Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 173 174 175 176 177 178 179 180 181 ... 260
Перейти на страницу:

Уся невялічкая партыйная грамада на бярозавым узьлеску на момант зьнерухомела ад тых словаў. Нават сакратар партячэйкі капітан Казлоў хвіліну ня ведаў, што сказаць, толькі спытаў Гаворку: ці праўда тое? Гаворка ўстаў і сказаў, што так напісана ў лісьце з сельсавета. На тым сход і скончылі, кандыдатуру Гаворкі нават не паставілі на галасаваньне. I ён, не перакурыўшы з усімі, на адзіноце паплёўся да ракі, дзе з раніцы зьбіваў жалезнымі скобамі вялізныя бярвеньні-рамы.

Дзён колькі затым ён ні з кім не размаўляў ва ўзводзе, ды салдаты і ня надта набіваліся размаўляць з ім. Камандзіры, праўда, як заўжды, крыкліва камандавалі, ён усіх слухаўся і ўсё выконваў — куды пайсьці, што рабіць. Рабіў усё моўчкі. З земляком Пракопчыкам стараўся не спатыкацца нават позіркам, хоць яны рабілі адну справу і працавалі заўсёды поруч. Увогуле крыўды на яго ў Гаворкі не было, але не было і ранейшай шчырасьці. Канешне, Гаворка разумеў, што пра ліст трэба было калісьці сказаць начальству, але ён ня мог выбраць для таго момант і ўсё адкладваў. Во і даадкладваўся…

Пэўна, ён прыдрамаў трохі, седзячы пад дзьвярыма, і раптам прахапіўся, адчуўшы, як дзьверы за ягонай сьпіной скалануліся, затрэсьліся, бы ад землятрусу. I ён, не пасьпеўшы што зразумець, паваліўся сьпіной з парога. На дварэ ўжо разьвіднела, побач з замком у руках стаяла злосная Скакунова жонка.

— Дапіліся, чэрці паласатыя…

Мабыць жа, і напраўду дапіліся, Гаворка адчуваў тое выразна і пакутна. Скакуніха з лаянкай і праклёнамі ўзялася тузаць у «Масквічы» свайго соннага афганца, а Гаворка падняўся і паныла паплёўся ў канец завулка. Ён усё яшчэ пакутна адчуваў гэты недарэчны пераход ад учарашняе п’янасьці да ранішняй цьвярозасьці і ішоў, пэўна ня ведаючы, куды. Абы далей ад таго злоснага бабскага крыку, які ўсё гучаў ззаду. Хай яго слухае Скакун — ён маладзейшы.

Было раньне, мястэчка ляніва прачыналася. Дзе-нідзе ў дварах адчуваўся рух — то найперш рупіліся пра жывёлу, у каго яна яшчэ нс зьвялася; старыя мужчыны стаялі каля сваіх брамак. Пасьля начной бессані, дачакаўшыся раньня, курылі, некаторыя, мабыць, мяркуючы, як і Гаворка, дзе паправіць галоўку. Усе цікавалі за пустой яшчэ вуліцай. З Гаворкам ніхто не вітаўся, ды і ён не вітаўся ні з кім — проста ішоў вуліцай да цэнтра. Як заўжды, ногі самі несьлі туды, дзе быў паратунак ад радасьцяў і пакутаў п’янай начы. Шкада толькі, што ў кішэні зноў было пуста.

Так ён апынуўся ля сьвежапафарбаванага ў блакітны колер павільёна з блішчастымі ўгары літарамі «Эксклюзіў» і сеў на мармуровых прыступках. Памятаў гэтыя прыступкі Драўлянымі, затым з бетону, запляванымі і густа закіданымі акуркамі. Цяпер яны былі гладкія, аж сьлізкія — зусім культурныя, бы ў горадзе. Што значыць — прыватызацыя!..

Гаворка ня ведаў, колькі было часу, адчуваў толькі, што рана. Але ісьці яму не было куды ды і не было мочы, і ён сядзеў. Пазіраў на пустую, гразкую пасьля ўчарашняга дажджу вуліцу, думаў. I тады прыпамятаў, што колісь, можа, у гэткае раньне таксама сядзеў недзе тут на лаўцы пад тынам і слухаў гаркотны аповед аднаго старога… Можа, каб пачуць той аповед, ён і дабіраўся за паўтысячу вёрст з вайны, дзе на машынах, дзе пехатой. Аднойчы трохі пад’ехаў чыгункай….

Тыдзень перад тым на Нараве, неяк уранку пасьля сьнеданьня наважыўся падысьці да нампаліта і, стрымліваючы хваляваньне, сказаў: «Дазвольце зьвярнуцца, каб далі водпуск зьезьдзіць дадому… Ну, наконт жонкі». Нампаліт сьпярша трохі зьдзівіўся, падумаў і раптам сказаў: «Пішы дакладную». Гаворка тут жа напісаў тое, што сказаў нампаліту, і яшчэ праз дзён пару атрымаў у штабе камандзіроўку — на пяць сутак «па асабістых абставінах». Калі ён зьбіраў увечары свой прадуктовы хатуль, нехта ў змроку зласьліва мовіў: «Едзе жонку застрэліць. Во пашэнціла…» Увесь час, як дабіраўся праз Польшчу і Заходнюю Беларусь, у ягоных вушах гучэў той нядобры голас, і Гаворка думаў: табе б так пашэнціла! За дарогу ён, падобна, счарнеў ад таго шанцаваньня…

На бліжняй да мястэчка ўшчэнт разьбітай станцыі цягнік не спыняўся, і Гаворку давялося скакаць на хаду, ледзь не разьбіўся аб слуп. Абапал яшчэ валяліся рэшткі паўзрываных, скінутых з рэек вагонаў, у балоце ляжаў на баку ржавы нямецкі цеплавоз. Ад чыгункі ішоў пехатой — прасёлкамі праз пустыя восеньскія палі, колісь знаёмыя спаленыя ў вайну вёскі. За паруйнаванымі Ласкутамі яго дагнала парожняя фурмапка з хлопцам, які паганяў дубцом здыхлаватага рыжага коніка. Гаворка падбег і на хаду ўскочыў у калёсы. «Куды едзеш?» — папытаўся хлопца. «Куды трэба», — адказаў падлетак, не азірнуўшыся. Гаворка памаўчаў трохі, разумеючы, што зямляк злуецца на яго самаўпраўства. «Партызан, мабыць?» — «Партызан, ну», — адказаў той і тады азірнуўся. «I шмат немцаў забіў?» — «Ня меней, чым ты. Падрыўнік я». — «Ого! — зьдзівіўся Гаворка. — Я во тожа падрыўнік. Сапёр — па-вайсковаму». — «Калі па-вайсковаму, дык мінёр», — паправіў суровы падлетак, і Гаворка зноў падзівіўся: ведае! Ня кожны вайсковец разумеў розьніцу паміж мінёрам ды сапёрам, а гэты малакасос цяміць. I ён папытаўся: «Слухай, а ты не з мястэчка?» — «З Глуздоў я». Глузды былі па той бок мястэчка, колісь Гаворка хадзіў туды на танцы. «А Падбярэзьзе ведаеш?» — запытаўся ён. «А то як жа? Там у лесе наш лагер быў». — «Гэта калі — вясной?» — «Не, залетась. Як падбярэзскага старасту застрэлілі». — «Старасту застрэлілі? А завошта?» — «Завошта, завошта… Каб немцаў не навёў».

1 ... 173 174 175 176 177 178 179 180 181 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)