Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ
- Автор: Дубавец Сергей Иванович
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ». Краткое содержание книги:
ЗНАКI ПРЫПЫНКУ
Калi я вучыўся ў школе, я вельмi не любiў, каб простая мова пачыналася з двухроп'я й двукосься. Я цярпець ня мог... Iншая рэч - абзац i працяжнiк. I нават выбiраючы ў бiблiятэцы кнiжкi, я заўсёды аддаваў перавагу тым, у якiх было болей абзацаў i простая мова пачыналася з працяжнiка. Цяпер, вядома, ужо даўно ўсё ня так i нават наадварот, а тады...
Магчыма, мая нялюбасьць дыктавалася тым, што ў школьных дыктоўках мы абавязкова павiнны былi простую мову пачынаць з двукроп'я й двукосься, а ня йнакш. Школьная ж веда трывала асацыявалася для мяне з самой школай, у якой не было i, паводле агульнага перакананьня, не магло быць нiчога цiкавага. I мы мусiлi ставiць гэтыя клятыя двукосьсi. Нiбыта простая мова была чымсь несапраўдным, iлжывым альбо iранiчным.
А можа, прычына маёй нялюбасьцi была ў самых знаках прыпынку, якiя падсьведама ўяўлялiся знакамi зьняволеньня. Загад настаўнiка "Адкрыць двукосьсе!" гучаў як каманда "Адкрыць камэру!" "Закрыць двукосьсе!" - "Закрыць камэру!"
Зусiм iнакш успрымаўся абзац - знак пачатку, i працяжнiк - знак паветра. Гэта былi знакi свабоды.
Шмат гадоў пазьней, у савецкiм войску, па турмах я часта чуў выкрык салдата i афiцэра "ВВ", зьвернуты да зьняволеных: "Шум в камере!" I мне здавалася, што я чую самыя гэтыя двукосьсi, у якiя заключаўся выкрык, нiбы двукосьсi - загучалi.
У той самы час я заўважыў, што ў афiцыйных дакумэнтах - розных пратаколах, тлумачальных запiсках, заявах, - простая мова нiколi не пачынаецца з працяжнiка. Працяжнiк застаўся толькi ў мастацкай лiтаратуры цi ў тэкстах, якiя пiсалiся ад сябе альбо для сябе. Бо толькi ў такiх тэкстах можа жыць свабода...
МАСТАЦТВА НЕНАРОДЖАНЫХ
Калi ня думаць сёньня пра тых, хто пiша ўчора...
Гэтыя прыходзяць нiадкуль i ў нiкуды. Маладая лiтаратура... Ёй ня дадзена адлiчваць сябе ад папярэднiкаў, няма нават куды паставiць нагу. Папярэднiкi намацвалi тут глебу, але не пакiнулi вехаў, i балота зноў зацягнулася раскай...
Вучыцца ў клясыкаў? Але што выбiраць? У клясыкаў усё зьбiтае ў адно й разам пакрытае лякам. Клясыка ня ведае праблемаў самавыяўленьня. Вучыцца ў фальклёру? Але ён сам сёньня ня ведае сябе; аганiзуе, прыпудраны афiцыёзьнiкамi ды нэафiтамi. Вучыцца на Захадзе? Але Захад - terra incognita...
Iх нiхто не нараджаў, яны не паклiканыя анi папярэдняй лiтаратурай, анi нацыянальнай традыцыяй, анi нават шырокiмi лiтаратурнымi стэрэатыпамi...
Iх няма, але яны не пустата... У слове няма - факт iхнае прысутнасьцi.
Што будзе пасьля соцрэалiзму? Постмадэрнiзм? Гульня стыляў - тое, чым сёньня ўжо можна назваць усё... Постсоцрэалiзм?
Новая лiтаратура шукае сябе ў перакладзе расейскамоўнай гарадзкой рэчаiснасьцi на беларускую мову. Яе наканаваньне - прымiтывiзм, самавуцтва, "мэтодыка тыку". Старэйшыя пазiраюць на iх зь недаверам - цi ж выжывуць?
Можна было здагадвацца, што будзе канфлiкт або што пераемнасьцi ня будзе, але каб настолькi...
Пашыраная беларуская зьява найноўшага часу - бацька не пакiдае сыну нiчога iстотнага: нi дому, нi справы, нi капiталу, - i кожнае пакаленьне пачынае спачатку. Тое самае ў лiтаратуры. Але гэта - канстатацыя, а не апраўданьне.
Разам з тым, усё гэта аб'ядноўваецца ў пэўную агульнасьць. З школьных твораў гэта ўжо пачынае афармляцца ў лiтаратуру. Але гэта школа, у якой настаўнiкi схавалiся ад вучняў.
Можна здагадвацца пра тое, што iм балiць, але яны толькi здагадваюцца пра гэта самi. Нiчога не сьцьвярджаюць i нiчога не адмаўляюць.
- Скажыце мне, што вы ёсьць.
- Мы ёсьць!!! - яны крычаць гэта так, быццам ад таго, цi iх пачуюць, i сапраўды залежыць, ёсьць яны цi не. Але iх не чуваць.
- Скажыце, што вы ёсьць. Дайце якi-небудзь знак. Распалiце вогнiшчы. Калi вы жывыя... Хоць бы паварушыце рукой...
СЭЗОН ПАВЕТРАНЫХ ШАРОЎ
Ёсьць здарэньнi, якiя ня можна ўсьвядомiць. Мы iх толькi апiсваем. Гэта як апiсальны пераклад. Слова вырай выпроствае iстоту з ног да галавы, як бы вырастае ў табе, яно стала часткай твае сутнасьцi. Па-расейску яго можна перакласьцi толькi апiсальна: теплые края, перелетные птицы, время отлета...
Вайдас Даўнiс загiнуў у вiленскiм Нагорным парку на сьвяце паветраплаваньня. Ён не пасьпеў забрацца ў кошык, калi шар сарвала зь месца. Ён толькi зачапiўся й вiсеў на руках. Калi вышыня стала ўжо невыратоўная, за сто мэтраў, калега схапiў яго за куртку. Вайдас адпусьцiў рукi й высьлiзнуў з адзежы... Засталося ў яго пяцёра дзяцей.
Так выглядае "апiсальны пераклад" таго, што здарылася ўлетку, але што не даецца ўсьведамленьню. Нехта назваў ягоную сьмерць недарэчнай, нехта - артыстычнай. Што да мяне, дык я так i не паверыў. I не таму, што ня быў тады ў парку. Проста бываюць рэчы, усьведамляць якiя няма анi сэнсу, анi тым больш жаданьня. Адразу пачынаеш разважаць: хто гэтым усiм кiруе? А такiя развагi нi да чаго не прыводзяць.