Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
- Автор: Пацюпа Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)». Краткое содержание книги:
Мяркую, што ад кампрамісных абаронцаў пэонаў мы павінны адмяжоўвацца больш рэзка, чым ад іх праціўнікаў. Разважаючы ў рэчышчы першых, трэба было б прызнаць, што наступныя радкі даюць нам розныя памеры: 1-ы — «харэй», 2-і — «пэон трэці»:
У падобных разважаньнях пытаньне аб рытмавым інварыянце радка касуецца дарэшты. Фактычна, гэта вяртае нас да тэорыі гіпастазаў або, у лепшым разе, пэоны ператвараюцца ў нейкую факультатыўную мадыфікацыю «ямбу» ды «харэю».
Тым часам зробленыя апісаньні паказваюць настойлівае імкненьне ўсіх разгледжаных памераў да інварыянтнае пэонавае структуры. Амплітуда пэонаў арганічная для мовы. Менавіта гэты момант дае падставу ў кантэксьце вершу называць пэонамі, цэлымі ці абсечанымі, тыя адзінкі, дзе ёсьць толькі адзін ікт і амплітуда ніяк сябе не праяўляе. Усе фрагмэнты радкоў — пэонавыя. Аднак кожны памер мае сваю гісторыю. З чатырох разгледжаных тыпаў вершу шасьціскладовік, або «пэон першы», і васьміскладовік, або «пэон трэці», склаліся «стыхійна», яшчэ ў сылябіцы, абодва пры скандоўлі могуць быць зьведзеныя да «харэю». Сямі- ды дзевяціскладовыя радкі разьвіваліся «дактрынальна», адразу як «ямбы», а ў якасьці інварыянтаў маюць адпаведна будову «пэону другога» і «пэону чацьвёртага».
Адпаведна кожны з памераў выяўляе свой адметны характар, цесна зьнітаваны з гісторыяй. «Сяміскладовік» узьнік у форме, набліжанай да інварыянту, і мала мяняўся. «Васьміскладовік» вельмі хутка эвалюцыянаваў, маючы нахіл да інварыянтнасьці. «Шасьціскладовік», наадварот, эвалюцыянаваў у бок інварыянту запаволена і неахвотна, заўжды захоўваючы схільнасьць да анамаліяў. «Дзевяціскладовік» жа адразу паўстаў з прэтэнзіяй на інварыянтнасьць, але з усіх памераў ён найбольш адхіляўся ад нормы, маючы нейкую нутраную дэструкцыйную патэнцыю і рознаскіраваныя вэктары анамальнасьці. Нягледзячы на ўсю рознасьць формаў, можна заўважыць, што валы памераў вытрымваюць аптымальнае аддаленьне — тры слабыя склады. Ці, дакладней, два роўні з мажлівым усплёскам — радзей пералівам — пасярэдзіне.
Як варыяцыі і мадыфікацыі працуюць на адзінае рытмавае заданьне, пакажам яшчэ раз на вялікім урыўку зь вершу Старога Ўласа «Вясна»:
З грунту, гэта банальны «чатырохступовы ямб», які мы вышэй дамовіліся называць дзьвюхступовым пэонам чацьвёртым. Але рытмавым мадуляцыям урыўку можна толькі пазайздросьціць. «Чысты ямб» даюць радкі 5, 21, 25 і 26-ы. Радкі 7-ы і 9-ы «нагружаныя» сысталамі. А 23-і гучыць яшчэ цяжэй, бо сыстала дапаўняецца зьбегам зычных, якія ўтвараюць кансананс. Затое 2-і, 3-і, 4-ы, 10-ы і, у нейкай ступені, 19-ы, наадварот, могуць быць названыя «лёгкімі» за кошт «пірыху». Разлом ёсьць толькі ў 6-м. У 16-м разлому не дапускае дыястала на слове як. Інвэрсіяў куды больш: у 1, 8, 11, 14 і 24-м радкох. У 12-м — «падвоеная» інвэрсія, яна прыпадае і на ўсплёск, і на вал. У кантэксьце ўрыўку дэструкцыйны вынік такой інвэрсіі згладжваецца за кошт рытмавага паралелізму: словаформа чарвякі па вэртыкалі дакладна адлюстроўвае словаформу аджылі. Асабліва цікавы 15-ы радок, які можна назваць ірацыянальным. Тут націск на першым складзе нібыта намяркоўвае інвэрсію, але далей — аж да канстанты — прапушчаныя ўсе акцэнты ды бракуе аднаго складу.