Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ
- Автор: Дубавец Сергей Иванович
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ». Краткое содержание книги:
* * *
Яшчэ ў сярэдзiне 80-х гадоў у Гомелi, у самым цэнтры места, у сучаснай аднапакаёўцы жыла кабета паважнага веку, слабога здароўя й выразнай дасавецкай культуры. Атрымаўшы выхаваньне ў тутэйшай жаночай гiмназii, яна на ўсё жыцьцё захавала колiшнiя рэгулы паводзiнаў i ўяўленьне пра долю жанчыны. Яна сьпявала ў хоры, займалася рукадзельлем i зь пiетэтам чытала Ушынскага. Яе лёс - характэрны для яе пакаленьня, але зусiм нерэальны для майго. Праўда, для мяне кабета паважнага веку была перш-наперш жонкай рэдактара вiленскай "Нашай Нiвы" Аляксандра Ўласава. I клiкалi яе гэтаксама - Аляксандра. Яна казала, што iх шлюб быў выпадкам выключным. У 1920-м карэнная гамяльчанка Аляксандра Стэльмаховiч цi Аляксандра Серада (паводле першага шлюбу, той муж загiнуў у першую сусьветную вайну), паехала да хворай сястры ў Баранавiчы. Зразумела, з прыгодамi, за мяжу. Пасьля там у кагосьцi была вечарынка, "блiны". Сабралася ўсё гарадзкое начальства, натарыюс - "галоўны ў гарэлцы". Там быў i Ўласаў. Цi ня самая калярытная постаць беларускага адраджэньня. Тытан як з аблiчча, так i ў думках ды ўчынках.
* * *
Выйшаўшы на першыя ролi ў беларушчыне, Уласаў выразна адрозьнiваўся ад iншых. Ён быў ня столькi беларусiшчам, колькi чалавечышчам. Гэта значыць, не зацыклiваўся на праграмных формулах, але захапляўся iдэяй жывога прадпрыемства, аж да авантурызму. Зрэшты, у часы "Нашай Нiвы" мала хто зь беларускiх дзеячоў нагадваў тых "функцыянэраў партыi", жалезных людзей, якiх мы ведаем зь фiльмаў пра бальшавiкоў, i якiх так шмат у беларушчыне цяпер. Уласаў - атлет, бас, самыя фэерычныя iдэi. Такiм уяўляецца рэдактар "першай беларускай газэты з рысункамi".
Аляксандра Ўласава пражыла ў Заходняй Беларусi да арышту мужа ў НКВД. Яна брала ўдзел ва ўсiх прадпрыемствах гэтага народнiка, сэнатара Польскага Сойму, iнiцыятара беларускiх школаў, тэатралiзаваных сьвятаў i г. д.
"У 1922 годзе АМ (Аляксандар Мiкiтавiч, - яна ўвесь час успамiнала яго так - А.Эм.) адкрыў у Радашкавiчах фiлiял ТБШ i гiмназiю, атрымаўшы ад польскага ўраду канцэсiю на сваё ймя.
У складзе вучняў першыя два гады пераважалi жыды, але з кожным годам працэнт беларусаў павялiчваўся й стаў большасьцю. Гiмназiя насiла ймя Скарыны, прайснавала шэсьць гадоў i была зачыненая ўрадам, якi ўгледзеў, што яна камунiстычная.
Перш чым зачынiць гiмназiю, польскiя ўлады арыштавалi АМ i накiравалi яго ў лягер Шчалкова, пад нямецкую мяжу. Лягер разьмяшчаўся ў дашчаным хляве, кармiлi вельмi дрэнна.
АМ сарганiзаваў усiх, хто быў у лягеры. Напiсалi сьпiс: хто, адкуль i за што. Паслалi заяву ў Лiгу Нацыяў.
Аднойчы ранiцай у Варшаву прыехала камiсiя й спыталася, што гэта за лягер i хто ў iм сядзiць. Потым камiсiя паехала ў лягер i лягер расфармавалi. АМ вызвалiлi першым, тэлеграмай. Усяго ён прабыў тут 4 з паловай месяцы.
Не абыйшлося без кур'ёзу. Да мiнiстра асьветы прыехала дэлегацыя беларусаў. Не пасьпелi яны адчынiць дзьверы ў кабiнэт мiнiстра, як той замахаў рукамi й закрычаў: "Уласава ўжо выпусьцiлi, выпусьцiлi!.." Прадстаўнiк дэлегацыi адказвае: "Мы зусiм ня ў гэтай справе". Мiнiстар быў сканфужаны...
Пасьля закрыцьця гiмназii засталiся даўгi, якiя павiнен быў плацiць канцэсiянэр Уласаў. АМ узяў у кайстру хлеба, сала й пайшоў у Маладэчна - адседжваць даўгi.
У гутарках зь сялянамi АМ казаў, што "Польшча хутка здохне, i палi будуць араць трактары. Будуць калгасы, саўгасы. Адкрыецца праклятая мяжа, i будзем жыць у адной сям'i".
Будучы абраным у Сэнат, АМ даводзiлася бываць у Варшаве на прыёмах. Так, аднойчы ў Польшчу прыехалi ангельскiя госьцi. Старшыня запрасiў i беларускага сэнатара Ўласава. Давялося паехаць. Але не было адпаведнага строю. Пазычылі шлюбны гарнiтур з цылiндрам. Калi АМ увайшоў туды, дзе сядзелi госьцi, усе маўчалi. Ён павiтаўся i па звычцы пажартаваў. Усе засьмяялiся й павесялелi. Старшыня, калi даведаўся, што АМ размаўляе з гасьцямi па-ангельску, сказаў: "Прашу Вас, пан сэнатар, займаць гасьцей. Апроч Вас нiхто ня ведае ангельскае мовы".
Акрамя ангельскай, АМ дасканала валодаў нямецкай мовай. Бо ў полiтэхнiчным iнстытуце ў Рызе, дзе ён вучыўся, выкладалi пераважна па-нямецку.
АМ зьбiраўся пiсаць раман "Палеская прынцэса". Шмат было сабрана матэрыялу, але ня суджана было гэтаму зьдзейсьнiцца".
У 1939 годзе ён, узяўшы кошык яблыкаў i аточаны з усiх бакоў дзецьмi, выйшаў на дарогу сустракаць Чырвоную армiю...
У камэры маладэчанскай турмы замест 7 вязьняў сядзелi 77...
Яна дзяжурыла пад вокнамi турмы, дамагалася сустрэчы з мужам, але безвынiкова. Вярталася дадому (фальварак Мiгаўка) пешкi. Было марозна, зорнае неба. "Грукаюся ў дзьверы свайго дому, работнiца не адчыняе, адказвае: "Вас тут няма, дзецi ў суседкi".
"... Судзiла яго асобая нарада. Далi пяць гадоў папраўчага лягеру й 28 лiстапада 1940 году накiравалi ў Марыiнскi лягер Навасiбiрскай вобласьцi.