Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Але ж і сябры — глядзі ты — замкнулі, і сядзі. З якім гэта намерам? Каб уберагчы ад бяды ці здаць у выцьвярэзьнік? У выцьвярэзьніку ён ужо быў двойчы, адзін раз яго туды здала жонка. I ўсё праз згрызоты. А можа, і добра, што здала, усё ж ноч праспаў, як чалавек. А дома што — заўжды пілавала яго дзень пры дні. Калі сама была цьвярозая. А калі выпівала, таксама пілавала, а то калі і білася. Нядобрая яму выдалася трэцяя яго жонка. I ўжо, канешне, апошняя, што зробіш…
А калісь была першая. Маладая, прыгожая і ласкавая. Ды Бог ці людзі не далі разам пажыць. Бедная Аўгінка, хто ж мог меркаваць, што ўсё так абыдзецца… Тады ён думаў, што ягонае шчасьце — навек. Аказалася, на колькі кароткіх месяцаў…
Ён добра адслужыў свае два вайсковыя гады, стаў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі, здаў нормы на значкі «Варашылаўскі стралок», «ГТО» ды «ПВХО». Восеньскай парой у новых юфтавых ботах і даўгім чырвонаармейскім шынялі вярнуўся дамоў — у суседняе з мястэчкам Падбярэзьзе. Тыдняў колькі фарсіў у вайсковым, вадзіўся з местачковымі сябрамі-камсамольцамі — ладзілі сьпектаклі ў Доме сацкультуры, дзе і пазнаёміўся з Аўгінкай, настаўніцай мясцовай школы. Тая толькі ўлетку скончыла педтэхнікум і прыехала з Полацку. Дужа падабалася яму Аўгінка, але як ён сказаў ёй пра жапіцьбу, не адразу на тое пагадзілася. Сказала, што мала яшчэ знаёмыя, трэба пачакаць, прывыкнуць адно да аднаго. Ён не настойваў. Тым болей, што і так дзень пры дні, асабліва ўвечары, прападаў у яе каморцы, дзе яна кватаравала ў старых Коганаў. I сталася так, што ажаніцца стала неабходна — Аўгінка зацяжарыла. На сьвята Чырвонай Арміі яны запісаліся, і ён перавёз маладую жонку да маці ў Падбярэзьзе. Але, пэўна, не ў пару яны пажаніліся, а можа, не ў пару і нарадзіліся нават, — такі крыважэрны наставаў час, Увесну яго зноўку прызвалі ў войска, — за які месяц да пачатку вайны. Зборы, казалі, будуць тры месяцы, аказалася — чатыры крывавыя гады. Увосень Аўгінка нарадзіла сынка — пад нямецкай акупацыяй ужо, пахавала ягоную маці, у той час, як ён масьціў бярвеньнем «ляжнёўкі» пад Волхавам. Ваяваў ён па сваёй вайсковай сытецыяльнасьці — сапёрам, болей рыдлёўкай і сякерай, чымсі вінтоўкай. Але і ў сапёрах хапіла вайны пад завязку — трапіў у акружэньне, з якога ледзьве выкараскаўся пад восень. У часе бамбоўкі быў паранены асколкам пад правую лапатку, ляжаў аж у трох шпіталях, пакуль ачуняў. А як ачуняў, зноў трапіў на фронт, гэтым разам на Трэці Беларускі, дачакаўся аперацыі «Баграціён» і адразу ж напісаў ліст у вёску. Адказу, аднак, не атрымаў, хоць ужо амаль усю Беларусь вызвалілі ад акупацыі, і Гаворкаў сапёрны батальён ладкаваў мост цераз раку Нараў у Польшчы. Тады ён напісаў у сельсавет, каб хто адказаў, што сталася з салдацкаю жонкай Гаворкай Аўгіньняй. I праўда, неўзабаве атрымаў адказ — на паперцы са школьнага сшытка, але з сінім штэмпелем угары. Пасьля ня раз думаў: лепш бы ён яго не атрымліваў, той доўгачаканы ліст, які ён праклінаў усё жыцьцё. Але хіба згадаеш, дзе што напаткаеш…
Сакратарка сельсавета Нямчынава паведамляла, што грамадзянка Гаворка Аўгіньня Мікалаеўна ў часе Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Для Гаворкі тое паведамленьне сталася як выбух снарада ў бліндажы, ён быў ашаломлены, панішчаны і дзён колькі не прыкмячаў навокал нічога, не зважаў ні на абстрэлы, ні на бамбоўкі, а камандзіры толькі дзівіліся ягонай адвазе і вытрымцы. Праз колькі дзён, зьнямогшыся ў самотных перажываньнях, паказаў ліст земляку Пракопчыку, які шчыра паспачуваў яму, бо ў самога сям’я загінула ў партызанскай блакадзе. Цяпер у спагадзе і спачуваньні займеў патрэбу Гаворка.
А тут, як на ліха, надышла пара афармляцца ў партыю, кандыдацкі стаж у Гаворкі ўжо скончыўся. Неяк сьцюдзёным восеньскім адвячоркам пасьля дажджу камуністы батальёна сабраліся за пагоркам на краі бярэзьнічку. Часу мелі небагата, камандзіры выступалі коратка. Трох кандыдатаў — сяржанта і двух радавых — прынялі хутка і без пытаньняў, Гаворка быў апошні. Пра яго добра сказаў на сходзе ягоны ўзводны, лейтэнант Трахман: і працавіты, і руплівы, і справе партыі Леніна-Сталіна адданы. Ніхто не пярэчыў супраць таго, каб Гаворку прыняць у шэрагі ВКП(б). I тады побач падняў руку ягоны зямляк Пракопчык і сказаў, што ў яго ёсьць заўвага: Гаворкава жонка супрацоўнічала з нямецка-фашысцкімі акупантамі.