Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Харомы мастацтва былi харомамi духу. Там нельга было думаць толькi пра жывапiс — вузка. Зьяўлялiся думкi пра час, эпоху, родны край, народ. Чаго было ў генiя найбольш — чалавека цi эпохi? I што кожнаму давала эпоха? Хоць i Мiкелянджэла? З аднаго боку клаў на шалi выявы з гранiту, фарбаў, слоў, металу, з другога — выбух: “Навошта над сваiм мастацтвам чах, Калi такi канец мой — нiбыта мора Я пераплыў i затануў у саплях”.
Яшчэ Прахаў у Кiеве паставiў пытаньне: навошта? У яго, праўда, яно гучала хiтра — з прыцэлам на маладосьць студэнта: якая будзе рэакцыя? Паставiў лёсам Урубеля, ведаючы, што сам Урубель задаваў пытаньне сабе i сьвету неаднойчы, пазьней — ужо ў вар’яцкiм доме, калi пiсаў партрэт Брусава, на якiм, па сьведчаньнi самога Брусава, доўгi час была выява ўсяго паловы галавы: навошта? У Кiеве на гэтае пытаньне цi знайшоў адказ? Маладое захапленьне адказам не было. А пазьней?
Львоў, сталiца не артадаксальнага ўсходу, а больш вольнага ды сьмелага на думку i слова захаду, адказ цi ведаў?
Аднойчы, спытаўшы ў сябе пра гэта, пачуў на вуснах, на слых i смак, знаёмыя са школы вершы: “Любiтеся, браты моi, Украйну любiте, i за неi, безталанну, Господа молiте...” Згадаў i ня менш знаёмае: “Як умру, то поховайте Мене на могилi, Серед степу широкого, На Вкраiнi милiй. Поховайте та вставайте, Кайдани порвiте...”
Адказы на ўсе пытаньнi, нават генiям, былi ў Тараса. Што ж гэта за паэт? I чаму толькi тут, у Львове, ён, Гаўрыла, гэтак зразумеў i пачуў Кабзара? “Украiна, мати моя...” — вось адказ на пытаньне: навошта? Дзеля Мацi Украiны! А што сабе, як не паэту — шэраму чалавеку? “Дай мнi Украiну!..” А яшчэ, акром высокага? Як чалавеку слабому — што?.. “Мiнаюць днi...”? Ёсць: “Доле, де ти? Доле, де ти? Нема нiякоi! Коли доброi жаль, божэ, То дай злоi! злоi! Не дай спати ходячому, Серцем замирати, I гнилою колодою По свиту валятись. А дай жити, серцем жити I людей любити!..” Тут — усе адказы генiям i прафесарам усiх часоў? I ня генiям — таксама. Усiм, у каго ёсьць радзiма. Ну, а на яго, Гаўрылава, пытаньне, якое насiў у сабе з таго часу, як адкрыў паэзiю Кабзара i ўбачыў, чым жывуць сяляне ў Чыкалавiчах, свае палешукi, адказ цi быў? Якое яго пытаньне? А такое: чаму цi ня ўсё беларускае Палесьсе чытае Тараса, любiць Тараса, як нiкога з паэтаў-духоўнiкаў, можа, болей, як сваiх беларускiх? Гэтую загадку доўга насiў у сабе як разгубу, разам з паэзiяй Кабзара, у сэрцы, ня мог адно з адным зьвязаць, адным другое высьвецiць, адным другое зразумець. А хiба ня тут, у вершах-думах, i быў адказ? Хiба не таму палешукi-беларусы любiлi Тараса, што ён нiводным словам не прынiзiў нi мужыка, нi народ, i калi гаварыў пра iх, гаварыў iм, а пра iх i да iх усе кабзаровы песьнi-думы, то рабiў гэта ня так словам, як болем прыгоннага селянiна ды катаржнага салдата, якi жыў у кожным мужыку i ва ўсiм народзе.
Восень лiстападу.
Мы стаім на беразе возера Баравое пад Бягомлем.
Ціха. Сонечна. Крыху, на разьвітаньне з летам, ядрана.
З-за возера да нашага берагу час ад часу падлятае нязлосны вецер, зухавата цярэбіць бярозам чубы, зьмятае з іх жоўтае лісьце нам пад ногі і на ваду. У нязмушанай лагодзе і цішыні мастак спакойна, як у працяг ранейшае размове, кажа:
— Шаўчэнка — мой любімы паэт.
Прызнаньне ў настроі восені? Пытаюся:
— А з нашых?
Ён усьміхаецца:
— Максім Багдановіч. А чаму? нідзе ня схлусіў. Гэта — як Шаўчэнка ніводным словам не прынізіў мужыка. Дзьве формулы аднолькавай вагі. А які жахлівы быў у Максіма лёс! Гэтак любіць свой народ, амаль не жывучы ў ім! Якая драма і якая годнасьць! Ня кажучы пра паэтычны дар, пра мову.
Зноў падлятае і шапоча ў чароце вецер.