
Але чаму маўчыць, не б’е і не страляе ў яго Арлавец, чаго ён чакае, скамянела ўставіўшыся ў яго?
Лейтэнант узняў вочы і, сустрэўшыся з яго позіркам, раптам нечакана для сябе ўбачыў у ім амаль што разгубленасць. Здалося, ротны пра ўсё ўжо здагадаўся, прачытаў на скрываўленым твары лейтэнанта яго страшэнную бяду. У душу Клімчанкі адразу хлынула крыўда; на момант ён адчуў сябе такім вартым жалю няўдакам, што не ўтрымаўся і на момант згубіў усе сілы. Ён аслабела асеў на дол, зашчаміў між каленяў твар і выдавіў з сябе нечалавечы роспачны енк. Наўкола гнеўна гудзелі байцы.
— Ціха! — пакрываючы гаману, раптам закрычаў Арлавец. — Маўчаць! Калі ні д’ябла не разумееце!..
Тады людзі, нібы штосьці адчуўшы, хутка прыціхлі. Клімчанка пачуў лаянку і пагрозы, але ўжо скіраваныя немцам. Ад роспачы ён затаіў дыханне і зблізку ад сябе ўчуў знаёмы, такі па-добраму разважлівы голас Галаногі:
— Што ж цяпер зробіш! Стрывай як-небудзь…
Гэтыя памяркоўныя, разважныя словы сталага чалавека, з якім у лейтэнанта было столькі рознага — і благога і добрага, — неяк нечакана нібы паставілі ў ім штось зрушанае, збітае на месца. Можа, у іх адбіўся той заўсёдашні трудны Галанога, з якім нямала пазмагаўся Клімчанка, — непераборлівы, цярплівы, падаткі. Лейтэнант унутрана рвануўся ў пратэсце супраць гэтага «як-небудзь». Ён не хацеў «як-небудзь», — ён хацеў быць або ранейшым для іх, або ніякім. Пратэст гэты ахапіў яго, перамог усе іншыя пачуцці, лейтэнант з новаю сілай, нададзенай яму злосцю, ускінуў галаву. Прага дасведчыць сваю невіноўнасць справаю ўраз успыхнула ў ім — гэта было выйсце.