Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ
- Автор: Дубавец Сергей Иванович
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Дзёньнік прыватнага чалавека. Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ». Краткое содержание книги:
Жывыя людзi абмiнаюць гэты Мёртвы Дом. Бог даў Беларусi ня толькi самае горшае ў сьвеце начальства, але й самых нiкчэмных патрыётаў, самых баязьлiвых палiтыкаў, самых бязвольных змагароў...
Яшчэ ўчора руцiннасьць гэтага руху ратаваў арэол падпольля. Але ўжо колькi гадоў як гэты арэол разьвеяўся. I што ж змагары? Дагэтуль па ўсёй Беларусi стаяць стоды ранейшае iдэалёгii (цi гэта камунiсты вiнаватыя, што не прыбралi?), так i ня ўзгоднены памiж адраджэнцамi правапiс роднай мовы, ня створана дзяржаўная iдэалёгiя беларускага парадку. Нiчога ня створана. Уся дзейнасьць змагароў - гэта апэляцыi да наяўнае ўлады, якую яны называюць незаконнай. Гэта тыя ж крыкi пра долю. I нiводнага свайго валявога рашэньня.
У гэтай фiлязофii ёсьць i свае спадзевы (вось, вырастуць дзецi, тады...), i свае апраўданьнi (жывем дзеля Бацькаўшчыны). Але гэта фiлязофiя адмаўленьня творчасьцi. Яна - тыя няўздымныя кайданы, у якiх даклыпала да нашых дзён беларуская Iдэя Мёртвага Дому.
А я ўсё думаў - як зьвязаць творчасьць паэтаў майго пакаленьня з творчасьцю ўсiх гэтых панчанкаў, камейшаў, макалёў? Памiж iмi - прорва. Як знайсьцi агульную мову з апазыцыяй, што абрала сабе такi непрывабны iмiдж i чыя iдэйная прадуктыўнасьць уся - ад адваротнага, ад агiднага, ад сваркi на гэтых ленiнаў, камунiстаў i г.д., але бяз калiва чыну ў адказ.
Мне шкада маiх сяброў, якiя колiсь зазналi тую першую радасьць усьведамленьня. Многiя зь iх адыйшлi ад беларушчыны. Але найболей шкада тых, што засталiся, што заглушылi свае творчыя поклiчы й прынялi правiлы Мёртвага Дому. Яны папалiся на множаньнi, на рэпрынтах.
Яшчэ гадоў 10 таму фатакопii твораў Луцкевiча, Станкевiча, Варонкi... прыносiлi асалоду здабыткаў. Але сёньня самая iдэя вяртаньня - гэта прафанацыя. Ну, надрукавалi вершы Булака-Балаховiча й Езавiтава - што далей? Магутная iнэрцыя выцягвае энэргiю на ўсё новыя брашуркi... I няма iм канца. Рэпрынты, перадрукi, публiкаткi... Складнiкi фiлязофii руцiны. Рэпрынтная палiтыка, рэпрынтныя адраджэнцы... Быццам сабралiся паўтарыць усё, што так доўга ляжала ў спэцсховах. Паўтарыць адраджэньне тых - з тайным цi яўным помыслам апраўдаць уласную нятворчасьць. Нiбы за выратавальнае кола, хапаюцца яны за тыя прозьвiшчы, назвы, рэчы... I ўсё адно тонуць. Добраахвотныя паўпрэды Купалы й Крэчэўскага. Iмiтацыя паэзii, палiтыкi, дзейнасьцi, выкананьня абавязку перад бацькаўшчынай, перад iдэаламi ўласнае маладосьцi.
Копiя з копii - правiла Мёртвага Дому. Ужо даўно множыцца тое, чаго нiхто нiколi не чытаў i не прачытае - нават самi капiявальнiкi.
I ўсё ж маё адкрыцьцё гэтага ўсяго нагадвае мне маё першае адкрыцьцё Дзiва беларушчыны. Я адкрыў ня Мёртвы Дом. Наўзбоч ад яго зьявiлiся новыя жывыя парасткi выяўленьня волi. Паэты, музыкi, настаўнiкi... Яны ёсьць. I на гэты раз яны ўжо ведаюць сабе цану ды нiзавошта ня выйдуць на бiты шлях.
Раней, раз-пораз зазiраючы ў гэты тупiк, я казаў сабе - ня блытай жанры. У iх дыдактычна-асьветнiцкая задача, у цябе - чыста творчая. Цяпер я бачу, што гэта ня жанры, а два розныя сьветапогляды: руцiна i творчасьць. У кожным свая дыдактыка, асьвета й свае фiкцыi. Калi Беларусь перастае быць сынонiмам творчасьцi, яна становiцца сынонiмам Мёртвага Дому. I мне няма чаго там рабiць. Я йду даглядаць парасткi волi. Традыцыю, якую мы мусiм запачаткоўваць у палiтыцы, навуцы, паэзii. На разьвiтаньне ў мяне няма слоў. Ёсьць апошнi зборнiк паэзii Глёбуса, "Скрыжаваньне", - як апэльсын, кiнуты ў шыбiну Мёртвага Дому...
МIРОЛЬД КАМIНСКI
... Гэта было гадоў 10-15 таму. У Менску, у пустым двары памiж домам Ваньковiча й Домам масонаў шараю гадзiнай мы, студэнты, праводзiлi свой першы сьпiрытычны сэанс. Ведаеце, прага пазнаньня, цiкавасьць да патаемнага, вострыя ўражаньнi i ўсё такое. Здавалася, яшчэ трохi - i памiж старых муроў пазьяўляюцца сапраўдныя прывiды. У той вечар мы выклiкалi дух Янкi Купалы. Зразумела, што першае наша пытаньне было: назавеце вашых забойцаў, Iван Дамiнiкавiч.
У двары павiсла мёртвая цiшыня, мы стаiлi дыханьне, захвалявалася самое паветра. Сподак скрануўся пад нашымi пальцамi i пачаў соўгацца па кругу, усё хутчэй i хутчэй. Мы ледзь пасьпявалi складаць лiтары: Мiрольд Камiнскi...
Пазьней у нас шмат пiсалi пра гiбель Купалы. У 1942-м годзе паэт упаў у лесьвiчны пралёт маскоўскага гатэлю й разьбiўся. Было выказана мноства вэрсiяў: энкавэдэ, немцы, выпадковасьць, самагубства... Адно з раньнiх i ўжо забытых меркаваньняў: сьмерць Купалы - на сумленьнi беларускiх нацыяналiстаў. Прозьвiшча, якое мы даведалiся на сьпiрытычным сэансе, нiколi й нiдзе больш ня згадвалася.
Паступова жарсьцi вакол гiбелi паэта ўлеглiся. Адыйшлi ў лепшы сьвет два найбольш кампэтэнтныя дасьледнiкi гэтага таемнага эпiзоду нацыянальнай гiсторыi - Георгi Колас i Барыс Сачанка. Але загадка так i засталася загадкаю.