Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Пазьней, калі аддасьць студэнтам і трыццаць, і болей гадоў жыцьця, калі аднойчы ў яго спытаюць, як у мастака, ці шмат за тыя гады страціў мастацкіх вобразаў, сюжэтаў, твораў, ён не схітруе: “Я вучыў маладых, а яны вучылі мяне. Яны сталелі, а я, на іх гледзячы, не сьпяшаўся старэць. Яны ў мастацтве сябе шукалі, а я з іх маладым імпэтам шукаў сябе. Блукалі яны, блукаў і я. Яны без мяне былі б ня тымі мастакамі, якімі сталі, а я бяз іх ня быў бы гэтакі, які ёсьць. Паміж нас розьніца адна: я сваю птушку павінен быў злавіць раней, як яны сваю. Іначай, які б я быў для іх настаўнік? І вось, здаецца, злавіў. І паказаў, як гэта робіцца. І тады яны, кожны сваю, злавілі. Калі вы лічыце, што я страціў, дык толькі тое, што набылі яны...”
Але па інстытуце пайшлі шэпты: хахол сеў на каня, як той казак Мамай — чырвоная кашуля, у роце піпка з куродымам, у руцэ шабля. Жартачкі? Не зусім. Цэлілі не ў Мамая: на беларушчыне ў выкладаньні прышчэпваўся чужы павой?
Якраз тады і госьць з Масквы прыехаў, віцэ-прэзідэнт Акадэміі мастацтва СССР Дайнека — вядомы жывапісец, графік, манументаліст, прафесар і тэарэтык вядучых мастацкіх установаў краіны. Пабываў на лекцыях, практычных занятках, пазнаёміўся з планамі, праграмамі, метадычнымі распрацоўкамі, пагутарыў з выкладчыкамі, студэнтамі. Усе чакалі, што скажа мэтр пра кафедру, а камусьці хацелася і большага: ці сутыкнуцца маскоўская ды львоўская школы, ці ўседзіць на кані хахол? І вось сабраўся навуковы савет інстытуту. Дайнека выступіў і ўхваліў работу кафедры. Больш за тое — быў захоплены, як выкладаньне мастацкіх дысцыплінаў увязвалася з архітэктурай, як студэнты працавалі ў матэрыяле — фрэсках, мазаіках, вітражах, тэкстылі. Папрасіў падрыхтаваць дакументы на Вышэйшую атэстацыйную камісію, якою сам кіраваў, дзеля прысваеньня высокіх выкладчыцкіх званьняў. А яшчэ праз тры месяцы малады загадчык кафедры стаў яе першым дацэнтам.
Пасьля заняткаў, стомлены за дзень у студэнцкім калаўроце, Гаўрыла ехаў за горад і, пакуль не сьцямнее, хадзіў па маўклівых палетках. Вынайшаў сродак і месца супакаеньня: ня горад і ня лес лячылі нервы, а ціхата палёў, прастора. Хоць там і пачынаўся новы неспакой — творчы. На гэтакі выпадак у кішэні ляжалі блакнот, алоўкі — замалёўваў пагоркі, дрэвы, дарогі. Супакойваўся, ды ненадоўга: малюнкі прасіліся на палатно. Сьпяшаўся дадому, хоць у малой кватэрцы на вуліцы Карла Лібкнехта не было месца мальберт паставіць. І ўсё ж пісаў. Не заўсёды тое, што хацела душа? Гнялі сумненьні: ён — мастак ці выкладчык? Выбраць адно? Адчуў — ня зможа: прыкіпеў і да жывапісу, і да кафедры.
А штосьці ў новым жыцьці і ладзілася. Як у інстытуце пабываў Дайнека, атрымаў майстэрню. Ад інстытуту і ад кватэры далекавата, але ў самым цэнтры Менску, у паддашку дома на Ленінскім прасьпекце, дзе ўнізе, на першым паверсе, была вядомая ў сталіцы крама кветак. Што майстэрня на дваіх з мастаком Іванам Рэем, можна было мірыцца. Калі прыходзіў і бачыў, што сусед працуе, майстэрню пакідаў, каб не перашкаджаць, і тое самае рабіў Рэй. Неяк абодвум падалося, што можна працаваць разам. Прынесьлі прасьціны, перагарадзілі пакой — два з аднаго зрабілі. Але за ўмоўнай сьценкаю праца не пайшла ні ў аднаго, ні ў другога. Кожны гук, які б ні быў ціхі, адбіваў ад работы, блытаў думкі, псаваў настрой. Самападман абурыў абодвух: сарвалі на падлогу прасьціны, абняліся, як даўно ня бачыліся, і доўга з сябе рагаталі.
Аднойчы пасьля апошняй лекцыі Гаўрыла выйшаў з інстытуту і, не чакаючы тралейбуса, пашыбаваў па прасьпекце. Зіма канала, з неба лілося сонеч нае сьвятло, зганяючы абрыдзелую шэрань, цяплом дыхаў асфальт, і гэтак, як зямля ў прыпарку, вясьне радаваліся душа і цела. Ідучы, думаў пра вёску, як чысьценька цяпер у ёй, пасьля маёвага дажджу, пра хату, дзе, як маму да сябе на Украіну забраў брат, жыла стрыечная сястра Марыя. Раптам спыніўся: кветкі — крама? Адчыніў дзьверы — зайшоў у краму. І адразу, яшчэ ад парогу, з паліцы насупраць позірк выхапіў срэбна-зялёны кусточак, як вылеплены з буйнога круглага лісьця, з якога рухомымі агеньчыкамі гарэлі кветкі, непадобныя адна на адну і абрысамі, і нюансамі колераў, дзе цямнейшымі, да сіняга, а дзе зусім сьветлымі.
З крамы выйшаў, аберуч трымаючы вазон з цыкламенамі. Падняўся на шосты паверх у майстэрню, зрабіў тры крокі, паставіў вазон на падлогу каля сьцяны, да белага палатна на падрамніку, адышоў, сеў на крэсла і дзівіўся: мяняліся ў кветках сьвятло, формы, колер кожнага лісточка і пялёстка, белыя плямы палатна за вазонам прымервалі на сябе то адзін, то другі, то трэці тон, гулялі паўтоны, сьвятло рэфлексавала, адно ў адным адбівалася, што ў вазоне і што за ім. Баль правіла сонейка з акна? Але было гэтак і ў краме, хоць там не было гэтакага сонца, шэрая сьцяна стаяла за вазонам. Што ж асьвятляла кветкі тут, акрамя сонца? Сьвятло, можа, праменіла ад мастака — з душы, з вачэй? Ён сам, можа, быў сонцам? Была яго ўлада над натурай, над палатном, над колерамі і танамі?