Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ
- Автор: Дубавец Сергей Иванович
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ». Краткое содержание книги:
Цяпер для мяне ня так iстотна ды вызначальна, хто я - сноб, iнфантыл, уцякач, здраднiк. Гэтаму ўжо можна здраджваць. Нiбыта пасьля доўгае хваробы мне вярнуўся першапачатковы сэнс iдэi: беларушчына - гэта творчасьць. Шматгадовыя ваганьнi й прыблiзны сэнс адраджэнства склалiся ў адзiную прычыну паразы на пераможным шляху. Цяпер я ведаю, чаму нашыя першыя сапраўды шчасьлiвыя хвiлiны далучэньня да яе сталiся з часам для многiх з нас неахвотным мэханiчным дзеяньнем - руцiнаю "адраджэньня". Але першапрычыны такое мэтамарфозы - у колiшнiм часе, на пачатку стагодзьдзя. Там, разам з усiм, што ў нас ёсьць, закладзеныя падвалiны Мёртвага Дому беларускай iдэi.
Цяпер я ўпершыню зьбiраю да кучы тыя пытаньнi, на якiя ў розныя гады стараўся не дашуквацца адказу. Напрыклад, чаму нашыя вялiкiя паэты-прарокi, i першы зь iх - Купала, зусiм невядомыя ў сьвеце? Iх iмёнаў няма ў шэрагу Ўiтмэнаў з Апалiнэрамi... (Праз доўгi час я пераконваў сябе, маўляў, ёсьць клясыка сусьветная i - для ўнутранага карыстаньня, для служебного пользования. Але перачытваць вершы пра долю беларускага мужыка, напiсаныя ў раскошным вiленскiм рэстаране, не хацелася нiколi. Хацелася - калi не пэйзажныя й любоўныя, дык жорсткiя, мужныя, ваяўнiчыя.) Чаму такi пазытыўны твор беларушчыны, як "Адвечным шляхам" I.Абдзiраловiча, так настойлiва iгнаруецца тымi, хто вершыць сёньня тое адраджэньне? I самае-самае: чаму для мовы, культуры, нацыянальнае сьведамасьцi няма годнае сустрэчы з боку людзей? Калi гэта дзiва (а такiм яно адкрылася нам), дык яно мусiла б быць жаданым дзiвам i для астатнiх...
Я ведаю мноства самапераканальных, гiпнатычных адказаў на гэтыя пытаньнi. Але яны не даюць выйсьця. Мне ж трэба, каб гэтыя пытаньнi аднойчы перасталi стаяць. Хай паўстануць наступныя.
Купала - заснавальнiк традыцыi й заснавальнiк заганы. Дойлiд Мёртвага Дому. Гэта ён - найвялiкшы пясьняр нацыi й адначасова - галоўны iдэоляг руцiны (варта параўнаць сьветлую й жывую "Нашу Нiву" А.Уласава з сухой, пратакольнай газэтай, рэдактарам якой стаў Купала). Калi ў пачатку стагодзьдзя (i крыху раней) узьнiкла ўнутранае процiборства ў рыфмiчнай пбры памiж воляй i доляй, беларушчына зазнала самы iмклiвы свой узьлёт i тут жа - сваю злаякасную пухлiну. Выяўленьне волi цi пошукi долi? Гэта й значыла - творчасьць цi руцiна? Гаспадар цi просьбiт, утрыманец? Валоданьне сваёй сытуацыяй цi маўклiвы пратэст супраць аб'ектыўных прычынаў? (Аб'ектыўныя прычыны бываюць толькi ў аб'екта.) Таленту цi нават проста жаданьня не хапiла, i перамагло другое. Пошукi долi. Лiтаратурныя й палiтычныя мэтры пачалi множыцца, капiявацца, набiраць штаты - у большасьцi на сацыяльную нажыўку. Выяўленьне волi паступова стала выключэньнем з правiлаў беларушчыны, магiстралю якое занялi пошукi долi. Гэтак славутая "Пагоня" стала выключэньнем у грамадзянскай паэзii М.Багдановiча.
I тады прагучаў клiч: шукаць! Не будавацца, ня ўзворваць, а шукаць! Дзе? Вядома ж, на шляхох. Беларускi шлях! Ня дом, а гасьцiнец, брук, бальшак. З гэтага паўстала цэлая фiлязофiя валацугаў, што мыкаюцца без кала й без двара. Сяк-так дацягнулi да БНР. Але выенчваньне долi ўжо запаланiла розум, i рушылi ў шлях. Савецкi час i сытуацыя Заходняй Беларусi канчаткова вымелi з традыцыi волю ў абодвух яе значэньнях. Доля стала сымбалем экстэнсiўнага, заняпаднага "росквiту". Да нашых дзён.
Адрозьненьне хiба ў тым, што на пачатку стагодзьдзя пад сьцягi шукальнiкаў долi йшоў сацыяльна заклапочаны элемэнт, а сёньня пад тыя самыя сьцягi зьбiраецца элемэнт дэклясаваны. Жорсткая насьмешка гiсторыi, карыкатура, уедная мэтафара: "Наша Доля", першая газэта беларускага адраджэньня, сёньня стала органам таварыства iнвалiдаў...
Фiлязофiя бадзякаў. Незалежнасьць на маршы. Шлях, рух, фронт... Вечныя Вандроўнiкi. Вось прапанаваныя крытэрыi, прастора, мэнтальнасьць, у якiх iснуе сёньня беларуская iдэя. Абветраная, выцьвiлая, усiхная. Яна на шляху. Дом яе Мёртвы. Замест новых Луцкевiчаў, Уласавых, Канчэўскiх сюды найшлi казённыя людзi са сваiмi камiсарамi. Квазiбальшавiкi, амаральныя маралiзатары, людзi-рэчы, бывшие в употреблении учарашнiя камунiсты, службiсты, кар'ерысты-аўтсайдэры. Мроеную й жаданую, сьветлую iдэю яны гвалтуюць як прадажную самадайку i, як у тым анэкдоце, лепяць ёй на заднiцу свае бухгальтарскiя штампы. Ня дзеля таго, каб прысвоiць цi адзначыцца, а толькi каб прыпадобнiць да сябе.