Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ
Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Электронная книга - «Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ». Краткое содержание книги:

Кожнага разу, калi настае восень, калi доўгi кастрычнiцкi дождж гонiць нас, нiбы пблае лiсьце, зь лесу, з ракi й з суседзкiх двароў, калi шэры дзень так незаўважна перамяняецца ў вечар, што раз-пораз пазiраеш на гадзiньнiк, блытаючы шэсьць i восем, каб адразу ж забыцца на час i зiрнуць зноў, -- кожнага разу мы з шумам ляцiм па гулкай лесьвiцы да свайго паверху i, расчырванелыя, штурхаемся ў калiдоры, скiдаючы абутак, нешта выкрыкваем, сьмяемся й разьбягаемся па доме, па ўсiх пакоях, каб неўзабаве сабрацца да вечаровага стала, ля якога ўжо сядзiць наш сiвавусы дзядуля, каб пасьля вячэры йсьцi ў вялiкi гасьцёвы пакой, дзе мы з нагамi залазiм на старасьвецкую канапу, каб зараз жа стаiцца й слухаць, слухаць пад пошум дажджу за вакном доўгi-доўгi роспавед пра iншы сьвет ды iншых людзей, дзе сьвет i людзi такiя дзiўныя й такiя падобныя да нас самiх, бо гэта наш дзядуля распавядае нам свае дзiвосныя гiсторыi, а мы, заварожаныя, не варушымся, хоць нам зусiм ня хочацца спаць, бо трэба абавязкова дазнацца, чым скончыцца гэтае апавяданьне, якое ўжо заўтра мы будзем пераказваць адзiн адному на розныя лады, але так будзе заўтра, а сёньня мы заўважаем, што дзядулевы гiсторыi апошнiм часам робяцца ўсё больш кароткiя i ўсё часьцей паўтараюцца, яны ўжо зусiм не такiя захапляльныя, як колiсь, i ад гэтага нам лезуць у галаву ўсялякiя недарэчныя думкi пра тое, што наш дзядуля зусiм састарэў i не распавядзе нам ужо больш нiчога -- ён пазiрае на нас сваiмi сумнымi вачыма, у якiх стаяць сьлёзы, нiбы вiнавацiцца перад намi.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26
Перейти на страницу:

Мусiць, добра быць акуратным каталiком-лiтоўцам. Яны ведаюць, дзе аднялося, а дзе прыбыло, i куды мы ўсе йдзем. А я ня ведаю. I што нi кажы, гэтае няведаньне - маё. Я ведаю, што нiколi ня буду верыць. Мне проста няўтульна, быццам аднялася нейкая здольнасьць. Як бы горш стаў бачыць, чуць, рухацца, а прычыны - няма.

На саракавы дзень пасьля гiбелi Даўнiса нас, супрацоўнiкаў "Нашай Нівы", запрасiлi ў вiленскую Малую Залю Барока на вечар памяцi нашага калегi й раўналетка. У Лiтве Даўнiс займаўся прыблiзна тым, чым мы займаемся ў Беларусi - пiсаў i выдаваў лiтаратуру. Нехта назваў яго домам культуры ў адной асобе. А фiлёзаф Шлёгерыс сказаў, што сьмерць Даўнiса на працёртым палатне сучаснай лiтоўскай культуры сталася вялiзнаю дзiркай, i яго няма кiм замянiць.

Мы слухалi Баха, i кожны, напэўна, думаў пра чалавека на маленечкiм здымку, што стаяў на аргане.

Даўнiс быў зьвязам адноўленае "НН" зь Лiтвою, зь лiтоўшчынай. Як для мяне, дык - самы трывалы й надзейны зьвяз, стары сябра. Мне заўсёды здавалася, што я пачуваю сябе зь iм як крыху больш гарачай пароды чалавек, гэткi "парывiсты славянiн", Мiця Карамазаў. Як гэта растлумачыць?.. Больш шырокiя й нязграбныя рухi й думкi... Гэтага нельга было схаваць цi ўтаймаваць, бо гэта ў крывi. У ягонай i ў маёй.

Але зараз я злавiў сябе на думцы, што, трапляючы ў асяродзьдзе маiх маскоўскiх калегаў, я заўсёды пачуваюся зь iмi ня кiм iншым, а менавiта Даўнiсом. I ўжо не магу анi адкрыцца, анi ўзбудзiцца болей, чым дадзена. I гэта ўжо яны пачуваюцца са мною Мiцямi Карамазавымi. А я - Даўнiс. I калi яго сапраўды больш няма, то гэта ад яго ўва мне й застанецца назаўсёды. Нават калi я ня буду ведаць, як гэта назваць.

Старыя сябры не памiраюць. Яны, як сваякi й блiзкiя людзi, уваходзяць у нас самiх i застаюцца там, i ўжо разам з намi ўваходзяць у iншых. Магчыма, так памнажаецца сьвет...

* * *

Дзiўна, што з усiх маiх апiсаньняў мiнулага сэзону ягонымi знакамi застаюцца словы неўразумелая сьмерць i паветраны шар. Яны ўвесь час спалучаюцца мiж сабою (як i ў прыкладзе з амэрыканскiмi падарожнiкамi, якiх зьбiлi над Беларусяй), надаючы ўсяму, што адбываецца, нейкi камiчна-трагiчны зьмест. Што можа быць лепшаю антытэзаю сьмерцi, чым паветраны шар? Нiхто й блiзка ня думаў, што ў нас будуць забiваць амэрыканскiх спартоўцаў. Нiхто й блiзка не дапускаў, што можа памерцi Барыс Сачанка.

Пасьля такога здарэньня, якое зноў ня можна ўсьвядомiць, пачынаеш шукаць вачыма наўкола - а хто ж застаўся? Да каго яшчэ можна прыйсьцi табе, цi то леваму, цi то праваму - любому, i хто б не выстаўляўся перад табой уласнай пэрсонай, а думаў, як з тваiх жаданьняў вырабiць толк. Сачанка не павучаў, а даваў зразумець...

Я пачынаю новае апiсаньне, хоць сэнс ня ў гэтым. Сэнс у тым - для мяне асабiста - што гэта быў адзiны чалавек з старэйшага пакаленьня, зь якiм мяне не лучыла нiчога, акрамя мовы. I нiчога, акрамя мовы, не было iстотнае ў гэтай лучнасьцi. Анi там характар, анi рэгалii, анi ўзрост з досьведам. Магчыма, таму Барыс Сачанка быў для мяне сябрам? Бо аднае мовы было дастаткова, каб зьявiлася патрэба гаварыць, сустракацца, даваць i атрымваць пачуцьцё адзiнства, надзейнасьцi, жыцьцёвасьцi тваiх вычытаных у кнiжках думак.

Да iншых старэйшых заўсёды цяжка было прабiцца. Гаворыш, а нiякае еднасьцi табе не перадаецца. Можа быць, маё пакаленьне так доўга бурапенiла й бурапенiць ад таго, што дагэтуль яно як бы не прызнанае, не прынятае, i цяпер ужо будзе прынятае й прызнанае толькi бiялягiчным парадкам. Ня стану дашуквацца, чый тут комплекс - старэйшых цi наш. Мабыць, позна пра гэта гаварыць. I гаворыцца толькi дзеля таго, што ў Барыса Сачанкi такога комплексу не было. Якi-небудзь апальны студэнт iшоў да партыйнага й лiтаратурнага начальнiка i сустракаў на гэтай верхатуры афiцыёзнага жыцьця разуменьне сваiх беларускiх iдэй, мараў i страхаў. Наш студэнцiк пасьля гэтага выходзiў у людзi бяз страты сваiх перакананьняў i прынцыпаў. Бо тут знаходзiўся такi шлях, на якiм такое было магчымае.

... Нiчога ня буду казаць пра "дзiрку ў працёртым палатне культуры". Сьмерць правакуе на прыгожыя словы. Але гэтая прыгажосьць дзеля суцяшэньня сама ведае, што не суцешыць. Бо замены Сачанку - нi ў якой яго iпастасi - няма.

* * *

I я вяртаюся ў Лiтву, каб распавесьцi пра яшчэ адзiн паветраны шар гэтага сэзону.

Лiтва, нiбы адмыслова дзеля Беларусi, стварае хрэстаматыйныя iлюстрацыi - узоры быту нацыянальнай дзяржавы. Лiтва - выдатнiца ў школе постсавецкiх народаў, акуратная й старанная, прагная да вучобы, яна пераходзiць з клясы ў клясу, павялiчваючы адлегласьць ад трэцягоднiцы-Беларусi, якая прагульвае ўрокi, як прагульвае iх неахайная дзяўчынка ў заношанай школьнай форме - прагульвае не дзеля кiно цi нейкiх iншых забаваў, а дзеля самога прагульваньня. I гэтаксама, як дзяўчынка-трэцягоднiца, Беларусь недалюбвае Лiтву, пазьбягае гэтай стараньнiцы, якая марыць паступiць ва ўнiвэрсытэт аб'яднанай Эўропы, бо сама Беларусь ня марыць нi пра што.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)