Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
- Автор: Пацюпа Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)». Краткое содержание книги:
Чаму так адбываецца? Рэч у тым, што ў 2-м і 4-м радкох Анжаліны Дабравольскай назіраецца аднолькавая зьява: тут бракуе націскаў на моцных месцах пэону чацьвёртага, але затое ёсьць націск на месцы першае ступы «ямбу», якая заўжды слабая і досыць часта стаіць не пад націскам. У выніку радок разломваецца на два паўрадкі, узьнікае нешта накшталт «нерэгулярнае цэзуры». Далей гэтую зьяву, каб ня блытаць яе з цэзураю-мэдыянаю, будзем пазначаць як разлом. Менавіта разлом выклікае запаволеньне рытму, якое нельга не заўважыць на слых. Разлом заўжды прыпадае на словападзел. Дзьве няроўныя часткі радка ператвараюцца ў самастойныя адзінкі, кожная з якіх мае сваю канстанту. Традыцыйнае вершазнаўства разлом апісвае аблудна як «пропуск» акцэнту, а А. Квяткоўскі сьведама ігнаруе.
І вось тут пачынаецца найскладанейшы момант ямба-харэізму, на якім спатыкнуліся бадай што ўсе бытныя тэорыі. І тыя, якія пацьвярджалі гэтую дактрыну, і тыя, якія яе аспрэчвалі. Настала пара, калі мы мусім адмовіцца ад ямбу і весьці апісаньне толькі выходзячы з пэонавае кадэнцыі. Калі мы не адмовімся, хоць бы чыста эўрыстычна, дык volens nolens мусім прыйсьці да такіх недарэчнасьцяў, як «гіпастаза пірыху», або «пропуск акцэнту на моцным месцы». Насамрэч ніякіх ні «гіпастазаў», ні «пропускаў» быць ня можа. Як бы мы ні ўкладалі двухскладовыя памеры, амплітуда пэонаў бярэ верх і вызначае ўвесь рытмавы каркас. Узяўшы ж пэоны за дамінанту — у радкох з разломамі мы ўбачым складанае і неадназначнае парушэньне адзінства рытмавага працэсу. Андрэй Белы ў сваіх праслаўленых дасьледаваньнях рытму (гл.: Белы А. Символизм. М., 1910) трапна, але не зусім дакладна зазначае, што такія радкі «ёсьць камбінацыяй двух пэонаў (пэона другога і пэона чацьвёртага) (С. 256)».
Заўважаліся такія зьявы даўно. Але тыя самыя ўяўныя ямбы ды харэі вярталі вершазнаўцаў ува ўлоньне догмаў. Прыклад Андрэя Белага ў гэтым сэнсе надта павучальны. У адных выпадках ён слушна піша, дзей «ямб, з грунту, далёка ня ямб (С. 259)» і «мы мусім учыніць два чыста ўмоўныя, гвалтоўныя галасавыя націскі для таго, каб падкрэсьліць, што гэты радок — ямбавы (С. 256)». У іншых — нібыта тое самае, але больш супярэчліва: «Чыста вытрыманага ямбу не існуе… амаль заўжды мы маем камбінацыю ямбу з пэонам, пірыхам, спандэем і г. д. (С. 256)». У Белага было глыбокае разуменьне гэтае супярэчнасьці, якое дазваляла яму пайсьці слушнаю дарогаю. Ён піша: калі розныя ступы могуць спалучацца адвольна, «тады наагул сьціраецца граніца паміж паэзіяй і прозаю (С. 258)». Заставалася выбраць: пэон ці ямб.
Аднак расейскі паэт адразу ж, быццам спалохаўшыся ўласных адкрыцьцяў, заяўляе: «Дзеля чаго ў вывучэньне мэтрыкі ўводзіць умоўныя формы грэцкага вершаваньня, якія мелі сэнс толькі ў той мове, дзе сама паэзія музычна складалася ў ямб, харэй, амфібрах ды інш. (С. 257)». Менавіта — навошта? І ўсё ж, насуперак сабе самому паэт старанна апісвае «ўмоўную форму» — ямб. «Даводзіць рытмавыя мадуляцыі ямбаў пры дапамозе «пэонаў», — працягвае ён, — значыць толькі загрувашчваць праблемы мэтрыкі тою самаю мэтрыкаю (С. 257)». Гэты довад, ізноў жа, аспрэчваюць словы самога Белага: «Мы яшчэ ня ведаем, што становіць сабою расейскі мэтар і ў чым яго адрозьненьне ад іншых мэтраў (С. 281)». Дык чаму ямб, а не пэон? Пэон, дарэчы, у антычнай мэтрыцы быў менавіта дапаможнаю, «умоўнаю» ступою. Можа, у славянскіх мовах яму наканаваны іншы лёс?
Дэградацыя адкрыцьцяў Андрэя Белага надта добра відаць на ягоным зьясьненьні разлому. Бездакорны слых паэта падказвае, што радок з чыстым пэонам чацьвёртым гучыць «у тэмпе allegro» (С. 263), а радок з «камбінацыяй пэонаў» «гучыць павольней, у тэмпе andante» (С. 263). Першую зьяву ён абазначае як «паскарэньне» («паўнаціск»), а другую — як «затрыманьне перад паскарэньнем» (С. 265). Нават не «запаволеньне», а менавіта «затрыманьне перад…». Што гэта, як не ўсьведамленьне разлому? Далей паэт выказваецца таксама слушна, хоць і менш дакладна: «На адных ступах паўнаціск запавольвае агульны плыў вершу, на іншых паскарае (С. 272)». Але паступова ім авалодвае спакуса статыстыкі, аўтар забываецца і на «затрыманьне», і на «запаволеньне». Усе пропускі націскаў Белы называе «паскарэньнямі», маўляў: «Мажлівая статыстыка… паскарэньняў… іх паданьня на ступы» (С. 286). Урэшце ён даходзіць да поўнага абсурду, калі піша: «Радкі з паскарэньнем на другой ступе» (С. 291) даюць «уражаньне maximum’у запаволенасьці» (С. 294).
Белы так захапіўся, што страціў галоўнае. З тэрміну паскарэньне дарэшты выветрыўся той рэальны «імпрэсіяністычны» зьмест, які выклікаў яго да жыцьця. У эпігонаў тэрмін фігуруе ўжо ў «высушаным» выглядзе як канстатацыя пропуску акцэнту. Але навошта такое «паскарэньне», якое нічога не «паскарае»? Заставалася толькі, як выказаўся сам паэт, «сыстэматызаваць графічныя фігуркі» (С. 260). Як бачым, у Белага была геніяльная інтуіцыя рытму, пільны аналіз рытмавых структур, але гранічна ўбогі сынтэз тэорыі вершаваньня. Сымптаматычная такая яго заўвага: «Далейшая праца ў гэтым кірунку залежыць ня так ад абагульненьняў, як ад пільна зьбертага і сыстэматызаванага матэрыялу (С. 330)». «Крыху ўседлівасьці ды любасьць да паэзіі — вось і ўсё, што патрэбна для дасьледніка (С. 395)». А што зьбіраць і што лічыць — няведама! Гэтая легкадумнасьць дорага абышлася вершазнаўству.