Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ
- Автор: Дубавец Сергей Иванович
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ». Краткое содержание книги:
I вось сёлета, у пачатку верасьня, у рэдакцыю "Нашай Нівы" прыйшоў лiст. Без зваротнага адрасу й бяз даты. Тэкст надрукаваны на беларускай машынцы i толькi подпiс акуратна выведзены асадкай: Мiрольд Камiнскi:
"Паважаны Спадар Рэдактар,
Самы паганы, самы хлусьлiвы й самаедзкi беларускi верш перакладзены на 80 моваў сьвету.
Гэты верш - ключ, якiм у ХХ ст. была знутры замкнутая беларуская iдэя. Вось чаму ў 94-м яна ўжо не магла даць нiкога iншага, апроч Лукашэнкi, у 95-м - нiякага iншага адказу на рэфэрэндум, вось чаму Беларусь ня здолее не далучыцца да Расеi.
Усё iншае ў ёй памiрае, забiтае, затыкнутае, затрамбаванае гэтай крыўдай з лапцямi. Салодкi мазахiзм эстэцкага паэта, якi нiколi (!) не насiў лапцi i быў заўсёднiкам установаў, куды й блiзка не падпускалi тых, хто "людзьмi ня зваўся".
Ён быў болей генiй, чым чалавек. Монстар у бязвольным аблiччы. У яго ёсьць боскiя вершы, але на 80 моваў сьвету перакладзены верш сатанiнскi, вусьцiшна-гульлiвы, швэйцарскi. Так ён выставiў свой народ за дзьверы "Штраля"...
За Шушкевiчам гэты верш ня быў выключаны з нашых школьных праграмаў. I таму нашы школьныя праграмы цяпер выключаюць са школаў.
Гэты верш быў вiрусам, якi выглядаў на жывую клетку, але таiў пры гэтым сваю сьмертаносную атруту, выклiкаў iмунадэфiцыт у нашым нацыянальным арганiзме. Пакуль не паралiзаваў усё. Ягоная генiяльнасьць - гэта генiяльнасьць разбурэньня. Урэшце гэты верш матэрыялiзаваўся ў першай асобе доўгачаканай беларускай дзяржавы.
Ён сьпявае бяз нотаў, але побач зь iм глохне кансэрваторская прафэсура. Ён грае ў свой паляўнiчы ражок, i бязвольныя казулi статкамi iдуць на ягонае граньне. Але нi ён, нi яны ня робяць гэта ўсьвядомлена.
Трэба сказаць сабе праўду: Беларусь будзе далучаная да Расеi. Няма такой волi, якая б перашкодзiла гэтаму. Дый не было такой волi нiколi. Можа, таму, што воля - гэта заўсёды неўсьвядомленая сiла? Яна нараджаецца як музыка. I ўзьдзейнiчае як музыка. А мы занадта рацыяналiстычны народ. Мы ня ўмеем верыць у Бога.
Трэба сказаць сабе праўду: беларуская мова памрэ. Нiхто сур'ёзна ня стане размаўляць на ёй. Яна памрэ, як толькi пакiне вёску. У горадзе нiхто - самыя заўзятыя моўнiкi (паглядзiце сабе ў вочы) не размаўляюць на ёй сур'ёзна. Сур'ёзна па-беларуску магла гаварыць толькi вёска. Пакуль не навучылася па-iншаму.
Трэба сказаць сабе праўду: беларуская iдэя - фiкцыя, якая так i ня стала рэальнасьцю. Наш спэктакаль зацягнуўся. Нашы жарты даўно сталi хлусьнёю.
Нацыя нараджаецца зь любовi й сьмерцi. Яна - ня тая iдэя, якая дазваляе спазнаць сьвет. Таму нацыянальная iдэя - не для пазнаньня, а дзеля шчасьця.
Трэба сказаць сабе праўду... Калi нас далучаць да Расеi, калi памрэ мова i беларуская iдэя разьвеецца як ранiшнi туман, - тады мы будзем са скураю зьдзiраць зь сябе гэтую маску бязвольнага генiя i крывёю змываць таўро "людзьмi звацца".
Калi толькi маска не ўрасла ў касьцяк".
ГIБЕЛЬ ТЫТАНIКА
Вайна скончылася ў 1944-м. Вось калi ў Беларусi пачаўся савецкi пэрыяд. Дагэтуль беларушчына, так цi гэтак, а йснавала на гэтай зямлi - прадукавалася, змагалася, сьцьвярджала сябе. Пасьля зьнiшчэньня нацдэмаў у 30-я гады, тут яшчэ дзеiлi тытаны беларушчыны й варушылася нейкае падпольле. У Заходняй працавалi гiмназiя, музэй, друк, арганiзацыi. Нават фатальны ўдар 1939-га ня зьнiшчыў усiх. А што засталося - зноў павыходзiла на сьвет у вайну. Зноў пачало прадукаваць, пладзiцца, расьцi. Але ў 44-м быў нанесены сакрушальны ўдар. Усё жывое было альбо зьнiшчанае, альбо выехала за мяжу. Тут - на цэлыя 50 гадоў запанавала мёртвая цiшыня. Ня стала тытанаў, а якiя й засталiся, дык або пераставалi быць тытанамi, або станавiлiся тытанамi сыстэмы. Астатнiя, каму дзiвам удалося выжыць, зашывалiся хто-куды i ўжо думаць ня сьмелi пра адраджэнскую дзейнасьць.
Iх цiхае лiставаньне, прапахлы лекамi быт пажылых людзей, падбiтых у канцлягерох, зьмена прафэсiяў - ва ўсiм гэтым бачныя сьляды вымушанага распаду колiшняе беларушчыны. Для яе наступiлi новыя часы, якiя не маглi не адбiцца на яе зьмесьце й сутнасьцi. Беларушчына з наступальнiка ператварылася ў акружэнца, якi альбо цiха прымыкаў да атакоўцаў (з таемным намерам "хоць неяк паўплываць"), альбо прыкiдваўся мужыком з суседняе вёскi, якi тут выпадкова нагледжвае палянку для пашы. Тое, што буяла ў дарэвалюцыйныя й даваенныя часы, цяпер падарванае й панявечанае, думала толькі пра адно - каб выжыць. Ужо не адраджэнцы, а проста людзi натуральна чаплялiся за йснаваньне - хто за сыстэму, хто за колiшнiх паплечнiкаў, а найчасьцей - за сваякоў, за сабес. I такi "выбар" ня быў уласна выбарам. Цi не адзiным прыкладам нацыянальнага стаiцызму насуперак сыстэме стала Ларыса Генiюш.